Вы тут

Краса і сіла Асвейскага краю


Асвейшчына вядомая не толькі сваімі асаблівымі краявідамі, але і багаццем фаўны – звярамі і птушкамі. І ў першую чаргу – аленямі-прыгажунамі. Калі ехаць уздоўж Асвейскага возера ў бок беларуска-расійскай мяжы, можна назіраць, як гэтыя статныя жывёлы пасуцца на прылеглых да дарогі палях – па адным, па два, а то і цэлай чарадою. Сваім годным выглядам яны ўпрыгожваюць узгорыстыя ландшафты паўночнага рэгіёну Беларусі, прымушаюць спыніць машыну і пацешыцца малюнкамі жывой прыроды. Нярэдка можна ўбачыць, як алені выходзяць на лясную дарогу, прыслухоўваюцца да гукаў, ловяць паветра, прынюхваюцца. А адчуўшы небяспеку, знікаюць на сваіх патаемных сцяжынках. Дзякуючы мясцовай паляўнічай гаспадарцы, якая месціцца ў рэспубліканскіх заказніках “Асвейскі” і “Чырвоны Бор”, папуляцыя высакародных аленяў тут не толькі аднавілася, але і значна ўзрасла. Яны сталі паўнапраўным сімвалам азёрнага краю.

З пачатку верасня і амаль да сярэдзіны кастрычніка лясы, ускрайкі балотаў і ўзвышшы Асвейшчыны агалошваюцца гучнымі і грознымі рыкамі. Гэтак пра сабе заяўляюць самцы высакародных аленяў, быццам бы яны трубяць у нябачныя горны. Стылае ранішняе паветра раз-пораз разносіць рэха іх басавітых акордаў за сотні метраў, а ў ціхае марознае надвор’е незвычайную пераклічку можна пачуць і за кіламетры. Гукі-ноты гэтай пераклічкі нагадваюць ваяўнічы покліч, у якім чуецца няскораная сіла і нястрымны запал. Толькі паляўніцтвазнаўца альбо сапраўдны аматар беспамылкова скажа, што ў жывёл настаў час гону. Падпарадкаваныя закону прыроды, у працяглых рыках алені выказваюць прагу адстойваць права працягваць свой род. І насамрэч, самцы выглядаюць сапраўднымі ваярамі, у іх грозная зброя – рогі, якія за лета падраслі, памацнелі, ператварыліся ў прыгожую карону. З такой зброяй можна ісці на любога суперніка!

Сёлета мне выпала магчымасць паназіраць за асвейскімі аленямі ў пару “вяселляў”. Ранішнія туманы, гулкае паветра і стромкія схілы пагоркаў, за якімі можна заставацца незаўважаным, дазволілі падкрасціся да “азадачаных” і таму не надта асцярожных венцаносных асобаў і паспець зрабіць некалькі здымкаў. Як і кожны фатограф дзікай прыроды, я даўно марыў атрымаць такія сюжэты. І яны, як узнагарода, нарэшце апынуліся ў маёй скарбонцы.

Паслухаць, як гучыць покліч аленяў, можна на сайце www.zviazda.by у раздзеле “Відэа”.

Фота аўтара

Верхнядзвінскі раён

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Палацы, паркi, сядзiбы. На Брэстчыне вядзецца вялiкая работа па аднаўленнi гiсторыка-культурных аб'ектаў

Палацы, паркi, сядзiбы. На Брэстчыне вядзецца вялiкая работа па аднаўленнi гiсторыка-культурных аб'ектаў

Адным з першых у вобласцi пачалi рэстаўрыраваць велiчны палац Сапег у Ружанах.

Грамадства

Шопiнг з дапоўненай рэальнасцю. Тэхналогii 3D-мадэлявання адкрыюць новы фармат гандлю

Шопiнг з дапоўненай рэальнасцю. Тэхналогii 3D-мадэлявання адкрыюць новы фармат гандлю

Наша краiна займае трэцяе месца ў сваiм рэгiёне па колькасцi бескантактавых транзакцый.

Грамадства

«Разумныя» гарады. Як лiчбавiзацыя зменiць наша жыццё?

«Разумныя» гарады. Як лiчбавiзацыя зменiць наша жыццё?

Наступны этап — стварэнне разумных гарадоў.

Грамадства

Неспадзяваныя падарожжы. Як не згубiцца ў лесе?

Неспадзяваныя падарожжы. Як не згубiцца ў лесе?

Цёплае i вiльготнае надвор'е, якое вось ужо чацвёрты тыдзень з невялiкiмi перапынкамi пануе ў Беларусi, штурхае да таго, каб пайсцi ў лес.