Вы тут

Як каза Манька і пеўнік Пятруха на працу ў Музей хлеба ўладкаваліся


Маленькі вясковы музей у аграгарадку Бацвінава Чачэрскага раёна папулярны не толькі сярод беларусаў, якія хочуць даведацца аб сакрэтах выпечкі хлеба, але і сярод замежных турыстаў.


Ён захацеў з'явіцца сам!

«Музей хлеба. Няхай будзе ў нас музей хлеба!» Фраза была сказана недзе ў сярэдзіне 90-х падчас пасяджэння аддзела культуры Чачэрскага райвыканкама. Але да справы тады яшчэ не дайшло.

«Я толькі прыйшла працаваць, — успамінае кіраўніца Музея хлеба Ірына Нікішова. — Патрэбен быў час асвоіцца... І раптам аднаго дня мне тэлефануюць і гавораць, маўляў, прыехалі карэспандэнты, хочуць паглядзець Музей хлеба! Божухна, які музей?! Я не ведала, што рабіць. Агледзелася ў Доме культуры... Ага, вось гэты пакойчык пустуе — няхай будзе музеем. Кінулася збіраць экспанаты. Знайшла зерне, нейкія вясковыя прылады для працы на зямлі... Вось такое «немаўля» спачатку атрымалася».

Людзі ўжо даведаліся, што ў іх вясковым Доме культуры адкрыўся музей, і самі сталі несці экспанаты. Нясуць з пакінутых хат, з дамоў сваіх бабуль: рыдлёўкі, ліхтары, ручнікі, ільняныя сукенкі, спадніцы, кашулі з вышыўкай, тканыя дываны і падсцілкі, нават канапы...

«Людзі ў нас жывуць адкрытыя і неабыякавыя да свайго краю, — гаворыць Ірына. — Усім хочацца быць карыснымі. Тым больш прыемна, калі людзі прыязджаюць, глядзяць зачаравана на ўсё, дзівяцца, а ты ведаеш, што маеш дачыненне да гэтага музея, бо там, напрыклад, ручнік тваёй бабулі... Некаторых гаспадароў нашых экспанатаў ужо няма ў жывых, але памяць аб іх застаецца ў нашым музеі».

У пачатку 2000-х у музеі з'явілася сапраўдная печ. Прыехала мясцовае кіраўніцтва і засталося вельмі задаволеным. Вырашылі дапамагчы добраўпарадкаваць тэрыторыю, зрабілі прыстойны рамонт у памяшканні. Музей хлеба пасталеў, яму стала мала аднаго пакойчыка, і ён размясціўся ў двух.

Першы пачастунак

«Пачала я збіраць рэцэпты хлеба, што ад маці і бабулі засталіся, — расказвае гаспадыня музея. — Помню, моцна пасябравала з фальклорным калектывам, які спяваў старажытныя песні. Людзі там былі ўжо ва ўзросце, карысталіся ў мясцовых павагай. Яны мне расказвалі сакрэты выпечкі хлеба: як лепш у печы паліць, як маліцца пры замесе хлеба, якія песні спяваць падчас працэсу... Чым больш даведвалася сакрэтаў, тым цікавей мне станавілася. Пячы хлеб аказалася неверагодна захапляльнай справай».

У 2014 годзе ў раён павінна была прыехаць дэлегацыя з Італіі. Чачэрская зямля пацярпела ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, і таму сюды часта прыязджаюць з розных краін свету, каб арганізаваць аздараўляльныя паездкі для дзяцей. Замежным гасцям ужо было што паказаць у Доме культуры. Але... Музей хлеба быццам бы «надзьмуўся». Яму хацелася быць не проста карысным, але зоркай! Тады супрацоўнікі вырашылі скарыстацца пабудаванай печкай і на самай справе спячы гасцям хлеб па старажытным рэцэпце.

«Я тады першы раз пякла хлеб у печы музея. Малілася, каб толькі ўсё выйшла. Акурат выпеклі да прыезду гасцей. А яны не вераць! Мы ім давай расказваць ды паказваць. Людзі — у захапленні. Пачалі яны хлеб ламаць, а ён мяккі, цёплы і пахне... Літаральна як сонца быў. Усё зрабіла па матчыных словах, і ўсё пайшло як па масле».

Госці ў той дзень не толькі хлебам частаваліся, але і бліны са скваркамі з патэльні елі, і песні з прымаўкамі слухалі — уражанняў на год назбіралі.

