Вы тут

Аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь у 2018 годзе


Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь

14 сакавіка 2019 г.   г. Мінск

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Міклашэвіча П. П., намесніка Старшыні Карповіч Н. А., суддзяў Бойка Т. С., Варановіча Т. В., Данілюка С. Я., Козыравай Л. Р., Рабцава В. М., Рабцава Л. М., Сяргеевай В. Г., Цікавенкі А. Г., Чыгрынава С. П., разгледзеўшы ў судовым пасяджэнні пытанне аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь у 2018 годзе,

кіруючыся артыкуламі 22 і 24 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, артыкуламі 74, 79, 84, 161—163 Закона Рэспублікі Беларусь «О конституционном судопроизводстве»,

ВЫРАШЫЎ:

1. Прыняць Пасланне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь і палатам Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь «Аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь у 2018 годзе» (дадаецца).

2. Апублікаваць Пасланне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь і палатам Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь «Аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь у 2018 годзе» ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі.

Старшынствуючы — Старшыня Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь П. П. Міклашэвіч.

№ Р-1166/2019

Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь

Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь

Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь з'яўляецца прававым фундаментам і арыенцірам умацавання суверэннай беларускай дзяржаўнасці, дэмакратычных і сацыяльна-эканамічных пераўтварэнняў, асноватворным фактарам устойлівага развіцця.

На працягу мінулых 25 гадоў на аснове Канстытуцыі ў Рэспубліцы Беларусь забяспечваецца грамадска-палітычная стабільнасць, дасягаюцца грамадзянская згода і сацыяльнае адзінства, эвалюцыйна і паступальна развіваюцца грамадства і дзяржава.

Прававая сістэма, сфарміраваная на канстытуцыйных прынцыпах і нормах, мэтанакіравана ўдасканальваецца для стварэння дзейсных прававых механізмаў рэалізацыі правоў і свабод, абароны канстытуцыйных каштоўнасцей, зацвярджэння правапарадку.

У цэлым рэальна рэалізуецца і выконваецца ў нарматворчай і правапрымяняльнай дзейнасці канстытуцыйны прынцып вяршэнства права, які абавязвае дзяржаву, усе яе органы і службовых асоб дзейнічаць у межах Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з ёю актаў заканадаўства.

Працягваецца працэс фарміравання дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавы на канстытуцыйных палажэннях аб народаўладдзі, прынцыпах падзелу і ўзаемадзеяння галін дзяржаўнай улады, усебаковым развіцці асобы як галоўнага суб'екта канстытуцыйных праваадносін.

Беларуская мадэль дзяржавы для народа, у цэнтры якой — правы чалавека на заслужанае і бяспечнае жыццё, будуецца на канстытуцыйнай аснове з улікам як айчынных традыцый і менталітэту, так і сучасных рэалій міжнароднага правапарадку.

Удасканальваецца заканадаўчае рэгуляванне ўзаемаадносін дзяржавы і асобы ў мэтах дасягнення аптымальнага балансу інтарэсаў зыходзячы з канстытуцыйных палажэнняў, згодна з якімі чалавек, яго правы і свабоды — найвышэйшая каштоўнасць і мэта грамадства і дзяржавы.

Пры гэтым прынцыпы канстытуцыйна-прававога становішча чалавека і грамадзяніна сістэмна раскрываюцца ў заканадаўстве і ўлічваюцца ў правапрымяняльнай дзейнасці.

Канстытуцыйны Суд, рэалізуючы паўнамоцтвы па кантролі за канстытуцыйнасцю нарматыўных прававых актаў, сваёй дзейнасцю сцвярджае вяршэнства і прамое дзеянне Канстытуцыі, абараняе канстытуцыйны лад, канстытуцыйныя правы і свабоды грамадзян.

Пры дапамозе канстытуцыйнага судаводства прадухіляюцца і ўстараняюцца ў прававой сістэме неканстытуцыйныя прававыя акты, прабелы і прававая нявызначанасць канстытуцыйна-прававога характару ў заканадаўчым рэгуляванні.

І

Рэалізуючы на падставе артыкула 116 Канстытуцыі, артыкула 22 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, артыкулаў 98—106 Закона Рэспублікі Беларусь «О конституционном судопроизводстве» паўнамоцтвы па абавязковым папярэднім кантролі канстытуцыйнасці законаў, прынятых Нацыянальным сходам Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйны Суд правярае на адпаведнасць Канстытуцыі заканадаўчыя палажэнні.

У 2018 годзе ў парадку ажыццяўлення абавязковага папярэдняга кантролю Канстытуцыйны Суд праверыў канстытуцыйнасць 40 законаў, прынятых Парламентам.

1. У рашэннях Канстытуцыйнага Суда сфармуляваны прававыя пазіцыі, якія канстатуюць, што ўдасканальванне заканадаўчага рэгулявання грунтуецца на канстытуцыйных прынцыпах і нормах, выпрацоўваюцца прававыя механізмы для забеспячэння рэалізацыі канстытуцыйных правоў і свабод.

1.1. У рашэнні па выніках праверкі заканадаўчага рэгулявання, накіраванага на ўдасканальванне забеспячэння абараназдольнасці, Канстытуцыйны Суд указаў, што ў адпаведнасці з артыкуламі 1 і 3 Канстытуцыі абарона канстытуцыйнага ладу з'яўляецца важнейшай функцыяй дзяржавы, ажыццяўленне якой выступае гарантыяй яе суверэнітэту, незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці, а таксама неабходнай умовай жыццядзейнасці і ўстойлівага грамадска-палітычнага і сацыяльна-эканамічнага развіцця дзяржавы (рашэнне ад 6 ліпеня 2018 г. па Законе Рэспублікі Беларусь «О внесении изменений и дополнений в некоторые законы Республики Беларусь»).

1.2. У рашэнні па змяненнях у Падатковы кодэкс Рэспублікі Беларусь адзначана, што канстытуцыяналізацыя грамадскіх адносін звязана не толькі з ажыццяўленнем правоў грамадзян, але і з добрасумленнасцю выканання кожным канстытуцыйных абавязкаў, уключаючы прадугледжаны артыкулам 56 Канстытуцыі абавязак прымаць удзел у фінансаванні дзяржаўных расходаў шляхам выплаты дзяржаўных падаткаў, пошлін і іншых плацяжоў (рашэнне ад 22 снежня 2018 г. па Законе Рэспублікі Беларусь «О внесении изменений и дополнений в некоторые законы Республики Беларусь»).

