Вы тут

У бізнесе ўсё ўжо прыдумана, і поспех можа пачацца з «чужой» справы


Стандартная сітуацыя: ёсць чалавек, у яго ёсць жаданне стаць прадпрымальнікам. З чаго пачаць? І тут да паслуг навічка-бізнесмена прыходзіць франчайзінг. У Беларусі прапануюць франшызы кампаніі на любы густ: ад упрыгожанняў да аздараўлення.


Адкрыць уласную справу з гарантаваным поспехам можна ў любым пункце краіны. «У невялікім горадзе гэта нават прасцей, — тлумачыць заснавальнік інтэлектуальнай гульні, франчайзер Аляксандр Ханін. — Чым меншы населены пункт, тым таннейшая франшыза і лягчэй знайсці агульную мову з другімі бакамі ў арганізацыйных пытаннях».

Здараецца і так, што франчайзі пачынаюць з абласных цэнтраў і далучаюць раёны. Так, паб-квіз стаў папулярны ў Гродне — і «захапіў» Шчучын. А там таксама працуюць людзі, і нават тры новыя рабочыя месцы — гэта тры ўладкаваныя чалавекі. Ды і зарабіць у рэгіёнах прасцей: канкурэнтаў няшмат.

Аляксандр падкрэслівае: мясцовыя ўлады ніводнаму новаму прадпрыемству не замінаюць — калі ласка, развівайся, пашырай бізнес.

Павышэнню інфармаванасці і агульнай культуры бізнесу паслужыла выстаўка франшыз у рамках ІV Тыдня беларускага прадпрымальніцтва.

Для прадпрымальнікаў у рэгіёнах працаваць пад ужо раскручаным брэндам — адзін з самых дзейсных спосабаў канкурыраваць з буйнымі гульцамі, што адкрываюць філіялы па ўсёй краіне.

На выстаўцы тыя, хто толькі пачынае бізнес, маглі адшукаць прапановы на любы бюджэт — у каталогу асацыяцыі «Белфранчайзінг» цана на гатовы бізнес стартуе з тысячы рублёў. Як адзначыла старшыня асацыяцыі Вольга Лявонцьева, колькасць кампаній за няпоўныя дзесяць гадоў узрасла з трох да амаль дзевяноста. На яе думку, франшыза — ідэальны інструмент для новай справы, бо заснаваны на партнёрстве, а скарыстацца чужой ідэяй можна легальна і да ўзаемнай выгады.

У бізнес-інтэнсіве ўзялі ўдзел больш за 150 прадпрымальнікаў з усіх рэгіёнаў Беларусі. Удзельнікі ўпэўніліся, што франшыза — гэта той выпадак, калі лезці не ў сваю справу — добра, правільна і прыбыткова.

Варвара МАРОЗАВА

Загаловак у газеце: Купі сабе работу

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.