Вы тут

«Беларусьфільм» прадставіў два аўтарскія фільмы


Пакуль мы глядзелі і ацэньвалі «Шахцёраў» Віктара Аслюка, «Лебедзяў» Галіны Адамовіч і «Полацкі вальс» Вольгі Дашук, Нацыянальная кінастудыя завяршала работу над яшчэ двума дакументальнымі фільмамі. Гэтым разам у цэнтры ўвагі дзвюх рэжысёрак — Наталлі Жамойдзік і зноў жа Галіны Адамовіч — аказаліся сям'я, што ўсынавіла дзіця, і Веньямін Бычкоўскі з вёскі Бабровічы з яго незвычайнымі памкненнямі і поглядам на жыццё.


Кадр з фільма «Вядо».

«На «Беларусьфільме» стала зашмат дэмакратыі», — сказаў прадстаўнік кінастудыі, і сапраўды бачна, у прыватнасці ў дачыненні да дакументальнага кіно, што тут стала больш прасторы. У параўнанні з папярэднімі, не вельмі прадукцыйнымі мінулымі гадамі, студыя неігравога кіно «Летапіс» паспела заняцца і аўтарскімі праектамі (з пераменным поспехам), і тэлевізійным лікбезам, і ў меншай ступені афіцыйнымі заказамі.

Два новыя фільмы — аўтарскія, то-бок створаныя па прапанаваных рэжысёрамі тэмах, што яшчэ раз паказвае, быццам жорсткае дыктаванне ўмоў засталося ў мінулым. Гэта далёка не значыць вырашэнне ўсіх праблем, але паказвае, што некаторыя зрухі да лепшага магчымыя і залежаць яны, напэўна, ад асобы (асоб?).

Невядома, у якіх умовах, з якім бюджэтам і за колькі здымачных дзён стваралася «Адна сям'я» Наталлі Жамойдзік, бо гэта застаецца «балючым пытаннем» кінастудыі, але ж і творчая задача ў гэтым выпадку на вялікія абшары не разлічвала. Аўтары пачалі аповед ад моманту, калі сям'я забрала хлопчыка з дзіцячага дома і крыху пажылі з іх новым уладкаваннем.

Новыя клопаты для бацькоў, новае жыццё для хлопчыка, школа, наведванне брата і сястры ў іншых сем'ях, размова з псіхолагам — гледачу літаральна паведамілі, што некаторыя сем'і ўсынаўляюць дзяцей. Сорак хвілін на інфармацыю, проста-павярхоўнасць, фіксацыю наваколля, толькі дакументальнае кіно здольнае на большае — на ўсе магчымыя тупікі, супярэчнасці і глыбіні жыцця.

Затое «Адна сям'я» адыграла сваю дакументальнасць напоўніцу: усе размовы быццам схопленыя камерай, калі трэба агучыць новыя сямейныя абставіны — калі ласка псіхолаг і візіты да такіх жа прыёмных сямей.

Карціна «Вядо» па назве возера і мясцін, у якіх жыве галоўны герой, больш рознагалосая, супярэчлівая і візуальна прывабная, ды пад «Троіцу», але часам штучная. Веньямін Бычкоўскі ў свой час з Расіі пераехаў у беларускую вёску, пачаў збіраць артэфакты, што выносяцца пяском (калекцыя ўражвае), пабудаваў капліцу, тым часам ажаніўся і займеў двух сыноў.

Галіна Адамовіч за цікавым персанажам убачыла сямейную драму і змагла раскруціць тэму ў часам кур'ёзнае рэчышча. Мы бачым Веньяміна, а таксама яго жонку, у момант, калі яны ўжо не жывуць разам, і маем магчымасць пачуць поўныя асабістых пачуццяў прыязныя аповеды аб адным і тым жа. Мантаж дапамагае падкрэсліць супрацьлегласць, рознасць персанажаў выклікае ўсмешку, іх аповеды прымушаюць вагацца паміж дзвюма пазіцыямі. Карацей, такое неадназначнае жыццё.

Стаўленне да выхавання дзяцей мае выклікаць найбольшы ўнутраны канфлікт гледача. «Сумняваюся, што мае дзеці стануць больш разумнымі і таленавітымі, чым я», — кажа галоўны герой, які быццам павінен ацаніць, ці вартыя яны яго бацькоўскай любові. Маляўнічыя краявіды, нечаканая магія месца ды пастановачныя эпізоды з Веньямінам каля сваёй капліцы прынамсі маюць справу з тымі самымі супярэчнасцямі жыцця, заўважыць якія нам выпадае не заўсёды.

Зараз «Летапіс» займаецца адразу некалькімі праектамі, сярод якіх і работы маладых аўтараў — навічкоў на кінастудыі, і нашых мэтраў, што ставяць свой талент і досвед супраць неспрыяльных акалічнасцяў кінастудыі. Больш за тое, наступны альманах — на «Беларусьфільме» было створана ўжо два альманахі маладых аўтараў — збірае дакументалістаў. Новыя фільмы будуць прадстаўлены па выніках года.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Загаловак у газеце: «Сумняваюся, што мае дзеці больш таленавітыя, чым я»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».