2. Пры праверцы канстытуцыйнасці законаў, што ўстанаўліваюць абмежаванні правоў і свабод асобы, Канстытуцыйны Суд фармуляваў прававыя пазіцыі, у якіх звяртаў увагу на неабходнасць прытрымлівання заканадаўцам прынцыпу прапарцыянальнасці для дасягнення балансу канстытуцыйных правоў і свабод кожнага і публічных інтарэсаў дзяржавы і грамадства.

2.1. У рашэнні па змяненнях, якія ўносяцца ў Паветраны кодэкс Рэспублікі Беларусь, указана, што заканадаўчае рэгуляванне парадку прадастаўлення персанальных даных пасажыраў паветраных суднаў у пэўнай меры абмяжоўвае права кожнага на абарону ад незаконнага ўмяшання ў яго асабістае жыццё, але адпавядае артыкулу 23 Канстытуцыі, паколькі такое абмежаванне з'яўляецца аб'ектыўна абумоўленым і вымушаным сродкам, неабходным для дасягнення сацыяльна апраўданай мэты барацьбы са злачынствамі тэрарыстычнай накіраванасці і іншымі цяжкімі злачынствамі (рашэнне ад 8 чэрвеня 2018 г. па Законе Рэспублікі Беларусь «О внесении дополнений и изменений в Воздушный кодекс Республики Беларусь»).

2.2. У рашэнні, якое датычыцца заканадаўчага рэгулявання дзяржаўных закупак тавараў (работ, паслуг), адзначана, што абмежаванні, якія прадугледжваюцца палажэннямі правяраемага Закона, з'яўляюцца абгрунтаванымі і правамернымі, паколькі накіраваны на забеспячэнне добрасумленнай канкурэнцыі, стымуляванне суб'ектаў прадпрымальніцкай дзейнасці ажыццяўляць такую дзейнасць у рамках існуючага правапарадку. Вызначэнне выпадкаў фарміравання спіса нядобрасумленных пастаўшчыкоў, якія часова не дапускаюцца да ўдзелу ў працэдурах дзяржаўных закупак, забяспечвае тым самым абарону правоў і законных інтарэсаў іншых асоб.

Устанаўліваемае заканадаўчае рэгуляванне адпавядае палажэнням Канстытуцыі, згодна з якімі дзяржава надае ўсім роўныя правы для ажыццяўлення гаспадарчай і іншай дзейнасці, акрамя забароненай законам, і абумоўлена інтарэсамі, указанымі ў артыкуле 23 Канстытуцыі.

Уводзімыя абмежаванні адпавядаюць прынцыпу суразмернасці, з'яўляюцца прапарцыянальнымі і неабходнымі для абароны канстытуцыйна значных каштоўнасцей, захавання балансу паміж інтарэсамі грамадства і дзяржавы і інтарэсамі грамадзян і арганізацый (рашэнне ад 12 ліпеня 2018 г. па Законе Рэспублікі Беларусь «О государственных закупках товаров (работ, услуг)»).

Ацэньваючы канстытуцыйнасць заканадаўчых палажэнняў, якія прадугледжваюць абмежаванне асобнымі нормамі законаў правоў і свабод грамадзян, Канстытуцыйны Суд асобую ўвагу ўдзяляў вызначэнню суразмернасці ўводзімых абмежаванняў канстытуцыйна значным інтарэсам, устаноўленым у артыкуле 23 Канстытуцыі. Пры гэтым Суд указваў, што Канстытуцыя дапускае магчымасць абмежавання правоў і свабод чалавека і грамадзяніна, але яно не павінна прыводзіць да прымяншэння або адмаўлення правоў і свабод.

3. У шэрагу рашэнняў Канстытуцыйны Суд адзначаў замацаванне ў законах палажэнняў, накіраваных на выкананне Рэспублікай Беларусь міжнародных абавязацельстваў, апасродкаванне нацыянальным правам інтэграцыйных працэсаў, імплементацыю норм міжнароднага і наднацыянальнага права ў прававую сістэму Рэспублікі Беларусь.

3.1. У рашэнні, якое датычыцца заключэння міжнародных дагавораў, указана, што нароўні з актамі ўнутрыдзяржаўнага заканадаўства міжнародныя дагаворы Рэспублікі Беларусь уваходзяць у сістэму дзеючага на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь прававога рэгулявання. Зыходзячы з палажэнняў артыкулаў 7, 8 і 21 Канстытуцыі, нормы міжнародных дагавораў з'яўляюцца крыніцай дзеючага права і павінны непасрэдна прымяняцца пры рэгуляванні грамадскіх адносін (рашэнне ад 7 мая 2018 г. па Законе Рэспублікі Беларусь «О внесении изменений и дополнений в Закон Республики Беларусь «О международных договорах Республики Беларусь»).

3.2. У рашэнні па заканадаўчым рэгуляванні абароны правоў спажыўцоў зроблены вывад, што ўдакладненне прававога рэгулявання ў частцы абавязковасці выканання палажэнняў не толькі актаў нацыянальнага заканадаўства, але і актаў наднацыянальных органаў грунтуецца на нормах артыкулаў 8 і 21 Канстытуцыі, а таксама Дагавора аб Еўразійскім эканамічным саюзе. Рэспубліка Беларусь як удзельнік еўразійскай інтэграцыі, зыходзячы з палажэнняў гэтага Дагавора, у тым ліку прыкладаемага да яго Пратакола аб правядзенні ўзгодненай палітыкі ў сферы абароны правоў спажыўцоў, абавязана забяспечваць прававое рэгуляванне адносін, якія складваюцца ва ўказанай сферы, накіраванае на выкананне міжнародных абавязацельстваў (рашэнне ад 8 чэрвеня 2018 г. па Законе Рэспублікі Беларусь «О внесении изменений и дополнений в Закон Республики Беларусь «О защите прав потребителей»).

Такім чынам, ва ўмовах трансфармацыі прававой сістэмы прадугледжваецца рэгуляванне грамадскіх адносін нароўні з актамі нацыянальнага заканадаўства таксама актамі міжнароднага і наднацыянальнага права. Крытэрыем легітымнасці такога рэгулявання, зыходзячы з вяршэнства Канстытуцыі, з'яўляецца гарантаванне забеспячэння і абароны канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян, захавання канстытуцыйнай ідэнтычнасці.

