Вы тут

Лукашэнка і Курц адкрылі помнік аўстрыйскім ахвярам нацызму


Вялізны камень, расколаты на дзесяць частак. Дзесяць асколкаў — гэта пералік чыгуначных саставаў, на якіх людзей прывозілі на месца расправы, у лагер «Трасцянец», дзесяць тысяч — гэта прыблізная колькасць загубленых там аўстрыйцаў яўрэйскага паходжання. Новы манумент змяшчае імёны ахвяр, таму і носіць адпаведную назву «Масіў імёнаў». Помнік стаў яшчэ адной скульптурай, усталяванай у мемарыяльным комплексе «Трасцянец», які ўключае ў сябе аднайменны былы лагер смерці, крэматорый ва ўрочышчы Шашкоўка і брацкія могілкі ва ўрочышчы Благаўшчына. У чэрвені мінулага года ў мітынгу-рэквіеме ў Благаўшчыне ўдзельнічалі прэзідэнты Беларусі, Германіі і Аўстрыі.


Сёння ў мемарыяльным комплексе, які мае агульнаеўрапейскае значэнне, новы манумент адкрылі Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і Федэральны канцлер Аўстрыі Себасцьян Курц.

«Народы Беларусі і Аўстрыі, як і ўсе народы Еўропы, перажылі агульную крывавую трагедыю Другой сусветнай вайны. Мільёны грамадзян нашых краін сталі ахвярамі нацысцкай палітыкі генацыду. Сёння нас аб'ядналі боль памяці і покліч сумлення, маральны і чалавечы абавязак, адказнасць за лёсы будучых пакаленняў. Злачынствы, здзейсненыя гітлераўцамі, уражваюць сваёй бязмежнай жорсткасцю. Вар'яцкія, антыгуманныя ідэі фашыстаў увасобіліся ў дзяржаўнай палітыцы Трэцяга рэйха. Для «пашырэння жыццёвай прасторы на ўсход» былі распрацаваны падрабязныя планы. Яны абапіраліся на дасягненні навукова-тэхнічнага прагрэсу і жахалі сваёй педантычнасцю. Расавыя законы прызналі непатрэбным існаванне мільёнаў людзей», — сказаў Аляксандр Лукашэнка на цырымоніі адкрыцця.

Забойства людзей у канцэнтрацыйных лагерах было пастаўлена на паток, таму іх называлі «фабрыкамі смерці». І адна з іх знаходзілася ў Малым Трасцянцы.

«На гэтай самай зямлі была пралітая кроў многіх дзясяткаў тысяч бязвінных ахвяр, сярод якіх — дэпартаваныя грамадзяне з краін Еўропы, мірныя жыхары, партызаны, падпольшчыкі, савецкія ваеннапалонныя», — падкрэсліў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Прэзідэнт назваў гады акупацыі адной з самых трагічных старонак у гісторыі.

«Памяць аб загінулых у барацьбе за свабоду і незалежнасць Радзімы, за вызваленне планеты ад карычневай чумы, памяць аб ахвярах нацызму для нашага народа свяшчэнная. Беражлівыя адносіны да яе сталі часткай нацыянальнай ідэі», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Асэнсаванне ўрокаў Другой сусветнай вайны знаходзіць адлюстраванне і ў міралюбівай палітыцы Беларусі, у паслядоўным і шчырым імкненні беларусаў уносіць уклад ва ўрэгуляванне канфліктаў, зніжэнне напружанасці праз садзейнічанне дыялогу і супрацоўніцтву ў рэгіёне і свеце.

Па словах кіраўніка беларускай дзяржавы, стварэнне ў Трасцянцы мемарыяла агульнаеўрапейскай значнасці — гэта вынік сумесных намаганняў беларускай дзяржавы, палітыкаў і грамадскіх дзеячаў, прадстаўнікоў рэлігійных арганізацый, кіраўніцтва і жыхароў гарадоў Еўропы і, канешне ж, сведкаў тых часоў, якія выжылі, родных загінулых.

«Мы з вялікім уздымам і гатоўнасцю падтрымалі ініцыятыву нашых аўстрыйскіх сяброў, перш за ўсё прэзідэнта Аўстрыі, канцлера Аўстрыі, і партнёраў устанавіць манумент у памяць аб грамадзянах Аўстрыі, якія загінулі ў лагеры смерці «Трасцянец», — расказаў Прэзідэнт Беларусі. — Манумент «Масіў імёнаў», які мы адкрываем сёння, не проста вяртае з небыцця імёны тысяч ахвяр. Ён сімвалізуе імкненне новых пакаленняў ведаць аб трагічным лёсе сваіх продкаў і захоўваць памяць аб іх».

У сваю чаргу Федэральны канцлер Аўстрыі Себасцьян Курц адзначыў: «Афіцыйная Аўстрыя — я, на жаль, вымушаны гэта прызнаць — вельмі доўгі час уносіла свой уклад у тое, што мы гэтак доўга так мала ведалі аб гэтай трагедыі. Мы пазбягалі адказнасці, аднак сёння мы зрабілі важны крок да таго, каб памятаць пра тыя падзеі, якія адбываліся тут, памятаць пра тых людзей, у якіх спачатку адабралі маёмасць, а затым іх свабоду, і ў рэшце рэшт адабралі тут іх жыццё. Мы ніколі не забудзем гэта месца і яго назву. Яно падкрэслівае нашу адданасць дэвізу «Ніколі больш», — сказаў Себасцьян Курц.

Падчас цырымоніі адкрыцця помніка спадарыня Вальтраўд Бартан, кіраўнік венскага аб'яднання «Заўсёды памятаць аб Малым Трасцянцы», зачытала імёны ахвяр, якія нарадзіліся 28 сакавіка. Затым галоўны кантар аўстрыйскай сталіцы Шмуэль Барзілай зачытаў памінальную малітву — кадыш.

Пасля гэтага Аляксандр Лукашэнка, Себасцьян Курц, прысутныя госці ўсклалі кветкі да помніка.

Мемарыял «Масіў імёнаў» створаны на сродкі Ведамства Федэральнага канцлера Аўстрыі і Нацыянальнага фонду Аўстрыі для ахвяр нацыянал-сацыялізму. Канцэпцыю распрацаваў архітэктар з гэтай краіны — Даніэль Занвальд, а ўвасобіў ідэю ў скульптуру з фібрабетону беларус Канстанцін Касцючэнка.

Марыя ДАДАЛКА

Фота БелТА

Загаловак у газеце: Агульнаеўрапейская памяць

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.