Вы тут

Як працуе школьная бізнес-кампанія «РЫТМ»


У невялікім Крэўскім яслях — садзе — сярэдняй школе, што на Смаргоншчыне, заўсёды шумна, весела і натхняльна. Яго «жыхары» не проста выхаванцы, навучэнцы ці педагогі, а сапраўдная сям'я! Разам ездзяць у падарожжы, ладзяць мерапрыемствы, конкурсы, рэалізуюць розныя праекты. І нават ... прадпрымальніцтвам разам займаюцца! Ужо чацвёрты год там працуе школьная бізнес-кампанія «РЫТМ». Вырабляючы і прадаючы сувеніры, дзеці не столькі вучацца зарабляць, колькі набываюць карысны досвед, шукаюць у сабе тую самую прадпрымальніцкую жылку.


Праект стартаваў у 2016 годзе ў рамках праграмы «Пашырэнне эканамічных магчымасцяў у сельскай Беларусі», які ладзіўся ўстановай «Новая Еўразія» пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза і фонду «Еўразія».

Дапамагаюць дзецям засвоіць бізнес-асновы дырэктар навучальнай установы Таццяна Францаўна Копыш і настаўніца рускай мовы і літаратуры Жанна Яўгенаўна Аракчэева. Летась дырэктар вяла факультатыўны курс «Асновы фінансавай адукаванасці» ў дзявятым класе: усе дзеці, што вучыліся ў ім, засталіся ў бізнес-кампаніі. Разам яны нават зрабілі цэлы слоўнік-даведнік эканамічных тэрмінаў! «Дзецям было сапраўды цікава працаваць над ім, — кажа Таццяна Францаўна. — Мы ўзялі за аснову спецыялізаваны падручнік і дадалі туды сваё».

Сёлета курс разлічаны для пяцікласнікаў. Дырэктар вучыць дзяцей эканоміцы сям'і, праводзіць анкетаванне, тлумачыць, адкуль кішэнныя грошы бяруцца, распавядае іх гісторыю. А Жанна Яўгенаўна — кіраўнік бізнес-кампаніі, ідэйны натхняльнік, «завадатар» у дзяцей і падлеткаў.

У калектыве звычайна не больш за дванаццаць чалавек. Прыйсці працаваць можа любы ахвотны ад чатырнаццаці гадоў. Рэкламай кампаніі займацца не трэба: «Школа маленькая, мы ўсе адзін аднаго вельмі добра ведаем», — кажа настаўніца. У ёй ёсць майстры — навучэнцы дзявятых-дзясятых класаў, і падмайстры — маленькія дзеткі, якія пакуль што проста вучацца вырабляць сувеніры. Збіраюцца хлопцы і дзяўчаты ці пасля ўрокаў, ці ў суботу. Але большую частку прадукцыі вырабляюць на канікулах.

Асаблівых уменняў пры «паступленні» ў бізнес-кампанію не патрабуецца. У любым выпадку туды прыходзяць тыя, у каго ёсць творчыя задаткі. Самая важная якасць — жаданне пазнаваць новае, развівацца, рэалізоўваць сябе.

Што ж вырабляюць навучэнцы? Асартымент даволі шырокі: абярэгі, падушкі, павязкі, сурвэткі... А яшчэ майстры рыхтуюцца рабіць сувеніры да Еўрапейскіх гульняў.

Сам працэс вышывання, атмасфера, якая пануе сярод вучняў, спрыяе добраму настрою. За вялікімі сталамі падчас шпаркай справы яны спяваюць, жартуюць, абменьваюцца навінамі.

— Я заўважыла, што, калі мы працуем над нацыянальнай вышыўкай, — расказвае Жанна Яўгенаўна, — ніхто не ўключае ні адной сучаснай песні! Мы даведваемся пра значэнне сімвалаў, іх гісторыю.

Першымі пакупнікамі прадукцыі былі бацькі навучэнцаў. «Мы прыйшлі да іх, каб атрымаць першы ўрок прадпрымальніцтва, — успамінаюць дырэктар і настаўніца. — Бацькі былі здзіўленыя! Паглядзелі, на што мы здольныя, убачылі тое, што раней у сваіх дзецях не заўважалі. І, вядома ж, падтрымалі нас».

Цяпер сувеніры купляюць наведвальнікі кірмашоў і мерапрыемстваў, у якіх удзельнічаюць маленькія бізнесмены. Падтрымліваюць школьнікаў і выпускнікі, бо самі там калісьці працавалі. «На апошнім кірмашы мы сабралі больш за ўсіх грошай, — хваліцца Жанна Яўгенаўна, — Сапраўдны цуд, бо туды ж з'ехаліся і дарослыя майстры: ганчары, рамеснікі, іншыя прадпрымальнікі».

Пасля продажу вырабаў дзеці самі займаюцца грашовымі падлікамі. Канешне, выходзіць не так многа, як хацелася б. Але сабраныя сродкі прыносяць карысць школе, на іх жа закупляюцца і матэрыялы для далейшай работы.

— Самі сувеніры недарагія: пяцьдзясят капеек — рубель, — расказвае настаўніца. — Але нам і не трэба многа. Галоўнае — не зарабіць і не навучыць гандлявць. А максімальна развіць нашых выхаванцаў, расказаць аб правільным размеркаванні грошай. Падрыхтаваць да дарослага жыцця.

Юлія АДАМОВІЧ, студэнтка ІV курса факультэта журналістыкі БДУ

Загаловак у газеце: Прадпрымальніцтва — у «РЫТМЕ»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?