Вы тут

Усе адценні чырвонага і Жанет замест Агілеры


Да Міжнароднага дня тэатра ў Мінску паставілі «Бурлеск».


...Музычны фільм «Бурлеск» з Шэр і Крысцінай Агілерай у галоўных ролях з’явіўся у 2010 годзе, налета атрымаў «Залаты глобус» за лепшую песню і ўсяго крыху недацягнуў да тытула лепшага мюзікла. Амаль праз дзесяць гадоў пераказаць на сучасны лад кранальную казку пра таленавітую правінцыйную дзяўчыну, якая марыла трапіць на вялікую сцэну, узяліся ў Беларусі — Маладзёжны тэатр эстрады прымеркаваў прэм’еру да Міжнароднага дня тэатра. Натуральна, у беларускім варыянце няма 130 кілаграмаў стразаў Свароўскі і ззяючага слова «Бурлеск», літары якога абышліся стваральнікам фільма ў 400 тысяч долараў — аднак новы мастацкі кіраўнік тэатра Уладзіслава АРЦЮКОЎСКАЯ абяцае відовішча з прафесійнай харэаграфіяй і беларускіх артыстаў, якія іграюць і спяваюць не горш за галівудскіх поп-дзіў.

— У нас будзе гэткае яркае трыо жаночых вобразаў з бландзінкі, брунеткі і рыжай, — інтрыгуе рэжысёр. — У галоўнай ролі Жанет — гэта не проста раскручанае імя, а насамрэч артыстка вельмі высокага ўзроўню, і паверце, яна па-новаму раскрываецца не толькі як спявачка, але і як актрыса. Ролю гаспадыні клуба «Бурлеск» выконвае Кацярына Мядзведзева: я для сябе ўпершыню адкрыла гэту артыстку і ацаніла, наколькі ў яе шыкоўны тэмбр і яркая індывідуальнасць... Дзяніс Кашавы і Віталь Молчан выконваюць галоўныя мужчынскія ролі — яны харэографы, але, што вельмі прыемна, не горш за прафесійных акцёраў спраўляюцца з дыялогамі і мізансцэнамі. Ёсць і новыя імёны — напрыклад, пераможца рэспубліканскага конкурсу маладых выканаўцаў «Маладзечна-2016» Аляксандр Саванец, удзельніца ансамблю «Верасы» Марыя Сцепушчонак.

— Хоць на афішы і напісана «паводле мюзікла Крыстафа Бека», гледачы, якія ўбачаць прэм’еру гэтай вясной, міжволі будуць параўноўваць пастаноўку з фільмам...

— Напэўна, будуць. Але мы не сталі капіраваць фільм. Захавалі толькі імёны герояў і асноўную сюжэтную лінію, аднак напісалі новыя лібрэта і музычныя трэкі, з якімі дапамаглі вопытныя кампазітары Павел Карпаў і Аляксандр Сухараў. Наогул, мы паглядзелі на гэту гісторыю з пункту гледжання сучасніка, увялі пэўныя сучасныя «фішкі», маладзёжны сленг.Мы робім эстраднае шоу, не класіку, не вадэвіль, а своеасаблівы сінтэз джазу і поп-музыкі. Я перакананая, што мюзікл — жанр вечны, а наколькі ён будзе цікавы публіцы, залежыць ад таго, як яго падаць. 

Для тэатра эстрады гэта тым больш цікавы эксперымент, што раней тут не ставілі мюзіклаў і не ўспрымалі выканаўцаў як акцёраў. Той жа Жанет давялося прывыкаць да таго, што мікрафон не ў руках, а за вухам, а ў Кацярыны Мядзведзевай, напрыклад, ёсць няпростая сцэна, дзе мужчыны трымаюць яе на руках, а яна спявае — не ў залу, а ўверх, у столь... З іншага боку, мюзікл дае больш цікавых магчымасцяў, таму для кожнага нумара прыдумляем пэўную разынку, стараемся зрабіць публіку часткай дзеі. Так, для перадачы клубнай атмасферы выкарыстоўваем спецыяльную шырокую лесвіцу, на якой стаяць столікі гледачоў, ёсць барная стойка, на якой танцуюць дзяўчаты ў купальніках... Падрыхтаваныя мноства эфектных касцюмаў у чырвоных тонах — мы называем іх паміж сабой «пяцьдзесят адценняў чырвонага». Адмовіліся ад панчох, гарсэтаў і пер’яў, як у фільме, стаўку зрабілі на дызайнерскія, больш стыльныя ўборы, якія падкрэсліваюць страснасць, пачуццёвасць. Але гэта ўсё прыгожа, без кроплі пошласці.

