Вы тут

Агляд чытацкай пошты


Нам ёсць што паказаць!

Прыгожая наша зямля! Не адарваць вачэй! Кажу пра гэта з веданнем справы, бо вельмі шмат паездзіў па ёй і раней, і цяпер. Найчасцей — у маршрутных аўтобусах на Салігорск, Гомель, Давыд-Гарадок...


Разам са мной, даўно прыкмеціў, едуць студэнты, ваенныя, дзеці (менш за ўсё пенсіянераў). Па дарозе многія чытаюць, глядзяць у вокны і свае мабільнікі. Праўда, у салонах ёсць і тэлевізары.

Што прапануюць паглядзець?

Як правіла, усе тры-чатыры гадзіны шляху пасажырам паказваюць нейкія замежныя кінастужкі са стральбой, насіллем ды іншым негатывам. Вось я і думаю: а што вось гэтакім чынам можна «ўбіць» у галовы? Баюся, нічога добрага. Дык ці не лепш было б па дарозе паказваць нашы найлепшыя калектывы мастацкай самадзейнасці, народныя ансамблі, школьныя гурты, вясёлыя абрадавыя дзеянні, якія ўхваляюць родную зямлю, працу, нашы святы?

Ды і прафесійных калектываў у нас багата. Узяць той жа аркестр імя Жыновіча, хор імя Г. І. Цітовіча, ансамблі народнай музыкі «Свята», «Бяседа». А колькі ў краіне вартых гарманістаў, колькі скрыпачоў!..

На жаль, яны рэдка трапляюць на тэлеэкраны, не так часта — на нейкія сцэны. Ды і ці многія могуць прыйсці на канцэрты? А вось у аўтобусах, па дарозе — я ў гэтым упэўнены — усе паглядзелі б на іх, з задавальненнем паслухалі. І гэта паспрыяла б выхаванню патрыятызму, павагі і любові да нашых працавітых і таленавітых людзей, да Беларусі, якая, безумоўна ж, заслугоўвае таго, каб да нас прыязджалі госці!..

Так, недзе ёсць іншыя краіны — можа, багацейшыя і цікавейшыя. Але ў нас ёсць наша. І шкада, што амаль не чутно тут роднай беларускай мовы, беларускіх спеваў — я маю на ўвазе не толькі маршрутныя аўтобусы і цягнікі.

...Магчыма, я памыляюся, і гэта сапраўды нікому не трэба?

Мікола Котаў, фалькларыст

г. Мінск


«Лепш за цябе ніхто не напіша музыку»

У нашай сям'і шануецца беларуская музыка, я з дзяцінства граю на скрыпцы, а неяк зацікавілася гісторыяй дзяржаўнага гімна і даведалася, што мой бацька знаёмы з нашчадкамі аўтара музыкі Несцера Сакалоўскага, захоўвае здымкі і дакументы з яго архіва. Такім чынам, шэсць фактаў з жыцця кампазітара.

Маг­чы­ма, гэ­та пер­шая плас­цін­ка з за­пі­сам гім­на БССР.

1. Нарадзіўся Несцер Сакалоўскі 9 лістапада 1902 года на тэрыторыі сучаснага Докшыцкага раёна. Яго маці выдатна спявала, а родны дзядзька быў слынным скрыпачом-самавукам, выдатна ведаў нацыянальныя абрады і тэатралізаваныя гульні.

Сваю працоўную дзейнасць Несцер пачаў у 1921 годзе харыстам Украінскага тэатра ў горадзе Мінску.

2. Музыку да песні «Мы — беларусы» кампазітар напісаў у 1944 годзе. Гэтая песня набыла шырокую папулярнасць, часта выконвалася на канцэртах і ў 1955 годзе была зацверджаная ў якасці дзяржаўнага гімна БССР.

