Вы тут

Чыстыя, без «хіміі» прадукты гарантуюць бяспеку нашаму арганізму


Усё больш людзей ва ўсім свеце схіляюцца да здаровага ладу жыцця, які ўключае цэлы комплекс складнікаў. У тым ліку і культуру харчавання, якая падразумявае ўжыванне ў ежу арганічных прадуктаў. Менавіта чыстыя, без «хіміі» прадукты гарантуюць бяспеку нашаму арганізму.


Арганічная прадукцыя ўтрымлівае значна больш спажыўных рэчываў і вітамінаў, чым вырашчаная традыцыйным шляхам з выкарыстаннем хімічных угнаенняў. «Беларусы пакуль не прывучаны да арганічных прадуктаў. Многія проста не разумеюць, чаму павінны плаціць больш, чым за звычайныя прадукты. Неабходны час, каб людзі зразумелі, што за здароўе трэба галасаваць рублём», — лічыць заснавальнік і кіраўнік сялянска-фермерскай гаспадаркі (СФК) «ДАК», што ў Дзяржынскім раёне, Дзмітрый Крылоў.

Гаспадарка з'яўляецца найбуйнейшым племянным прадпрыемствам па развядзенні коз зааненскай пароды. На сённяшні дзень іх тут утрымліваецца тысяча. «ДАК» выпускае толькі натуральную малочную прадукцыю, якая максімальна набліжана да групы арганічных прадуктаў. Цяпер у «ДАК» налічваецца больш за 100 гектараў зямлі, у тым ліку 87 гектараў выкарыстоўваецца для пасеву сельгаскультур. Фермерская гаспадарка валодае адзіным арганічным сертыфікатам на раслінаводства. Зямля апрацоўваецца без выкарыстання хімікатаў і мінеральных угнаенняў, што дазваляе забяспечваць жывёлу арганічнымі кармамі. Але пакуль часткова. Астатняе зерне закупляецца. Цягам часу Дзмітрый Крылоў плануе сертыфікаваць статак і вытворчасць прадукцыі і цалкам перайсці на выраб арганічных прадуктаў з «белага золата».

Зрэшты, да арганічнага земляробства ў фермерскай гаспадарцы ішлі вельмі доўга. З 2004-га, калі пачалі займацца вырошчваннем коз. Падрыхтоўчы перыяд зацягнуўся на некалькі гадоў, пакуль атрымалі атэстат Еўрапейскага саюза. Штогод гаспадарку наведвае інспектар, які бярэ аналізы проб зямлі, непасрэдна аглядае расліны. Усё карпатліва правяраецца на рэшткі пестыцыдаў, аналізуюцца таксама севазвароты, якія выкарыстоўваюцца, унясенне арганічных угнаенняў у выглядзе гною, таму што галоўная мэта кантролю — не дапусціць выкарыстання хімічных прэпатараў для барацьбы са шкоднікамі раслін, павышаных доз гною, які ўтрымлівае азот. Бо ён можа разбурацца да мачавіны і іншых элементаў, як нітраты і нітрыты. Усё гэта назапашваецца зямлёй і перадаецца ў прадукцыю. У такім выпадку яе нельга лічыць арганічнай. Таму, перш чым ачысціць, аздаравіць зямлю, змагацца з пустазеллем давялося толькі з дапамогай біятэхналогій.

У перспектыве фермер плануе заняцца яшчэ і вытворчасцю арганічнай агародніны. Гэтую ідэю ён пачарпнуў пры наведванні калег са Злучаных Штатаў Амерыкі. Фермеры, якія займаюцца арганічным земляробствам, аб'яднаныя ў кааператыў. Вясной яны фарміруюць заказы сярод патэнцыйных спажыўцоў. Яны ўносяць грашовы аванс, а затым на працягу пэўнага тэрміну кожны тыдзень кааператыў дастаўляе ім 10-кілаграмовую каробку арганічных вітамінаў са зніжкай. Перавага гэтага метаду ў тым, што заказчык атрымлівае свежую агародніну і зеляніну, так бы мовіць адразу з градкі, з першых рук. А вытворца цягам часу назапашвае фінансы для будучай пасяўной. «У нас пакуль такога кантакту з насельніцтвам няма. Неабходна прававое рэгуляванне гэтага пытання», — кажа Дзмітрый Крылоў.

На сённяшні дзень у Беларусі каля дваццаці сельгасарганізацый, асабістых дапаможных і фермерскіх гаспадарак, якія займаюцца арганічным земляробствам. Гэта, бясспрэчна, мала. Але па меры таго, як будзе змяняцца культура харчавання беларусаў, колькасць «арганічных» вытворцаў павялічыцца. Не варта забываць і пра тое, што натуральная, якасная прадукцыя запатрабаваная за мяжой. А гэта — экспартны патэнцыял.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: За здароўе неабходна галасаваць рублём

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.