Вы тут

Вакацыі на Французскай Рыўеры. Частка 2


У бок Манака

Я выправілася ў Манака, адну з самых маленькіх дзяржаў у свеце, калі знаходзілася ў Ніцы. Гэтая краіна для многіх — увасабленне раскошы, прыгожага жыцця, дзе дарагія яхты, буцікі, рэстараны з мішленаўскай кухняй. Аднак з адметнасцямі краіны можна знаёміцца і не алігархам. У Манака ехала звычайным гарадскім аўтобусам № 100. Ён ідзе з Ніцы, ягоны канцавы прыпынак — невялікі гарадок Ментан на мяжы Францыі і Італіі. Кошт паездкі — 1,5 еўра ў адзін бок і столькі ж — у другі. Усё даступна — была б ахвота!


Марсэль. Інтэр'ер сабора Нотр-дам-дэ-ля-Гард.

Адзінае — для пачатку трэба знайсці канцавы прыпынак аўтобуса ў Ніцы. А для таго — абысці Замкавы ўзгорак, вежу Белунда і прайсці пешшу 4—5 кіламетры. Праўда, іншых варыянтаў няма. Але ж дарога надзвычай маляўнічая. Крочыш уздоўж порта Лімпія, дыхаеш марскім паветрам, разглядаеш яхты, малыя і прадстаўнічыя.

Паміж Ніцай і Манака — усяго 20 кіламетраў, ехаць гадзіну. Дарога пакручастая, бясконцыя перапады вышыні. Узбярэжжа вельмі прыгожае. Нагадвае ўзбярэжжа Адрыятыкі побач з Будвай і Дуброўнікам, якія пашчасціла ўбачыць раней. За кожным паваротам адкрываюцца нечаканыя і шыкоўныя далягляды. Мора, горы, зеляніна… Разумееш, чаму Манака ўспрымаецца казачнай краінай. Праўда, пасажыры, якія заходзілі ці выходзілі на прыпынках, відавочна, не належалі да багацеяў. Звычайна апранутыя, з торбамі, у якіх прадукты. Дзеці-падлеткі з рукзачкамі — значыць, са школы. Па дарозе трапляюцца звычайныя дамысядзібы, аднаі двухпавярховыя.

Сад, опера і памяць пра Дзягілева

Меркавала агледзець у Манака шмат годных аб’ектаў. Але па дарозе пераканалася: адмежкі між прыпынкамі вялікія, дарога вузкая, тратуараў увогуле няма. Як тады ісці? Хапае пылу, бо паўсюль ідзе будоўля. Наўрад ці гэта офісныя будынкі, хутчэй за ўсё ўзводзяцца новыя атэлі.

Таму вырашыла не спяшаючыся пахадзіць па тэрыторыі, якая называецца Монтэ-Карла. Гэта вядомая турыстычная зона княства. Менавіта тут знаходзяцца Казіно Монтэ-Карла і Опера Монтэ-Карла. Абодва будынкі ўзведзеныя па праекце архітэктара Шарля Гарнье — таго, які ўзвёў парыжскую Гранд-апера. Цікава: жыхарам Манака забараняецца іграць у казіно, і гэта разумнае рашэнне. Заходзіць у будынак казіно ахвоты не было, я абыякавая да азартных гульняў. У дадатак для такіх памяшканняў патрабуецца пэўны дрэс-код, а зусім не джынсы з майкай.

Затое было цікава паблукаць па плошчах перад будынкамі, дзе бруяцца фантаны, растуць велізарныя кактусы і пальмы, набыць у краме ілюстраваны альбом «Лазурный берег. Знакомство и история» ўсяго за 12 еўра. Прыемна няспешна ісці па парку і шматузроўневых лесвіцах. З многіх кропак набярэжнай адкрываўся захапляльны від на порт Манака, шматлікія караблі. Нечакана бачу мемарыяльную дошку, усталяваную ў знак таго, што ў будынку оперы ў свой час выступала трупа «Рускага балета» пад кіраўніцтвам Сяргея Дзягілева. У такія моманты адчуваеш нечаканы і хвалюючы дотык да падзей, якія адбыліся амаль сто гадоў таму.

Сустрэча з Шагалам

У апошні дзень знаходжання ў Ніцы адбылася яшчэ адна сустрэча. З творчасцю нашага суайчыніка Марка Шагала. Як вядома, менавіта ў Ніцы знаходзіцца яго знакаміты музей «Біблейскае пасланне». Але для пачатку музей трэба адшукаць. Карта горада дробная, музей нібы і недалёка ад майго атэля, але на скрыжаванні многіх дарог. Іду некалькі кварталаў, уздымаюся па доўгай і крутой лесвіцы, выходжу на ажыўленую трасу з патокам машын. Яе трэба перайсці на іншы бок. Нарэшце трапляюцца ўказальнікі на французскай, якую не ведаю. Але здагадваюся, што крочу правільна.

