Вы тут

Рыхтуюцца змены ў законы «Аб дарожным руху» і «Аб паштовай сувязі»


Хутка транспартны збор адвяжуць ад тэхагляду, а ў дачных кааператываў з'явіцца магчымасць устанаўліваць паштовыя скрыні ў сваіх пасёлках. Пра гэта паведаміў старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі Андрэй РЫБАК падчас брыфінгу ў прэс-цэнтры БелТА.


На разгляд у Адміністрацыю Прэзідэнта ўжо ўнесены праект указа аб плацяжах за ўдзел у дарожным руху. Дакумент дазволіць адвязаць транспартны збор ад тэхагляду і прадугледзіць магчымасць яго выплаты па месяцах, гэта значыць непасрэдна ў той перыяд, калі ўласнік карыстаецца транспартным сродкам. Стаўкі платы ўстановяць у базавых велічынях, яны будуць залежаць ад віду транспарту.

Пры гэтым старшыня парламенцкай камісіі адзначыў, што перад членамі рабочай групы стаяла досыць няпростая задача: «Трэба было ўзгадніць не толькі падыходы, але і ўсе тэхнічныя моманты: гэта і работа сродкаў кантролю, і АРІП па зборы плацяжоў за карыстанне дарогамі, і пытанні сінхранізацыі ўсіх баз, якія існуюць у МУС, «Белтэхагляда», Міністэрства аховы здароўя і Мінпрацы ў частцы людзей, якія маюць льготы».

Таксама парламентарый расказаў аб навацыях у праекце закона «Аб дарожным руху». Так, напрыклад, плануецца пашырыць спіс парушэнняў, якія фіксуюць фотакамеры. Плануецца адсочваць праезд на чырвонае святло, перасячэнне двайной суцэльнай, чыгуначнага пераезда ды іншае. Зараз камеры фіксуюць толькі парушэнні хуткаснага рэжыму і правілаў спынення і стаянкі. Разглядаецца і сістэма налічэння балаў за парушэнні ПДР, якая шырока абмяркоўвалася ў грамадстве.

Акрамя таго, прапануецца даць кандыдатам у кіроўцы права здаваць экзамен у ДАІ на машыне з аўтаматычнай каробкай перадач пасля праходжання адпаведнай падрыхтоўкі. Пасведчанне ў гэтым выпадку будзе выдавацца з адзнакай аб дазволе кіравання транспартным сродкам адпаведнай катэгорыі толькі з аўтаматычнай трансмісіяй. Калі ж іспыт здадзены на аўтамабілі з механічнай трансмісіяй, то кіроўца зможа кіраваць і «механікай», і «аўтаматам».

Цэлая глава законапраекта прысвечана пытанням арганізацыі дарожнага руху. Па словах Андрэя Рыбака, законапраект, які прадугледжвае змяненні ў закон «Аб дарожным руху», плануецца разгледзець на вясновай сесіі ў першым чытанні.

На брыфінгу парламентарый расказваў і аб праекце закона «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб паштовай сувязі».

Большасць змяненняў, асабліва юрыдычныя, не закрануць звычайных грамадзян. Асноўнае новаўвядзенне — магчымасць устанаўліваць паштовыя скрыні на тэрыторыі садовых таварыстваў.

«Да нас звяртаюцца грамадзяне, якія па паўгода жывуць на лецішчы, а любімую газету выпісаць не могуць і ад унукаў паштоўку атрымаць не могуць, — расказаў Андрэй Рыбак. — У абноўленым законе «Аб паштовай сувязі» такая норма з'явіцца. За кошт садовых таварыстваў будзе магчымасць устанаўліваць у дачных кааператывах паштовыя скрыні і атрымліваць простыя паштовыя адпраўленні, паведамленні аб атрыманні пасылкі, а таксама выпісаныя газеты і часопісы».

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Загаловак у газеце: Кіроўцаў і дачнікаў чакаюць перамены

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.