Вы тут

Колькі каштуе каханне?


Знайсці адказ на гэтае пытанне змаглі наведвальнікі спектакля, які так і называецца — «Колькі каштуе каханне?». Днямі ён быў прадстаўлены на сцэне сталічнага Палаца ветэранаў.


Які ж адказ даюць на такое важнае пытанне галоўныя героі дзеі? Яны кажуць, што «любоў не зайздросціць, любоў не ўзвышае сябе, не ганарыцца, не бясчынствуе, не шукае свайго, не раздражняецца, не памятае зла, не радуецца няпраўдзе, а радуецца ісціне; усё пакрывае, усяму верыць, на ўсё спадзяецца, усё пераносіць. Любоў ніколі не спыняецца».

У цэнтры сюжэта вельмі пакручастая гісторыя дзяўчыны Сары, больш вядомай ва ўсім наваколлі як Анёлак. Гэта той Анёлак, які ведае, як задаволіць жаданні самых розных мужчын... Зазвычай грамадства не прывыкла глядзець у бок такіх жанчын і тым больш суперажываць ім. Аднак яшчэ адзін галоўны герой драмы, Міхаіл, прымае няпростае рашэнне палюбіць такога Анёлка. Прычым яго любоў сапраўды чыстая, верная, моцная, здольная прайсці ўсе перашкоды на сваім шляху.

Разам з героямі пастаноўкі і плачаш, і перажываеш унутраны боль, і знаходзіш ацаленне ад яго, падставы радавацца і жыць далей.

Гэта той выпадак, калі спектакль дакладна не пакіне гледача абыякавым. І важны тут не візуальны складнік, хоць і з ім усё ў парадку: яскравыя касцюмы на ўзор часоў «залатой ліхаманкі», шыкоўныя ўпрыгажэнні, выразныя макіяжы і вытанчаныя прычоскі ўсіх гераінь. Аднак на гэтую пастаноўку варта ісці найперш каб перажыць тую гісторыю, якую перажываюць акцёры, прапусціць яе праз сябе і напрыканцы адчуць глыбокі ўнутраны супакой.

Спектакль зроблены па кнізе Франсіс Рыверз «Любоў выратавальная». Дарэчы, саму кнігу можна было набыць падчас антракту (ёсць яна і ў сеціве). Гэта была ўжо 18-я пастаноўка. Такі факт тым больш адметны, што тэатр «Мост Up», які падрыхтаваў яе разам са сваім рэжысёрам Алесяй Чайкай, з'яўляецца аматарскім. Аднак яны здолелі дэбютаваць з гэтай працай на сцэне Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, а потым выступіць і ў многіх іншых залах не толькі Беларусі, але і замежжа.

Наступны паказ спектакля «Колькі каштуе каханне?» запланаваны на май (дарэчы, на ролі галоўных герояў шукаюць дублёраў). Пакуль жа тэатр працуе над новай, не менш амбіцыйнай і глыбокай, пастаноўкай, якая будзе зроблена па кнізе Клайва Льюіса «Лісты Баламута», — прэм'ера чакаецца ўжо гэтай вясной.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Культура

Рэха «Славянскага базару»: чым запомніўся 28-ы па ліку мастацкі форум

Рэха «Славянскага базару»: чым запомніўся 28-ы па ліку мастацкі форум

За фестывальны тыдзень у Віцебску прайшло без малога дзве сотні падзей.