Незвычайныя супрацоўнікі

Манька доўгі час жыла жыццём звычайнай казы. Патроху скубла траўку, была ветлівая з людзьмі і жывёламі, што жылі побач. Аднойчы Манька заўважыла, што яе гаспадыня паводзіць сябе незвычайна: яна неяк доўга і пільна глядзела на сваю гадаванку і раптам сказала: «Слухай, Манька, думаю, сёння ты пойдзеш са мной на працу». Так і зрабілі. Недалёка ад незнаёмага Маньцы будынка гаспадыня спынілася, прыбіла калок і прывязала казу. Праз некаторы час прыйшло шмат людзей. Яны накармілі яе капустай так, што Манька ад задавальнення стала гучна мэкаць, чым выклікала захапленне гледачоў. З тых часоў каза часта хадзіла з гаспадыняй на працу. Нават асобны домік пабудавалі для яе і яе сябра пеўніка Пятрухі, які таксама стаў «хадзіць на працу». Яны разам ветліва сустракаюць гасцей, ядуць з іх рук прысмакі і пяюць ім свае вясковыя песні: «мэ-мэ» і «кукарэку».

«Ой, Манька ды Пятруха такія канцэрты даюць, — прызнаецца Ірына. — Аказалася, яшчэ тыя артысты. Раней яны больш хатнія былі, а зараз ужо набраліся досведу і падыгрываюць гасцям — сапраўдны цырк! Вось будуць грошы, пабудуем яшчэ пару вальераў для трусоў і гусей. Дзецям, што да нас прыязджаюць, цікава кантактаваць з жывёламі, яны так шчыра радуюцца, калі тыя з рук ядуць, што сама не магу стрымаць усмешку пры гэтым, здаецца, звычайным дзеянні».

І 25 тысяч еўра

З таго часу людзі часцяком наведвалі Музей хлеба. Усім хацелася не толькі паслухаць і паглядзець, як рабілі хлеб нашы продкі, але і пачаставацца ім. Звычайна прыязджалі групамі не толькі з усёй Беларусі, але і з Расіі, Швецыі, Германіі... Адной печы стала мала, і Музей зноў нібы надзьмуўся — яму хацелася большага...

«Мы вырашылі падаць дакументы на ўдзел у праекце «Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь», які фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН. Хацелася нам развіцця далейшага, а грошай не было. Першы раз падалі дакументы — не прайшлі. Другі — перамаглі! Колькі было радасці — не перадаць. У 2017-м мы атрымалі фінансаванне ў памеры крыху больш за 25 тысяч еўра! Работы было вельмі шмат, затое цяпер ёсць дзе разгарнуцца. За чатыры месяцы разам з гаспадарчай групай аддзела культуры зрабілі рамонт, набылі касцюмы, цестамясілку, духавыя шафы, музычную апаратуру, пабудавалі для казы і пеўніка хаткі, зрабілі дарогу да нашага музея. Людзі, убачыўшы, што такая мітусня пачалася вакол яго, зноў панеслі нам экспанаты і да сённяшняга дня нясуць, за што мы ім вельмі ўдзячны», — кажа Ірына Нікішова.

Музей сустракае гасцей увесь год і жыве поўным жыццём. Калі прыехаць зімой, то можна трапіць на каляднае «ваджэнне казы», паслухаць зімовыя песні, даведацца, як некалі варажылі. Вясной ахвотныя звычайна трапляюць на Масленіцу, разам праводзяць зіму, частуюцца блінамі і пяюць. Круглы год наведвальнікі могуць не толькі ўбачыць, як рабіўся хлеб, але і робяць яго самі. А пакуль хлеб будзе пячыся, можна пагуляць у вясковыя гульні, паспяваць, паслухаць народныя песні ды пакарміць жывёл.

«Толькі на наступны месяц у нас ужо запісана васямнаццаць груп... Але адчуваю, што нельга спыняцца... Народу прыязджае шмат. Людзі сёння пачынаюць шанаваць свае, беларускае! Стараюцца больш даведацца аб традыцыях і культуры. А пачынаць трэба з хлеба, бо будзе хлеб — будзе і песня. Планаў у нас яшчэ шмат: трэба добраўпарадкаваць тэрыторыю, зрабіць для дзетак арэлі, як у даўніну, паставіць на тэрыторыі казачных герояў... Пабудаваць на вуліцы альтанкі, сталы і лаўкі... Хутка наробім такога — увесь свет будзе нас ведаць».

Вось так ідэя, якая нарадзілася ў маленькім пакойчыку вясковага Дома культуры, ператварылася ў незвычайны інтэрактыўны музей, пра які ведаюць ужо не толькі ў Беларусі.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ,

Чачэрскі раён.

Загаловак у газеце: Усё пачалося з печкі, або Як каза Манька і пеўнік Пятруха на працу ў Музей хлеба ўладкаваліся

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.