4. Ажыццяўляючы праверку канстытуцыйнасці законаў, Канстытуцыйны Суд выяўляў паўнату і яснасць прававых механізмаў рэалізацыі канстытуцыйных правоў і свабод, якія змяшчаюцца ў заканадаўчых нормах, і ў выпадку выяўлення прабелаў, калізій або прававой нявызначанасці прапаноўваў заканадаўцу прыняць меры для ўстаранення такіх дэфектаў.

4.1. У рашэнні па пытанні фарміравання рэгістра насельніцтва Канстытуцыйны Суд прыйшоў да вываду аб наяўнасці калізіі паміж палажэннямі Закона Рэспублікі Беларусь «Об информации, информатизации и защите информации» і нормай Закона Рэспублікі Беларусь «О регистре населения», якая надзяляе Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь правам вызначаць асаблівасці ўнясення асобных персанальных даных у рэгістр і іх актуалізацыі.

Зыходзячы з неабходнасці прытрымлівання прынцыпу вяршэнства права, Канстытуцыйны Суд звярнуў увагу заканадаўца на тое, што пры далейшым удасканальванні прававога рэгулявання неабходна ўстараніць калізію паміж нормамі ўказаных законаў у частцы вызначэння асаблівасцей унясення асобных персанальных даных у рэгістр і іх актуалізацыі ў ім, вызначыўшы межы ажыццяўлення Саветам Міністраў нададзенага яму паўнамоцтва (рашэнне ад 27 снежня 2018 г. па Законе Рэспублікі Беларусь «О внесении изменений и дополнений в Закон Республики Беларусь «О регистре населения»).

4.2. У рашэнні па змяненнях заканадаўства аб электронным дакуменце і электронным лічбавым подпісе Канстытуцыйны Суд указаў, што ў мэтах рэалізацыі канстытуцыйнага прынцыпу вяршэнства права, забеспячэння балансу правоў і абавязкаў удзельнікаў у сферы электроннага дакументаабароту заканадаўцу пры далейшым удасканальванні заканадаўчага рэгулявання неабходна вызначыць выпадкі адклікання адкрытага ключа, атрыбутнага сертыфіката незалежна ад волевыяўлення на тое іх уладальнікаў, а таксама ўстанавіць прававы механізм такога адклікання (рашэнне ад 31 кастрычніка 2018 г. па Законе Рэспублікі Беларусь «О внесении изменений и дополнений в Закон Республики Беларусь «Об электронном документе и электронной цифровой подписи»).

Такім чынам, пры праверцы канстытуцыйнасці законаў Канстытуцыйны Суд звяртаў увагу заканадаўца на неабходнасць рэалізацыі і развіцця ў заканадаўчых актах прынцыпаў і норм Канстытуцыі, стварэння дзейсных прававых механізмаў забеспячэння і абароны правоў і свабод чалавека і грамадзяніна, ажыццяўлення канстытуцыяналізацыі грамадскіх адносін у розных сферах.

ІІ

Рэалізуючы на падставе артыкула 116 Канстытуцыі, артыкула 22 Кодэкса аб судаўладкаванні і статусе суддзяў паўнамоцтва прымаць рашэнні аб устараненні ў нарматыўных прававых актах прабелаў, выключэнні ў іх калізій і прававой нявызначанасці, Канстытуцыйны Суд зыходзіць з вяршэнства Канстытуцыі, прызнання агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права, недапушчэння зніжэння ўзроўню гарантаванасці і абароны канстытуцыйных правоў і свабод чалавека і грамадзяніна.

Забеспячэнне вяршэнства права патрабуе ад заканадаўца захавання яго найважнейшага элемента — прынцыпу прававой пэўнасці — у заканатворчым працэсе пры ўстанаўленні і абмежаванні аб'ёму правоў і свабод, замацаванні механізмаў прававога рэгулявання паводзін суб'ектаў праваадносін.

1. У рашэнні «О правовом регулировании исчисления срока предъявления исполнительного документа к исполнению» (прынята 14 лютага 2018 г.) Канстытуцыйным Судом зроблены вывад аб наяўнасці прававой нявызначанасці ў прававым рэгуляванні перапынку тэрміну прад'яўлення выканаўчага дакумента да выканання, калі раней прад'яўлены да выканання той жа самы выканаўчы дакумент быў вернуты спагнанніку па яго заяве. З прычыны гэтага тэрмін выканання можа працягвацца на нявызначана працяглы час, і даўжнік на працягу нявызначанага часу знаходзіцца пад пагрозай прымянення мер прымусовага выканання.

Такое рэгуляванне не забяспечвае стабільнасць і прадказальнасць грамадзянскага абароту, парушае баланс інтарэсаў бакоў выканаўчага вядзення, паколькі прыводзіць да істотнага ўціскання права ўласнасці даўжніка.

У мэтах выканання канстытуцыйнага прынцыпу вяршэнства права і заснаванага на ім прынцыпу прававой пэўнасці Канстытуцыйны Суд прызнаў неабходным устараніць нявызначанасць у канстытуцыйна-прававым рэгуляванні перапынку тэрміну прад'яўлення выканаўчага дакумента да выканання ў выпадку прад'яўлення да выканання выканаўчага дакумента, раней вернутага спагнанніку па яго заяве, шляхам унясення адпаведных змяненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Об исполнительном производстве».

2. У рашэнні «О праве на судебную защиту заинтересованных лиц в приказном производстве» (прынята 10 красавіка 2018 г.) Канстытуцыйны Суд указаў, што канстытуцыйнае права на судовую абарону ва ўзаемасувязі з прынцыпам ажыццяўлення правасуддзя на аснове спаборнасці і роўнасці бакоў у працэсе ў адпаведнасці з артыкуламі 60 і 115 Канстытуцыі павінна забяспечвацца магчымасцю атрымання рэальнай судовай абароны шляхам аднаўлення парушаных правоў і свабод. У загадным вядзенні справы магчымасць судовай абароны павінна забяспечвацца не толькі спагнанніку і даўжніку, але і іншым зацікаўленым асобам, правы і законныя інтарэсы якіх могуць быць закрануты вызначэннем аб судовым загадзе.

Грунтуючыся на нормах Канстытуцыі, у мэтах рэалізацыі прынцыпу вяршэнства права, захавання канстытуцыйнага права на судовую абарону Канстытуцыйны Суд прызнаў неабходным устараніць прабел канстытуцыйна-прававога рэгулявання ў частцы забеспячэння права на судовую абарону зацікаўленых асоб у загадным вядзенні справы, правы і законныя інтарэсы якіх закранаюцца вызначэннем аб судовым загадзе, шляхам унясення адпаведных змяненняў у Грамадзянскі працэсуальны і Гаспадарчы працэсуальны кодэксы Рэспублікі Беларусь.

