Вы тут

Прэм'ера забаўляльна-інтэлектуальнага шоу «На вылет!» пройдзе 31 сакавіка


Белтэлерадыёкампанія рыхтуе да запуску новы забаўляльна-інтэлектуальны праект — шоу «На вылет!», галоўны прыз якога складае 2000 беларускіх рублёў. Першыя чатыры выпускі інтэлектуальнай гульні ўжо запісаныя, а прэм'ера праекта, цэнтральнай дзеючай асобай якога стаў радыёвядучы і праграмны дырэктар станцыі «Unіstаr» Аляксандр Найдзёнаў, адбудзецца на «Беларусь 1» на наступным тыдні — 31 сакавіка.


Гульня, удзельнікаў якой ва ўзросце 18+ набіраюць па папярэднім запісе, складаецца з пяці раўндаў. У кожным з іх ігракі павінны правільна адказаць на пытанні вядучага — спачатку простыя, а потым усё больш мудрагелістыя, далёка па-за школьнай праграмай. Пры гэтым той, хто памыляецца альбо папросту не ведае адказу, сыходзіць «на вылет», і колькасць удзельнікаў няўхільна скарачаецца: спачатку іх 32, потым 16, 8, 4, 2... І як апетыт прыходзіць падчас яды, у гэтым выпадку азарт нараджаецца ў працэсе гульні, людзі ўсё больш уцягваюцца ў інтэлектуальнае спаборніцтва, і праявіць сябе можа абсалютна кожны. На ўсіх этапах ёсць свае спецыяльныя прызы, і каманда ў любы момант можа задаволіцца імі і пакінуць гульню — тады шанц паказаць сваю эрудыцыю атрымлівае каманда, якая раней прайграла. Пераможцу ж прапануюць узяць удзел у супергульні, і, калі ўдасца адказаць хоць бы на адно з трох зададзеных пытанняў, галоўны прыз у яго ў кішэні. Зрэшты, магчымыя і іншыя расклады і сюрпрызы, а таксама вяртанне ў барацьбу тых, хто выбыў з яе першы, — шанц выйграць ёсць практычна ў кожнага, і гэта робіць праект дынамічным і захапляльным. Асаблівае ж хараство і каштоўнасць новага шоу ў тым, што гэта не запазычаны з іншых каналаў і краін папулярны фармат, а ўласная, цалкам арыгінальная прыдумка.

«Мне спадабаўся атрыманы вынік, — падзяліўся пасля здымак аўтар ідэі і рэжысёр гульні «На вылет!» Яўген Папковіч. — Выйшла на сто працэнтаў тое, што я і задумваў, калі распрацоўваў правілы праекта. Больш за тое, у працэсе мантажу мы і самі захапіліся, уцягнуліся ў праграму, нібы наноў перанесліся на пляцоўку — спадзяюся, што гледачоў гульня таксама прыцягне».

Аляксандра Найдзёнава, у якога вялікі вопыт работы на радыё, але для тэлебачання гэта чалавек новы, абралі на ролю вядучага праз кастынг — стваральнікаў праекта падкупіў не толькі інтэлект вядучага, але і яго асаблівая харызма. «Ведаеце, ён умее прымяніць дзве грані: як выклікаць сімпатыю з першага позірку, так і ўключаць адмоўнае абаянне, халодную стрыманасць. Нам падалося, гэта менавіта тое, што патрэбна для праграмы, — расказаў «Звяздзе» рэжысёр. — Да таго ж, Саша малайчына, раней ніколі не здымаючыся, ён вытрымаў вялізную нагрузку — у адзін дзень мы запісвалі чатыры праграмы, так што можна толькі ўхваліць яго за гэтую вытрымку і самаадданасць у працы».

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».