Складаючы рэйтынгі кіно, кожнае профільнае выданне або рэсурс выбірае свае крытэрыі: ХХ стагоддзе альбо толькі апошнія 10 гадоў, ацаніць касавыя зборы альбо колькасць атрыманых кінапрэмій... Напярэдадні Дня смеху «Звязда» прапануе чарговую і, безумоўна, суб'ектыўную падборку найлепшых савецкіх камедый, якія многія з нас помняць, пяшчотна любяць і з задавальненнем пераглядаюць.
«Вяселле ў Малінаўцы»
Украіна, 20-я гады мінулага стагоддзя. Вяселле Андрэйкі і Ярыны пад пагрозай зрыву, бо да дзяўчыны заляцаецца мясцовы атаман, а папросту галава бандыцкай хеўры Грыцыян Таўрычаскі. Але тут у справу ўмешваюцца чырвонаармейцы, былы артылерыст і кемлівасць мясцовых вяскоўцаў — і нашы, як вядзецца, перамагаюць.
Адтуль: «І што гэта я ў цябе такі закаханы?»
Самая смешная сцэна: танец «у ту стэп».
«Брыльянтавая рука»
Фільму пра ўзорнага сем'яніна Сямён Сямёныча Гарбункова, які адправіўся ў замежную паездку і міжволі аказаўся ўцягнуты ў аперацыю супраць кантрабандыстаў, споўнілася 50 гадоў, а папулярнасці ён па-ранейшаму не страчвае. У далёкім жа 1969-м яго паглядзелі ў кінатэатрах 76,7 мільёна гледачоў, што дазволіла фільму стаць адной з самых касавых камедый у СССР!
Адтуль: «Не ведаю, як там у Лондане, я не была... А ў нас домакіраўнік — сябар чалавека!»
Самая смешная сцэна: пасядзелкі ў рэстаране.
«Іван Васілевіч мяняе прафесію»
Хтосьці марыць хоць ненадоўга стаць царом, а хтосьці не ведае, што рабіць з такім шчасцем. Напрыклад, пенсіянер-актывіст Іван Васілевіч Бунша, які ў выніку фантастычнага эксперымента суседа-вынаходніка выпадкова памяняўся месцамі і ролямі не з кім-небудзь, а з самім Іаанам Грозным. Дадайце сюды аферыста Міласлаўскага, рэжысёра Якіна, мітусню ў часе і прасторы — камедыя-хіт 1973 года гатовая! А ці многія з вас ведаюць, што фільм зняты паводле п'есы Міхаіла Булгакава, з-за чаго многія эпізоды ў ім цэнзура патрабавала выразаць або перарабіць?
Адтуль: «Ікра чорная, ікра чырвоная, ікра заморская — баклажанная».
Самая смешная сцэна: размова цара і Якіна.
«Аперацыя «Ы» і іншыя прыгоды Шурыка»
Студэнт Шурык з зайздроснай рэгулярнасцю трапляе ў прыгоды — то рамантычныя, здаючы экзамен з дапамогай сімпатычнай сакурсніцы Ліды, то забаўныя, «перавыхоўваючы» на будаўнічай пляцоўцы дармаеда Федзю, а то і небяспечныя, падмяняючы на начным дзяжурстве сваю кватэраўласніцу, бабульку — «божы дзьмухавец». Гісторыі пра Шурыка і неразлучнае трыа з Труса, Балбеса і Бывалага толькі ў год прэм'еры фільма ўбачылі больш за 69,5 мільёна гледачоў, а ў найбуйнейшай у свеце інтэрнэт-базе кінафільмаў ІMDb стужка мае рэйтынг 8,6 з 10.
Адтуль: «Трэба, Федзя, трэба!»
Самая смешная сцэна: пагоня на будаўнічай пляцоўцы.
«Джэнтльмены ўдачы»
Пошукі скрадзенага шлема Аляксандра Македонскага маглі б стаць захапляльным дэтэктывам. Але ў рэжысёра Аляксандра Серага сталі камедыяй, у якой дырэктар дзіцячага садка Трошкін літаральна ўлазіць у шкуру рэцыдывіста Дацэнта і, трапіўшы ў злачынную шайку, незаўважна «перавыхоўвае» яе ўдзельнікаў. Фільм адметны яшчэ і тым, што прыдуманая яго аўтарамі «блатная мова», далёкая ад сапраўднага крымінальнага свету, насамрэч пайшла ў народ і змяніла лексікон многіх людзей.
Адтуль: «Кіна не будзе, электрычнасць скончылася!»
Самая смешная сцэна: уцёкі з турмы.
А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.
Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.
«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».