3. У рашэнні «О праве и порядке обжалования в суд осужденными к ограничению свободы, исправительным работам и иным видам наказания примененных к ним мер взыскания» (прынята 11 ліпеня 2018 г.) Канстытуцыйны Суд адзначыў, што канстытуцыйнае права на судовую абарону — гэта права не толькі на зварот у суд, але і на атрыманне рэальнай абароны ў выніку ажыццяўлення судовай улады праз пэўныя віды судаводства.

Адсутнасць у заканадаўстве норм, якія ўстанаўліваюць права і парадак абскарджання асуджанымі да асобных відаў пакарання прымененых да іх мер спагнання, не забяспечвае канстытуцыйныя гарантыі судовай абароны правоў грамадзян, не дазваляе асуджаным належным чынам абараняць свае правы і свабоды, што не адпавядае палажэнням артыкулаў 22 і 60 Канстытуцыі.

У мэтах рэалізацыі канстытуцыйнага права кожнага на судовую абарону, забеспячэння вяршэнства права і прававой пэўнасці ў дзеючым прававым рэгуляванні Канстытуцыйны Суд прызнаў неабходным унесці ў Крымінальна-выканаўчы і Грамадзянскі працэсуальны кодэксы Рэспублікі Беларусь змяненні, якія ўстанаўліваюць права і парадак абскарджання ў суд асуджанымі да абмежавання свабоды, папраўчых работ і іншых відаў пакарання прымененых да іх мер спагнання.

4. У рашэнні «О правовом регулировании в гражданском законодательстве использования и охраны изображения гражданина» (прынята 30 кастрычніка 2018 г.) Канстытуцыйны Суд адзначыў, што знешняе аблічча грамадзяніна па сваёй сутнаснай характарыстыцы адносіцца да ліку нематэрыяльных даброт, якія ахоўваюцца Канстытуцыяй. Як самадастатковая асабістая нематэрыяльная даброта, права на выяву грамадзяніна павінна быць забяспечана законнымі спосабамі яго ажыццяўлення і абароны.

Канстытуцыйны Суд прыйшоў да вываду, што ў дзеючым заканадаўчым рэгуляванні існуе прававы дэфект, абумоўлены адсутнасцю ў грамадзянскім заканадаўстве належнага прававога механізма выкарыстання і аховы выявы грамадзяніна.

З улікам узаемазвязаных палажэнняў артыкулаў 2, 21 і 28 Канстытуцыі прызнана неабходным у мэтах забеспячэння канстытуцыйнага прынцыпу вяршэнства права, абароны кожнага грамадзянска-прававымі сродкамі ад незаконнага ўмяшання ў яго асабістае жыццё, устаранення прававой нявызначанасці ў прававым рэгуляванні выкарыстання і аховы выявы грамадзяніна ў грамадзянскім заканадаўстве ўнесці адпаведныя змяненні ў Грамадзянскі кодэкс Рэспублікі Беларусь.

Указаныя рашэнні прымаліся на падставе зваротаў у Канстытуцыйны Суд грамадзян і арганізацый па пытаннях удасканальвання заканадаўчага рэгулявання. Тым самым рэалізуецца ўстаноўленае Законам «О конституционном судопроизводстве» права грамадзян і арганізацый непасрэдна звяртацца ў Канстытуцыйны Суд па пытаннях устаранення ў нарматыўных прававых актах прабелаў, выключэння ў іх калізій і прававой нявызначанасці, якія маюць канстытуцыйна-прававое значэнне.

ІІІ

Канстытуцыйны Суд згодна з артыкулам 116 Канстытуцыі па прапановах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Палаты прадстаўнікоў, Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, Вярхоўнага Суда і Савета Міністраў ажыццяўляе кантроль канстытуцыйнасці ўступіўшых у сілу нарматыўных прававых актаў усіх узроўняў.

У 2018 годзе ўпаўнаважаныя органы з прапановамі аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўных прававых актаў у Канстытуцыйны Суд не звярталіся.

Гэта сведчыць аб дасягненні пэўнага якаснага канстытуцыйна-прававога рэгулявання грамадскіх адносін у розных сферах, высокай ступені ўзгодненага ўзаемадзеяння галін улады на канстытуцыйнай аснове ў заканатворчым працэсе, рэальным праяўленні канстытуцыйнай правасвядомасці і прававой культуры.

Для ацэнкі стану канстытуцыйнай законнасці важнае значэнне мае не толькі меркаванне дзяржаўных органаў, але і меркаванне грамадзян аб канстытуцыйнасці нарматыўных прававых актаў, якія закранаюць іх правы і свабоды.

У гэтых мэтах у 2014 годзе ўстаноўлен заканадаўчы механізм звароту грамадзян, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў, і арганізацый з ініцыятывай аб унясенні ў Канстытуцыйны Суд прапаноў аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўных прававых актаў да органаў, якія валодаюць правам унясення ў Канстытуцыйны Суд такіх прапаноў.

У 2016 годзе ўдакладнена прававое рэгуляванне ініцыятыўных зваротаў грамадзян і арганізацый да ўпаўнаважаных органаў. Прадугледжана, што ініцыіраванне ўнясення прапановы аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўнага прававога акта магчыма толькі ў дачыненні да акта, прымененага ў канкрэтных рашэнні дзяржаўнага органа або пастанове суда агульнай юрысдыкцыі.

У 2014—2018 гадах да ўпаўнаважаных органаў, надзеленых правам унясення ў Канстытуцыйны Суд прапаноў аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўных прававых актаў, паступіла 362 ініцыятыўныя звароты грамадзян і 14 ініцыятыўных зваротаў арганізацый, у іх ліку 78 зваротаў — у 2018 годзе.

Толькі ў 2014 годзе на падставе ініцыятыўнага звароту грамадзяніна Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу ўнесла ў Канстытуцыйны Суд прапанову аб праверцы канстытуцыйнасці палажэнняў артыкулаў 29 і 303 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса, якія не прадугледжвалі магчымасці праверкі законнасці і абгрунтаванасці спынення крымінальнага праследавання ў сувязі са смерцю падазронага або абвінавачванага па патрабаванні яго блізкіх сваякоў.

Іншых зваротаў за ўказаны перыяд ад упаўнаважаных органаў не паступала.