Што цікава, кампазітар на той час не меў завершанай спецыяльнай адукацыі, аб чым сведчыць заява, напісаная вясною 1947 года на імя начальніка Упраўлення па справах мастацтваў пры Савеце Міністраў БССР. У ёй кампазітар пісаў, што ў 1930-х гадах не меў магчымасці скончыць кансерваторыю. У цяперашні час — мае, але па фармальных прыкметах (год нараджэння — 1902) не можа быць адноўлены ў ліку студэнтаў. А таму (даслоўна): «Прашу даць дазвол дырэктару Белдзяржкансерваторыі таварышу Аладаву М. І. на аднаўленне мяне студэнтам па класе тэорыі і кампазіцыі».

Воль­га Іг­на­таў­на Са­ка­лоў­ская (Ля­го­віч), жон­ка кам­па­зі­та­ра.

3. Падчас вайны Несцер Сакалоўскі разам з жонкай працаваў у Чувашыі, у Маскве, і мала хто ведаў, што на радзіме застаўся іх сын, якога на пачатку вайны не атрымалася вывезці з акупаванай тэрыторыі. Толькі пасля вызвалення Беларусі бацька знайшоў дзевяцігадовага Віцю ў вёсцы Свечкі, дзе той быў пастушком.

4. Лёс адмераў кампазітару нядоўгае і няпростае жыццё: ён памёр ва ўзросце 48 гадоў, але пры гэтым здзейсніў свайго роду подзвіг: у час паездак па Беларусі запісаў і апрацаваў звыш 500 народных песень. А колькі паспеў напісаць — на словы Янкі Купалы, Адама Русака, Анатоля Астрэйкі, Якуба Коласа і іншых! Сярод найбольш папулярных — знакаміты «Нёман» на словы Анатоля Астрэйкі.

У архіве кампазітара лісты, напісаныя Адамам Русаком, Янкам Журбой, Ларыёнам Барашкам... Даслоўна: «Дарагі Несцер! Слухаем твае цудоўныя песні, але яшчэ больш будзем рады слухаць твой жывы голас сярод нас, тваіх сяброў. А гэта неўзабаве будзе. Кожны з нас, дарагі Несцер, напісаў ужо для цябе па добраму тэксту (яшчэ лепшаму, чым «Мы — беларусы»), бо ведаем, што лепш за цябе ніхто не напіша народную музыку. Янка Брыль, Уладзімір Карпаў, Антон Бялевіч, Мікалай Аўрамчык, Анатоль Вялюгін, Уладзімір Шахавец».

Фо­та Не­сце­ра Са­ка­лоў­ска­га,  да­та­ва­нае 19.07.1920.

5. Несцера Сакалоўскага не без падстаў называюць адным з заснавальнікаў Рэспубліканскага народнага ансамбля беларускай песні і танца.

6. Адданай захавальніцай творчай спадчыны кампазітара доўгія гады была ўдава Несцера Сакалоўскага — Вольга Ігнатаўна. У 1970 годзе яна перадала ў музей народнай славы Бягомля шмат дакументаў, звязаных з жыццём і творчасцю кампазітара: фотаздымкі, біяграфію з асабістым подпісам, нотныя выданні. Але самыя дарагія і важныя паперы пакінула сабе. Да самага адыходу з жыцця Вольга Ігнатаўна беражліва захоўвала іх, каб данесці да нашага часу.

Вераніка Цехановіч

г. Мінск


Па зубах

На рынак я хаджу досыць часта. Мяне, як былога работніка гандлю, цікавіць, што прадаецца і што купляецца, што колькі каштуе, як арганізаваны сам працэс...

Адразу скажу: тавараў цяпер — процьма, хоць каўшамі бяры! Цікаўлюся гароднінай — усё чыста ёсць, што, відаць, не дзіва: людзі ў нас працавітыя, могуць вырасціць нават тое, што не вельмі і расце. Ля цукерак таксама крыху прытарможваю.

— Купіце што-небудзь, — прапануе прадавачка.

— Добра, — згаджаюся. — Падбярыце чаго таннейшага.

— Я вам па вашых зубах дам, — згаджаецца гандлярка.

— Ну, калі па зубах, тады я, мусіць, нічога больш не куплю...

Разам з прадавачкай мы ад душы пасмяяліся, а дамоў я пайшла з пакупкай — з мармеладам.

Тамара Аляхновіч, г. Слуцк

Пошту чытала Валянціна Доўнар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».