Што да магчымай рэакцыі крытыкаў у стылі «бурлеск — гэта не наша», Уладзіслава Арцюкоўская яе не баіцца: «Калі баяцца, то нічога новага не зробіш — так і будзем сядзець і крытыкаваць адзін аднаго. На мой погляд, эстрада — гэта тое месца, дзе можна і трэба рызыкаваць».

— Уладзіслава, вы прыйшлі ў Маладзёжны тэатр эстрады пасля працы на вялікіх пляцоўках: Палац Рэспублікі, «Мінск-Арэна», стадыёны... Ці не малавата каралеўства, ёсць дзе разгарнуцца творчаму палёту?

— Па адукацыі, атрыманай у Акадэміі мастацтваў у Лідзіі Манаковай, я якраз тэатральны рэжысёр, і паспела добра папрацаваць у тэатрах да таго, як мяне прыцягнулі да рэжысуры урачыстых масавых мерапрыемстваў. Летась займела новы вопыт — стала выкладчыкам ва Універсітэце культуры. А сёлета мяне запрасілі у тэатр эстрады, і так добра ўсё супала, бо тут можна прымяніць і вопыт, атрыманы на вялікіх пляцоўках, і веды з замежных стажыровак, і прыцягнуць да працы мноства таленавітых маладых артыстаў, з якімі разам, спадзяюся, атрымаецца ўзняць на новы ўзровень беларускую эстраду. Бо, што граху таіць, сёння параўнанне нават з суседнімі краінамі, Украінай і Расіяй, не на нашу карысць. Наколькі я ведаю, гэта пытанне хвалюе ўсіх людзей сферы мастацтва, ад саміх артыстаў да міністра культуры. Хочацца, каб імёны беларускіх артыстаў гучалі часцей, каб яны збіралі «Мінск-Арэну». У мяне мара — ехаць па горадзе і бачыць паўсюдна афішы толькі беларускіх выканаўцаў. Уласна, Маладзёжны тэатр эстрады і быў створаны як пляцоўка для пошуку і развіцця новых талентаў, і мне сёння вельмі хочацца аднавіць гэту працу.

У наступным годзе Тэатр эстрады пры падтрымцы Міністэрства культуры плануе правесці рэспубліканскую акцыю — маштабны тэлевізійны конкурс для маладых выканаўцаў і аўтараў, якія пішуць музыку — прычым не склікаць іх усіх у сталіцу, а пайсці ў рэгіёны, даць магчымасць кожнаму артысту паказаць сябе на ўсю краіну. «Ведаеце, — разважае Уладзіслава Арцюкоўская, — на балі выпускнікоў, які я рабіла, сабраліся 12 тысяч чалавек. І вось выступаюць Naviband — і ўсе выпускнікі ім падпяваюць! Я не слязлівы, дастаткова стрыманы чалавек — але тут наварочваліся слёзы радасці і гонару за беларускіх артыстаў. І вось гэта пачуццё гонару хочацца адчуваць часцей, таму будзем шукаць і падтрымліваць маладыя таленты».

P.S. Спрычыніцца да «Бурлеска» па-беларуску можна ў Маладзёжным тэатры эстрады 26, 27 і 28 сакавіка, а таксама 24 красавіка і 21 мая.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Асваенне адчужэння. Што паглядзець падчас экскурсіі ў радыяцыйнай зоне?

Асваенне адчужэння. Што паглядзець падчас экскурсіі ў радыяцыйнай зоне?

Ці небяспечныя такія «вылазкі» і колькі яны каштуюць?

Грамадства

Мітрапаліт Павел: Я ўдзячны, што Гасподзь павёў мяне па гэтым шляху

Мітрапаліт Павел: Я ўдзячны, што Гасподзь павёў мяне па гэтым шляху

Уладыка расказаў, чаму з асцярогай упершыню ехаў у Мінск у якасці мітрапаліта.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Добрая жонка і дома рай, а благая — хоць цягу дай

Грамадства

Як сучасныя палешукі рыхтуюцца да свята Уваскрэсення Хрыстовага

Як сучасныя палешукі рыхтуюцца да свята Уваскрэсення Хрыстовага

Аўтар «Звязды» расказвае на прыкладзе сваёй сям'і.