Такім чынам, устаноўлены ўскосны доступ грамадзян да канстытуцыйнага правасуддзя абавязвае дзяржаўныя органы, правамоцныя звяртацца непасрэдна ў Канстытуцыйны Суд, усебакова аналізаваць як палажэнні Канстытуцыі, так і палажэнні нарматыўных прававых актаў, якія выклікаюць у грамадзян і арганізацый сумненні ў канстытуцыйнасці.

Атрыманая Канстытуцыйным Судом інфармацыя сведчыць, што ва ўсіх упаўнаважаных дзяржаўных органах вядзецца асобы ўлік зваротаў грамадзян па пытаннях канстытуцыйнасці нарматыўных прававых актаў і ў адпаведнасці з законам праводзіцца іх вывучэнне і разгляд для вызначэння неабходнасці накіравання адпаведных прапаноў у Канстытуцыйны Суд. Аднак у 2018 годзе ўпаўнаважаныя органы прапаноў у Канстытуцыйны Суд не накіроўвалі.

Аналіз паступіўшых ў Канстытуцыйны Суд зваротаў сведчыць, што ў шэрагу выпадкаў грамадзяне выказваюць незадавальненне тым, што іх ініцыятыўныя звароты да ўпаўнаважаных аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўных прававых актаў не накіроўваюцца ва ўстаноўленым парадку ў Канстытуцыйны Суд.

У мэтах далейшага развіцця канстытуцыйнага кантролю правапрымяняльнай практыкі, па меркаванні Канстытуцыйнага Суда, неабходна разгледзець магчымасць увядзення індывідуальнай канстытуцыйнай скаргі, гэта значыць права грамадзян непасрэдна звяртацца ў Канстытуцыйны Суд са скаргай на парушэнне іх правоў і свабод з прычыны прымянення нарматыўнага прававога акта, канстытуцыйнасць якога ставіцца імі пад сумненне.

Канстытуцыйны Суд канстатуе, што судамі агульнай юрысдыкцыі практычна не рэалізуюцца палажэнні часткі другой артыкула 112 Канстытуцыі, якія прадугледжваюць, што калі пры разглядзе канкрэтнай справы суд прыйдзе да вываду аб неадпаведнасці нарматыўнага акта Канстытуцыі, то ён прымае рашэнне ў адпаведнасці з Канстытуцыяй і ставіць ва ўстаноўленым парадку пытанне аб прызнанні дадзенага нарматыўнага акта неканстытуцыйным.

Прапаноў ад Вярхоўнага Суда і іншых судоў агульнай юрысдыкцыі ў мэтах выканання артыкула 112 Канстытуцыі ў 2018 годзе і папярэднія гады ў Канстытуцыйны Суд не паступала.

Канстытуцыйны Суд мяркуе, што ў мэтах забеспячэння вяршэнства Канстытуцыі, прынцыпу вяршэнства права неабходна ўдасканальванне прававога рэгулявання звароту судоў агульнай юрысдыкцыі ў Канстытуцыйны Суд з прэюдыцыяльным запытам аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўнага прававога акта, які падлягае прымяненню судом у канкрэтнай справе, у выпадку сумненняў у яго канстытуцыйнасці.

ІV

Поўнае і своечасовае выкананне рашэнняў Канстытуцыйнага Суда з'яўляецца важным паказчыкам узроўню канстытуцыйнай законнасці і забеспячэння канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян.

Канстытуцыйны Суд адзначае ў цэлым належнае выкананне рашэнняў Канстытуцыйнага Суда, а таксама ўлік заканадаўцам і іншымі нарматворчымі органамі ў сваёй дзейнасці яго прававых пазіцый.

У 2018 годзе выканана 10 рашэнняў Канстытуцыйнага Суда і рэалізавана 9 прававых пазіцый.

1. Выкананы рашэнні аб устараненні ў нарматыўных прававых актах прабелаў, выключэнні ў іх калізій і прававой нявызначанасці, прынятыя ў мэтах выканання канстытуцыйных прынцыпаў вяршэнства права і законнасці, рэалізацыі канстытуцыйнага права кожнага на судовую абарону.

1.1. У рашэнні «О правовом регулировании специальной конфискации» (прынята 6 чэрвеня 2017 г.) Канстытуцыйны Суд прызнаў неабходным у мэтах забеспячэння канстытуцыйнага прынцыпу вяршэнства права, абароны дзяржавай уласнасці, набытай законным спосабам, выключыць прававую нявызначанасць і ўстараніць прабел у Крымінальным кодэксе Рэспублікі Беларусь пры заканадаўчым рэгуляванні спецыяльнай канфіскацыі маёмасці зыходзячы з яе асаблівай прававой прыроды і палажэнняў міжнародна-прававых актаў.

Рашэнне Канстытуцыйнага Суда рэалізавана Законам Рэспублікі Беларусь ад 9 студзеня 2019 г. «О внесении изменений и дополнений в некоторые кодексы Республики Беларусь, згодна з якім Крымінальны кодэкс дапоўнены артыкулам 461 «Специальная конфискация», што вызначае паняцце і змест дадзенага прававога інстытута.

1.2. У рашэнні «Об обеспечении права на беспрепятственную и своевременную юридическую помощь в уголовном процессе» (прынята 21 чэрвеня 2017 г.) Канстытуцыйны Суд, грунтуючыся на канстытуцыйных палажэннях (часткі першая і другая артыкула 7, часткі першая і другая артыкула 59, артыкул 62 Канстытуцыі), прызнаў неабходным устараніць нявызначанасць прававога рэгулявання рэалізацыі канстытуцыйнага права кожнага на юрыдычную дапамогу для ажыццяўлення і абароны правоў і свабод, у тым ліку права карыстацца ў любы момант дапамогай адвакатаў, у частцы бесперашкоднага і своечасовага ўступлення адваката ў крымінальны працэс на любой яго стадыі шляхам унясення заканадаўцам адпаведных змяненняў і (або) дапаўненняў у нормы Крымінальна-працэсуальнага кодэкса.

Згодна з палажэннямі ўказанага Закона ад 9 студзеня 2019 г. у артыкулах 44, 47 і 48 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса выключаны тэрмін «допуск» у адносінах да абаронцы і, адпаведна, магчымасць адвольнага меркавання службовых асоб, якія вядуць крымінальны працэс, у дачыненні да ўдзелу абаронцы ў вядзенні па крымінальнай справе. Тым самым у крымінальна-працэсуальным законе атрымала развіццё канстытуцыйнае права кожнага на юрыдычную дапамогу для ажыццяўлення і абароны правоў і свабод.