Адначасова думаю: мастакоў заўжды прываблівалі і дагэтуль прывабліваюць мясціны, дзе навакольны пейзаж змяняецца амаль імгненна. Спалучэнне ў адным краявідзе мора, неба і гор абумоўлівае найлепшыя і найбольш моцныя колеравыя і каларыстычныя эфекты. Вярнуўшыся ў Мінск, даведалася: пейзажы Блакітнага (або «Лазурного», калі па-руску) берага пісалі Каро, Дэлакруа, Манэ, Пікаса, Суцін, Тулуз-Латрэк, Дэга. Сярод пісьменікаў, якія жылі тут стала ці пэўны час, згадаем Бальзака, Флабэра, Мапасана, Мерымэ, Аляксандра Дзюма, Мантэня, Бадлера, братоў Ганкураў, Поля Валеры, Метэрлінка. Як бачым, пералік унушальны, тут прадстаўлена ці не ўся французская літаратура.

Але вярнуся да Шагала. Будынак, дзе знаходзіцца музей, узведзены спецыяльна, па праекце Андрэ Эрмана ў 1972-м. Тут знаходзіцца самая вялікая ў свеце пастаянная калекцыя твораў мастака, што нарадзіўся ў Віцебску. Іх Шагал падараваў дзяржаве — 17 агромністых па памеры карцін. З іх дванаццаць прысвечаны біблейскім персанажам, а яшчэ 5 ілюструюць «Песню песень». Над імі мастак працаваў 13 гадоў.

Грошай за квіток з мяне не ўзялі, патлумачыўшы: не ўсе залы адчыненыя. Непадалёк ад касы — крама, дзе на паліцах шмат кніг, прысвечаных нашаму суайчынніку. Яго біяграфіі, напісаныя навукова і папулярна, даследаванні, выданні для дзяцей — усе з фрагментамі твораў Шагала на вокладках. Музей пакінуў моцнае ўражанне. Прасторнасцю плошчы, прадуманасцю, павагай, з якой прэзентаваны маштабныя палотны. Наяўнасцю экскурсаводаў, якія тлумачаць сэнс, гісторыю стварэння кожнай карціны нават невялікім групам у 3—5 чалавек.

Зразумела, найбольшае ўражанне робяць самі карціны. Як і вітражы ці мазаіка ў двары будынка. Мо таму, што раней не бачыла іх «ужывую». Мо таму, што яны адлюстроўваюць менавіта шагалаўскую манеру пісьма і сістэму пабудовы карцін, да якіх трэба ўзняцца, каб атрымліваць непараўнальную мастацкую асалоду.

Пра што яшчэ думалася ў музеі Шагала? Пра тое, што здарылася б з мастаком, каб ён не з’ехаў з Віцебска. Яго лёс мог скласціся трагічна. Або ён трапіў бы ў молах рэпрэсій у 30-я гады. Ці загінуў у час Айчыннай вайны. Калі б, на шчасце, ацалеў, дык мог стацца ахвярай барацьбы з «бязроднымі касмапалітамі», што разгарнулася ў СССР ў 50-я. У любым выпадку многія яго творы, вядомыя па ўсім свеце, якія лічацца класікай, проста не з’явіліся б. Таму варта падзякаваць Францыі, якая мастака прытуліла і стварыла ўмовы, каб ягоны талент разгарнуўся ва ўсю моц.

У той самы дзень паспела яшчэ наведаць музей Анры Маціса. Да яго ад музея Шагала ісці кіламетраў пяць. Лабірынтамі вуліц. Дакладна яго не знайшла б, але ў музеі Шагала звярнула ўвагу на рускамоўную пару турыстаў. Калі яны выйшлі з першага музея і відавочна пакрочылі ў бок другога, я, што называецца, «села ім на хвост». І крочыла ўслед, хоць і на адлегласці. Сама экспазіцыя музея Маціса, класіка французскага мастацтва, уразіла меней, чым экспазіцыя Шагала. Але што здзівіла? Велізарная павага да ўласных творцаў, якіх успрымаюць як гонар нацыі. Імкненне прадставіць іх надзіва эфектна. Уявіце: музей — трохпавярховая віла, што стаіць сярод саду, пабудаваная ў генуэзскім стылі ў XVII стагоддзі. Музей адкрылі адносна нядаўна, у 1993-м. У ім няма цеснаты, якую адчуваеш у многіх айчынных музеях, бо ў іх замала экспазіцыйнай плошчы. Тут прасторна, свабодна. Прадстаўлены творы Маціса, яго рэчы, дакументы, кнігі, фатаграфіі. У адным з залаў малявалі дзеці разам з настаўніцай. Ну, што тут скажаш? Можна пазайздросіць, але штосьці і пераняць.

