Вы тут

Цана любові


...Першы раз жонка прывяла яго да нас у кватэру, калі мяне не было дома. Хоць я неаднойчы прасіў гэтага не рабіць... Не паслухала... Толькі праз нейкі час прызналася, што той гасцюе амаль падчас кожнай маёй адсутнасці. Мабыць, дзякуючы гэтаму неўзабаве ён увогуле зрабіўся нахабным да крайнасці — пачаў заяўляцца ўжо нават тады, калі я быў дома! Уяўляеце? Прычым, паводзіў сябе даволі дзёрзка: лямантаваў на ўвесь голас у тамбуры, патрабуючы, каб яго пусцілі ўнутр, нават за дзвярную ручку з усёй сілы тузаў! Што заставалася рабіць — аднойчы адкрыў яму... І хоць ён мяне па-ранейшаму пабойваецца (ну, дык а хто ў кватэры альфа-самец?!), але, з аглядкай, пачаў паводзіць сябе ў нашым жыллі па-гаспадарску. Агледзіць усё, а потым і «на бакавую» можа заваліцца, усім выглядам паказваючы, што прыйшоў «усур'ёз і надоўга». А адным разам увогуле выпадак быў... Па звычцы запусціў яго ў кватэру, сам сеў за стол снедаць. Жонка паставіла талеркі, але сама яшчэ завіхалася каля пліты. І тут бачу, як той спакойна ўсаджваецца... насупраць мяне за стол, на жончына месца...


Нядаўна мяне здзівіла навіна пра тое, што 58-гадовы тайскі мільянер размясціў у сацыяльных сетках аб'яву, у якой заявіў: узнагародзіць патэнцыяльнага жаніха сваёй 26-гадовай дачкі, выплаціўшы яму 10 мільёнаў батаў у якасці пасагу для сваёй спадчынніцы. У пачатку красавіка будзе праведзены адбор сярод сотні кандыдатаў. («— Наталля, колькі ў вас было мужоў? — Сваіх?») Мільянер растлумачыў гэты крок тым, што стаміўся чакаць, калі крывінка ашчаслівіць яго — выйдзе замуж. («Бацькі 30-гадовай Дашы так хацелі ўнукаў, што забаранілі дачцэ начаваць дома».) Праўда, спакушацца пасагам будучаму мужу наўрад ці варта: дачка бізнесмена дала зразумець, што «прызавыя» хацела б патраціць на пластычныя аперацыі ў Карэі. («— Мілы, які дарагі падарунак, дзякуй! Адкуль у цябе столькі грошай? — Я прадаў усе шкарпэткі, якія ты мне дарыла на 23 лютага...») Так што ў выпадку заключэння шлюбнага саюзу наўрад ці хто зможа западозрыць жаніха ў карыслівасці. («Хаджу на работу. Думаў, што з-за грошай. Прааналізаваў бухгалтарскія раздрукоўкі... Ды не, па любові...»)

А вось польская мадэль з Лондана Паўліна Кэндзі ўжо патрацілася на пластыку, аддаўшы 50 тысяч фунтаў, у тым ліку і на павелічэнне грудзей да восьмага памеру. Па яе словах, многія аперацыі былі зроблены на грошы мужчын, з якімі яна сустракалася. Маўляў, тыя прасілі «палепшыць» тую ці іншую частку цела, і яна ім не магла адмовіць. («Надпісы ў пад'ездзе падказалі бацькам Машы, што ў яе ўсё ж такі ёсць хлопчык, і прытым не адзін».) І што ў выніку? І хоць 24-гадовая дзяўчына расказвае пра вялікую чаргу прыхільнікаў, сама ж адначасова пацвярджае ўласную самотнасць і гаворыць, што многія пачалі параўноўваць яе з парназоркай. Справа ў тым, што мадэль перасталі ўспрымаць усур'ёз, бо «Барбі» стала выглядаць занадта задзірліва. («— Мужчына, сумуеце? — Але не настолькі ж!»)

А вось яшчэ адзін прыклад на тэму цаны любові. Брытанка Джэйн Парк шэсць гадоў таму выйграла ў латарэю мільён фунтаў стэрлінгаў. А вось у справах амурных ёй зусім не шанцуе: з 17 гадоў дзяўчына не можа знайсці спадарожніка жыцця. Каб хутчэй сустрэць сваё каханне, Джэйн пачала шукаць хлопца за... грошы. Яна гатова плаціць «саіскальніку» 60 тысяч фунтаў у год. Гэтыя сродкі «жаніх» можа смела траціць на падарункі для «нявесты», а таксама на паходы па рэстаранах. Цікавы падыход, праўда? («Я заўсёды бяру дзве бутэлечкі піва. Адну для сябе, другую — мне».)

У нас рэаліі куды больш празаічныя, без гэтых доларавых і фунтавых складнікаў. Напрыклад, увосень мінулага года гамяльчанін, каб зрабіць прыемнае жонцы, проста... скраў мопса каля крамы. Мала таго, што на мужчыну была заведзена крымінальная справа, дык сюрпрызу ўсё роўна не атрымалася: зладзюжка пераблытаў мопса з французскім бульдогам, а менавіта гэтую пароду любіла яго жонка. («Сапраўдны мужчына — гэта той, хто, стукнуўшы кулаком па стале, можа сказаць: хочаш ці не, але я купляю табе новае футра!») Ці вось зусім свежы прыклад. Напярэдадні нядаўняга жаночага свята зноў жа жыхар Гомеля скраў ад крамы велізарнага плюшавага мядзведзя — у падарунак сваёй жанчыне. Каханне, як бачна, кіруе многімі, вось толькі цана ў яго — розная...

...А, дык хто панадзіўся хадзіць да нас у кватэру? Вялікі рыжы суседскі кот. Жонка часта даглядае яго ў адсутнасць гаспадароў: на выхадныя там, падчас водпуску апошніх. Корміць, прыбірае за ім. Жывёла і прывязалася да маёй другой палавінкі. Неяк тая запрасіла «суседа» да нас у госці, а таму спадабалася. Дарэчы, ён сапраўды навучыўся скакаць на ручку ўваходных дзвярэй (спачатку ў сваёй кватэры, мабыць, ад самоты, калі быў адзін). Ведаеце, з улікам яго вагі тое «тузанне» атрымліваецца даволі пераканаўчым... Калі жонка аднойчы папярэджвала суседзяў, што іх гадаванец у нас затрымліваецца, дык агаварылася: «Наш кот... Вой, ваш кот!» На што суседка паправіла: «Наш кот!» Вось так той зараз і жыве на дзве кватэры. Прыходзіць ранкам ці ўвечары, каб атрымаць дадатковую порцыю любові. Ну, і хіба яшчэ жменьку корму...

Кастусь ХАЦЕЛАЎ-ЗМАГЕЛАЎ

Фо­та Над­зеі НІ­КА­ЛА­Е­ВАЙ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».