1.3. У рашэнні «О правовом регулировании возбуждения уголовных дел частного обвинения» (прынята 27 лістапада 2015 г.) Канстытуцыйны Суд прызнаў неабходным устараніць прабел канстытуцыйна-прававога рэгулявання ўзбуджэння крымінальных спраў прыватнага абвінавачання шляхам унясення ў Крымінальна-працэсуальны кодэкс змяненняў і дапаўненняў, што прадугледжваюць узбуджэнне крымінальных спраў прыватнага абвінавачання ў выпадку смерці асобы, якая пацярпела ад злачынства, па заявах яе паўналетніх блізкіх сваякоў або членаў сям'і, а таксама абавязак органа крымінальнага праследавання абуджаць крымінальныя справы прыватнага абвінавачання пры адсутнасці звестак аб асобе, якая ўчыніла злачынства, указанае ў частцы 2 артыкула 26 гэтага Кодэкса.

Рашэнне рэалізавана палажэннямі вышэйназванага Закона ад 9 студзеня 2019 г., у адпаведнасці з якімі ў Крымінальна-працэсуальным кодэксе ўстаноўлена, што па справах прыватнага абвінавачання пры няздольнасці асобы, якая пацярпела ад злачынства, па ўзросце або стане здароўя выказваць сваю волю ў крымінальным працэсе або ў выпадку яе смерці — любы з яе паўналетніх блізкіх сваякоў або членаў сем'і, законны прадстаўнік маюць права выстаўляць і падтрымліваць абвінавачанне супраць асобы, якая ўчыніла злачынства; пацярпелы або яго правапераемнік мае права ў любы момант вядзення па крымінальнай справе адмовіцца ад абвінавачання (частка 1 артыкула 28); ва ўказаных выпадках крымінальная справа прыватнага абвінавачання ўзбуджаецца любым з яе паўналетніх блізкіх сваякоў або членаў сям'і, а таксама яе законным прадстаўніком або прадстаўніком юрыдычнай асобы шляхам падачы ў раённы (гарадскі) суд заявы аб учыненні ў адносінах да яе злачынства, прадугледжанага часткамі 2 і 3 артыкула 26 дадзенага Кодэкса (частка 1 артыкула 426); пракурор узбуджае крымінальную справу аб злачынствах, указаных у частцы 2 артыкула 26 гэтага Кодэкса, па заяве асобы, якая пацярпела ад злачынства, пры адсутнасці ў яе звестак аб асобе, якая ўчыніла злачынства (частка 51 артыкула 26).

2. У шэрагу рашэнняў Канстытуцыйны Суд прызнаў неабходным устараніць дэфекты ў сферы заканадаўчага рэгулявання адміністрацыйных і грамадзянскіх праваадносін, якія маюць канстытуцыйна-прававое значэнне.

2.1. У рашэнні Канстытуцыйнага Суда «Об установлении процессуального порядка освобождения от уплаты государственной пошлины за подачу в суд жалоб на постановления по делам об административных правонарушениях» (прынята 25 верасня 2013 г.) адзначана, што адной з важнейшых гарантый рэалізацыі права кожнага на судовую абарону яго правоў і свабод з'яўляецца ўстанаўленне ў працэсуальным заканадаўстве парадку вызвалення грамадзян ад выплаты дзяржаўнай пошліны; адсутнасць такога парадку ў адміністрацыйным працэсе прымяняльна да выпадку адсутнасці ў грамадзяніна магчымасці заплаціць дзяржаўную пошліну ў сувязі з маёмасным становішчам перашкаджае ажыццяўленню ім канстытуцыйнага права на судовую абарону.

Рашэнне выканана ўказаным вышэй Законам ад 9 студзеня 2019 г., у адпаведнасці з якім артыкул 12.2 Працэсуальна-выканаўчага кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях дапоўнены палажэннем аб праве суддзяў судоў агульнай юрысдыкцыі пры падачы ў суд скаргі на пастанову па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні, не звязанай з ажыццяўленнем прадпрымальніцкай дзейнасці, поўнасцю або часткова вызваліць фізічную асобу ад выплаты дзяржаўнай пошліны зыходзячы з яе маёмаснага становішча.

2.2. У рашэнні «Об ограничении дееспособности гражданина вследствие психического расстройства» (прынята 16 кастрычніка 2013 г.) Канстытуцыйны Суд у мэтах устаранення канстытуцыйна-прававога прабелу прызнаў неабходным унесці ў Грамадзянскі кодэкс змяненні і дапаўненні ў частцы замацавання магчымасці абмежавання дзеяздольнасці грамадзяніна з прычыны псіхічнага расстройства (псіхічнай хваробы або слабага розуму) у залежнасці ад ступені фактычнага зніжэння здольнасці разумець значэнне сваіх дзеянняў або кіраваць імі, а таксама прызнання абмежавана дзеяздольным грамадзяніна, раней прызнанага недзеяздольным з прычыны псіхічнага расстройства, у выпадку аднаўлення яго здольнасці разумець у пэўнай меры значэнне сваіх дзеянняў або кіраваць імі з замацаваннем грамадзянска-прававых наступстваў прызнання судом грамадзян, якія пакутуюць на псіхічныя расстройствы, абмежавана дзеяздольнымі.

Законам Рэспублікі Беларусь ад 17 ліпеня 2018 г. «О внесении изменений и дополнений в некоторые законы Республики Беларусь» артыкулы 29 і 30 Грамадзянскага кодэкса выкладзены ў новай рэдакцыі ў адпаведнасці з указаным рашэннем Канстытуцыйнага Суда.

2.3. У рашэнні «О реализации субъективного права при прекращении действия правовых норм» (прынята 18 снежня 2008 г.) Канстытуцыйным Судом адзначана, што пры страце нарматыўным прававым актам юрыдычнай сілы ў шэрагу выпадкаў існуе неабходнасць рэгулявання на працягу пэўнага часу адносін, якія ўзніклі ў перыяд яго дзеяння, у прыватнасці па рэалізацыі правоў і абавязкаў грамадзян і арганізацый, што пачалася да адмены (спынення дзеяння) гэтага акта.

Рашэнне выканана Законам Рэспублікі Беларусь ад 17 ліпеня 2018 г. «О нормативных правовых актах», якім вызначана, што ў нарматыўным прававым акце, што спыняе дзеянне ранейшага нарматыўнага прававога акта і пагаршае пры гэтым прававое становішча грамадзян і юрыдычных асоб, вызначаецца парадак прымянення такога акта да адносін, якія ўзніклі на аснове адмененага акта, а таксама магчымасць і парадак поўнай рэалізацыі суб'ектыўных правоў, якія ўзніклі на падставе прававых прадпісанняў, спыніўшых дзеянне, але поўнасцю не рэалізаваных.