Марсэль і водар мора

Падчас падарожжа на Французскай Рыўеры мяне чакаў яшчэ адзін горад — Марсэль, услаўлены ў свой час Аляксандрам Дзюма ў яго рамане «Граф МонтэКрыста». Менавіта ў Марсэлі пачынаецца дзеянне твора.

Цікава: у Ніцы ўмовы майго жыцця былі досыць сціплыя, але горад пакінуў фантастычнае ўражанне радасці і суцэльнага свята. У Марсэлі жыла ў шыкоўным нумары, дзе я была адна і ніхто не мільгаў перад вачыма. Але горад менш уразіў, падаўся дзелавым і заклапочаным. Праўда, маляўнічым, бо ўвесь цэнтр пабудаваны на ўзгорках.

Зрэшты кожны горад выклікае пэўныя асацыяцыі. Кожны мае адметны водар. У Бруселя, напрыклад, гэта водар гарачых — з пылу з жару — вафляў. У Вене пануе одар кавы, марцыпанавых булачак і яблычных пірагоў. А ў цэнтры Марсэля дамінуе моцны пах мора і свежай рыбы. Пераканалася, калі на прыступках экскалатара толькі ўздымалася з метро. І нават не ступіла на зямлю. Тлумачэнне простае — побач порт. І ўздоўж берага стаяць гандляры свежай, нядаўна злоўленай рыбай. Цікава прайсціся і паглядзець на рыбку белую, серабрыстую, ружовую, малую і агромністую, якая луской блішчыць на сонцы.

Стэнд з кнігамі ў музеі Шагала.

Самымі яркімі ўражаннямі Марсэля аказаліся порт, кола агляду, на якое абавязкова хацелася ўзабрацца і праехаць, каб убачыць з вышыні цэнтр і планіроўку вуліц. І, вядома ж, базіліка Нотр-дам-дэ-ля-Гард, якая дамінуе над горадам. Яна відаць амаль з усіх кропак горада. І хоць разумееш, што ўсе шляхі вядуць да храма, але мэтанакіравана ад порта і да сабора я ішла мо гадзіну, а мо і паўтары. Пад’ём надзвычай круты, час ад часу даводзілася спыняцца, каб аддыхацца. Праўда, калі нарэшце ўздымешся на аглядную пляцоўку, адкрываецца сапраўды неверагодная панарама — мора, невялікія астравы, кварталы дамоў унізе, порт удалечыні. Дый інтэр’еры базілікі, пабудаванай не так даўно, у другой палове XIX стагоддзя, уражваюць. Нотрдам-дэ-ля-Гард лічыцца адметнасцю Марсэля, якую наведваюць найбольш часта.

Дарога дадому

Шлях у Беларусь аказаўся не такі лёгкі і просты, як у Францыю, з Вільні ў Ніцу. У французскім Німе, куды я прыехала з Марсэля, аэрапорт невялікі. І амаль пусты. Першы з двух маіх самалётаў спазніўся аж на дзве газіны. Таму, хто з Німа трапіў у свой пункт прызначэння, яму што? Ну, падумаеш, на дзве гадзіны пазней! Але ў Брусэлі мяне чакаў — і не дачакаўся — яшчэ адзін борт. Ён паляцеў па раскладзе, але, на жаль, без мяне. Вось і апынулася я познім вечарам у аэрапорце бельгійскага Шарлеруа без усялякай надзеі трапіць у Мінск хоць бы на заўтра.

У рэшце рэшт усё склалася, да радзімы даехала. Дзве ночы правяла ў хостэле Шарлеруа, а паміж імі неспадзявана ўзнік дзень, праведзены ў сталіцы Бельгіі. Чароўны, хоць амаль зімовы, нязвыклы пасля цеплыні і пяшчоты Лігурыйскага ўзбярэжжа. Але ж ці здараюцца падарожжы без прыгод? Вядома, яны прымушаюць згарэць пэўную колькасць нервовых клетак, ды праз пэўны час менавіта прыгоды і неспадзяванкі застаюцца ў памяці яркай карцінкай. Уражанне, што Французская Рыўера ніяк не хацела мяне адпускаць...

Таццяна МУШЫНСКАЯ, фота аўтара

Частка 1

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.