3. Заканадаўцам рэалізаваны шэраг прававых пазіцый, выкладзеных Канстытуцыйным Судом у рашэннях, у тым ліку прынятых у парадку ажыццяўлення абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасці законаў.

3.1. У рашэнні аб міжнародных дагаворах (прынята 8 ліпеня 2013 г.) Канстытуцыйны Суд указаў на прававую нявызначанасць, якая выражаецца ў адсутнасці спецыяльных палажэнняў аб афіцыйным апублікаванні часова прымяняемых міжнародных дагавораў, у якіх могуць змяшчацца палажэнні, што непасрэдна закранаюць правы, свабоды і абавязкі грамадзян.

У Законе Рэспублікі Беларусь «О международных договорах Республики Беларусь», выкладзеным у новай рэдакцыі Законам Рэспублікі Беларусь ад 11 мая 2018 г., вызначаны адзіны парадак для афіцыйнага апублікавання ўсіх відаў міжнародных дагавораў.

3.2. У рашэнні па Законе Рэспублікі Беларусь «Об электронном документе и электронной цифровой подписи» (прынята 22 снежня 2009 г.) Канстытуцыйны Суд указаў на неабходнасць ліквідацыі прававой нявызначанасці палажэнняў дадзенага Закона ў частцы ўстанаўлення выпадкаў прымянення электроннага лічбавага подпісу ў якасці аналагу адбітка пячаткі або штампа, а таксама вызначэння юрыдычнай сілы электроннага дакумента, узноўленага не на папяровым, а на іншым матэрыяльным носьбіце.

Дадзеная прававая нявызначанасць устаранёна Законам Рэспублікі Беларусь ад 8 лістапада 2018 г. «О внесении изменений и дополнений в Закон Республики Беларусь «Об электронном документе и электронной цифровой подписи».

3.3. Заканадаўцам улічана прававая пазіцыя Канстытуцыйнага Суда, выказаная ім у рашэнні «О позиции Конституционного Суда Республики Беларусь по Закону Республики Польша «О Карте поляка» (прынята 7 красавіка 2011 г.) і пацверджаная ў шэрагу іншых рашэнняў.

Згодна з Законам Рэспублікі Беларусь ад 17 ліпеня 2018 г. «О внесении изменений и дополнений в некоторые законы Рес-публики Беларусь по вопросам защиты государственных секретов» артыкул 41 Закона Рэспублікі Беларусь «О государственных секретах», што замацоўвае часовыя абмежаванні правоў грамадзян, дапоўнены забаронай для грамадзян, якім прадастаўлены допуск да дзяржаўных сакрэтаў, атрымліваць ад замежных дзяржаў дакументы, што даюць правы на льготы і перавагі ў сувязі з палітычнымі, рэлігійнымі поглядамі або нацыянальнай прыналежнасцю, а таксама карыстацца такімі льготамі і перавагамі, калі іншае не вынікае з міжнародных дагавораў Рэспублікі Беларусь.

Канстытуцыйны Суд лічыць, што практычная накіраванасць дзяржаўных органаў і службовых асоб на поўнае і своечасовае выкананне рашэнняў і ажыццяўленне нарматворчай дзейнасці, зыходзячы з прававых пазіцый Канстытуцыйнага Суда, садзейнічае эфектыўнасці заканадаўчага рэгулявання, павышэнню даверу грамадзян да інстытутаў дзяржаўнай улады.

Пры гэтым Канстытуцыйны Суд адзначае, што наяўнасць у шэрагу выпадкаў значных часовых перыядаў ад прыняцця рашэнняў Канстытуцыйнага Суда да іх выканання не дазваляе своечасова забяспечваць прававое рэгуляванне з улікам у поўнай меры палажэнняў Канстытуцыі.

V

На падставе разгледжаных спраў і матэрыялаў, сістэмнага аналізу дзеючага прававога рэгулявання, вывучэння зваротаў грамадзян і арганізацый пры ажыццяўленні кантролю канстытуцыйнасці нарматыўных прававых актаў у дзяржаве Канстытуцыйны Суд прыходзіць да наступных вывадаў і прапаноў.

1. Ажыццяўляючы кантроль канстытуцыйнасці нарматыўных прававых актаў, Канстытуцыйны Суд у 2018 годзе праверыў 40 законаў, прынятых Палатай прадстаўнікоў і адобраных Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу, да іх падпісання Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. У цэлым усе законы, правераныя Канстытуцыйным Судом, прызнаны адпаведнымі Канстытуцыі.

Устанаўліваемае ў законах прававое рэгуляванне, заснаванае на прынцыпах і нормах Канстытуцыі, накіравана на стварэнне дзейсных прававых механізмаў рэалізацыі і абароны правоў і свабод асобы, забеспячэнне вяршэнства права, падтрыманне належнага ўзроўню канстытуцыйнай законнасці ў дзяржаве.

Разам з тым у некаторых законах выяўлены прабелы, калізіі і прававая нявызначанасць заканадаўчых палажэнняў, якія не парушаюць прынцыпаў і норм Канстытуцыі, не носяць сістэмнага характару і могуць быць устаранёны ў працэсе ўдасканальвання заканадаўчага рэгулявання. У шэрагу рашэнняў Канстытуцыйным Судом сфармуляваны прававыя пазіцыі і ў адрас правапрымяняльнікаў, якія арыентуюць на выкананне законаў з улікам выяўленага канстытуцыйна-прававога сэнсу норм у мэтах недапушчэння парушэння правоў і свабод у правапрымяняльнай практыцы.

2. Улічваючы, што Канстытуцыя з'яўляецца арганізуючай і развіваючай юрыдычнай асновай прававой сістэмы, крыніцай узнікнення і функцыянавання ўсіх галін заканадаўства, неабходна далейшая паслядоўная канстытуцыяналізацыя права.

Канстытуцыйны Суд лічыць, што нарматворчым органам патрэбна ўсебакова раскрываць патэнцыял Канстытуцыі ў прававым рэгуляванні розных сфер жыццядзейнасці грамадства і дзяржавы, абапіраючыся на канстытуцыйныя прынцыпы і нормы. Мэтазгодна ўвесці ў практыку заканатворчай дзейнасці ўстанаўленне ўзаемасувязі норм праекта закона з канстытуцыйнымі прынцыпамі і каштоўнасцямі, эфектыўнасцю іх рэалізацыі і абароны.

3. У сучасных умовах сістэма сацыяльных адносін, якая ўтварае сферу прававога рэгулявання, знаходзіцца ў стане дынамічнай трансфармацыі і ўскладнення, характарызуецца праяўленнямі нестабільнасці, нераўнамернасці тэмпаў і ўзроўняў пераўтварэння розных сфер грамадскіх адносін.

Канстытуцыйны Суд лічыць неабходным пры фарміраванні мадэлі прававога рэгулявання, улічваючы рознанакіраванасць і патэнцыяльную шматварыянтнасць развіцця, аптымальна выкарыстоўваць уплыў як дзяржаўна-прававога ўздзеяння, так і дзеяння ўнутраных механізмаў самарэгуляцыі. У гэтых мэтах патрабуецца прыняцце нарматыўных прававых актаў аб самарэгулюючых арганізацыях, а таксама мадэрнізацыя заканадаўства аб мясцовым самакіраванні.

4. Фарміраванне прававой дзяржавы абумоўлівае рэальнае ўвасабленне ідэй канстытуцыяналізму, зацвярджэнне прыя-рытэту правоў чалавека, якія не могуць быць парушаны законамі дзяржавы і яго дзеяннямі.

Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу Парламента, што ў прававым рэгуляванні сацыяльна-эканамічных, палітычных і асабістых правоў і свабод неабходна ўсямерна выкарыстоўваць прынцыпы агульнадазвольнага рэгулявання. Пры ўстанаўленні абмежаванняў правоў і свабод грамадзян патрэбна няўхільна забяспечваць прытрымліванне прынцыпу прапарцыянальнасці, гэта значыць разумнай суразмернасці абмежаванняў, якая не скажае сутнасці канстытуцыйных правоў і свабод.

5. Правы асобы — гэта стрыжань прававой сістэмы, пачатак, які вызначае яе сацыяльны, палітычны і спецыяльна-юрыдычны змест.

У сучасных умовах крытэрыем устойлівасці прававой сістэмы і ўзроўню развіцця дзяржавы і грамадства з'яўляецца здольнасць дзяржавы забяспечыць рэалізацыю канстытуцыйных правоў і свабод чалавека і грамадзяніна.

Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу, што ў заканатворчым працэсе неабходна выпрацоўваць новыя механізмы рэалізацыі і абароны правоў, прадугледжваць меры стымулявання творчага пачатку ў чалавеку, гарманізацыі адносін паміж асобай, грамадствам і дзяржавай.

6. Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу Парламента на важнасць своечасовага заканадаўчага рэгулявання рэалізацыі правоў новага пакалення. Улічваючы ўзмацненне ролі інфарматызацыі і лічбавізацыі на сучасным этапе, прававое рэгуляванне грамадскіх адносін у інфармацыйнай сферы павінна з'яўляцца прыярытэтным. У гэтых мэтах патрэбна прыняцце нарматыўных прававых актаў, накіраваных на абарону персанальных даных грамадзян, забеспячэнне інфармацыйнага суверэнітэту і кібербяспекі краіны.

7. Міжнародная інтэграцыя і кааперацыя з'яўляюцца дзейсным сродкам пераадолення выклікаў, абумоўленых працэсамі глабалізацыі.

Удзел Рэспублікі Беларусь у міждзяржаўных утварэннях
абумоўлівае неабходнасць забяспечваць захаванне прававога суверэнітэту і канстытуцыйнай ідэнтычнасці ва ўмовах узаемадзеяння міжнароднага, наднацыянальнага і нацыянальнага права. Пры гэтым акты міжнароднага і наднацыянальнага права не могуць абмяжоўваць суверэннае права беларускага народа самастойна вызначаць свой шлях развіцця, прымяншаць канстытуцыйныя правы і свабоды грамадзян.

Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу, што пры фарміраванні інтэграцыйнага прававога рэгулявання трэба выпрацоўваць дзейсныя механізмы забеспячэння балансу нацыянальных і наднацыянальных інтарэсаў зыходзячы з вяршэнства Канстытуцыі, канстытуцыйных асноў дзяржаўнага ладу, неабходнасці забеспячэння суверэнітэту, які з'яўляецца здабыткам усіх пакаленняў народа Беларусі.

8. У сучасных умовах якасць жыцця вызначаецца не толькі матэрыяльным набыткам, але і здольнасцю дзяржавы забяспечыць гарманізацыю грамадскіх адносін і сацыяльную згоду на аснове гуманізму і справядлівасці.

Зменлівыя сацыяльна-эканамічныя ўмовы патрабуюць адэкватных падыходаў да рашэння праблемы сацыяльнай справядлівасці шляхам стварэння роўных умоў для развіцця асобы, забеспячэння грамадзянам роўнасці стартавых магчымасцей для рэалізацыі асноўных правоў і свабод.

Пры гэтым Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу на неабходнасць развіцця сучаснага разумення справядлівасці ў заканатворчым працэсе, уліку духоўных асноў у нарматворчасці, рэальнага механізма ўзаемадзеяння маральных і прававых норм у практычным правапрымяненні.

9. Правасвядомасць грамадства аб'ядноўвае розныя сацыяльныя, нацыянальныя і іншыя інтарэсы, ідэалагічныя і маральна-духоўныя арыенціры для пошуку кампрамісу і згоды ў дасягненні канстытуцыйнай мэты — зацвярджэння Рэспублікі Беларусь суверэннай дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавай.

Для рэалізацыі канстытуцыйных мэт і каштоўнасцей неабходна сістэма мер агульнадзяржаўнай, агульнанацыянальнай, агульнаграмадзянскай падтрымкі, заснаванай на прынцыпе ўзаемнага даверу ўлады і народа.

Канстытуцыйны Суд лічыць, што ідэя зацвярджэння сучаснага канстытуцыяналізму павінна знаходзіцца ў аснове грамадскай правасвядомасці, рэалізоўвацца на ўсіх узроўнях прававога выхавання і фарміравання асобы як грамадзяніна, які свядома і добраахвотна выконвае законы сваёй краіны, здольны праяўляць канстытуцыйны патрыятызм пры абароне каштоўнасцей і ідэалаў Канстытуцыі.

Гэта Пасланне прынята на пасяджэнні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь 14 сакавіка 2019 г.

Старшынствуючы — Старшыня Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь П. П. Міклашэвіч.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.