Вы тут

Мэр Брэста Аляксандр Рагачук: Дзеці ў пясочніцах на касцях гуляць не будуць


У Брэсце працягваюцца раскопкі на месцы былога гета. Падняты астанкі амаль тысячы чалавек

У самым цэнтры Брэста, куды прыйшоў інвестар, каб распачаць будаўніцтва квартала сучаснай жылой забудовы, працягваюцца раскопкі. Па стане на мінулы тыдзень ужо паднялі астанкі 990 чалавек. Раскопкі працягваюцца. Не выключаецца, што будзе выяўлена яшчэ адна вялікая магіла. Можа, так лёсу было заўгодна, каб напярэдадні вялікіх юбілейных святкаванняў усё гэта выявілася і рэшткі людзей нарэшце былі пахаваныя па-чалавечы...


З гісторыі пытання

У раёне будоўлі, фота Валерыя КАРАЛЯ

У квартале, абмежаваным цяперашнімі вуліцамі Дзяржынскага, Куйбышава, Савецкай і праспектам Машэрава, падчас вайны знаходзілася гета. Паводле гістарычных звестак, у першыя два гады вайны было знішчана 28 тысяч брастаўчан яўрэйскай нацыянальнасці. Тысячы вязняў вывозілі і расстрэльвалі за горадам, таксама ў Бярозаўскім раёне, іншых забівалі на месцы, тут жа закопвалі. Як расказваюць карэнныя брастаўчане, у 50-х, 60-х, 70-х гадах астанкі людзей таксама знаходзілі, вывозілі кудысьці. Але рабілі гэта ціха, амаль засакрэчана. Зараз жа ніхто і ўявіць не мог, што тут яшчэ ляжаць косці тысяч ахвяр халакосту. Нядаўнюю сустрэчу з журналістамі старшыня Брэсцкага гарвыканкама Аляксандр РАГАЧУК пачаў з гісторыі пытання.

— На жаль, гэта не метафара, што Брэст стаіць на касцях. На месцы плошчы Леніна былі могілкі часоў Першай сусветнай вайны. У цэнтральным гарадскім парку справа ад дыскатэкі ляжаць нямецкія салдаты, з левага боку — венгерскія вайскоўцы. Нядаўна па праспекце Машэрава ў раёне помніка Афанасію Брэсцкаму ўзнялі для перапахавання рэшткі салдат Вермахта. Падчас рэканструкцыі Гарадскога саду сёлета знайшлі сляды пахавання і чалавечыя косці.

Многа налічваецца трагічных старонак у гісторыі тысячагадовага горада над Бугам, асабліва іх шмат у ХХ стагоддзі. Але трагедыя гета стаіць асобна менавіта з-за колькасці ахвяр. Зноў яна напомніла аб сабе цяпер.

Раскопкі

Аляксандр Рагачук паказвае старыя будынкі «Прыбужскага квартала», фота Валерыя КАРАЛЯ

У самым пачатку года на азначаную пляцоўку прыйшоў забудоўшчык — чарговы інвестар. Чарговы, таму што гэта не першая спроба прывесці да ладу квартал у цэнтры горада з напаўбарачнымі будынкамі, вулічнымі туалетамі. Быў ужо італьянец у 2007 годзе. Але з ім дагавор вымушаны былі скасаваць, бо інвестар не выконваў уласных абавязацельстваў. Толькі ў 2016 годзе знайшоўся новы патэнцыйны інвестар. Спатрэбіўся час для вырабу праектна-каштарыснай дакументацыі, іншых падрыхтоўчых мерапрыемстваў. І ў студзені будаўнічая кампанія прыступіла да работы. 17 студзеня падчас пракладкі катлавана знайшлі першыя астанкі. Ужо 18 чысла гарвыканкам звярнуўся ў Міністэрства абароны з адпаведнай просьбай. І хоць план пошукавых работ на год быў даўно зацверджаны, міністэрства пайшло насустрач. Усе раней намечаныя работы былі адменены, праз некалькі дзён асабовы склад 52-га спецыялізаванага пошукавага батальёна Мінабароны быў у Брэсце. Літаральна ў першы тыдзень раскопак стала ясна, што ўсе папярэднія разлікі-меркаванні нічога не вартыя. Бывалі дні, калі байцы паднімалі астанкі дзясяткамі, ледзь не сотнямі за дзень.

— З самага пачатку мы ведалі, што можам наткнуцца на сляды пахаванняў, аб гэтым быў папярэджаны інвестар, але такой лічбы ніхто не чакаў. Нават гісторыкі. Гэта быў шок! — не хавае эмоцый Аляксандр Рагачук.

Формы ўвекавечвання

У гарвыканкам тады запрасілі кіраўнікоў яўрэйскіх абшчын Брэста. З імі былі абмеркаваны далейшыя дзеянні па ўвекавечванні памяці. Грамадскія актывісты ў цэлым згадзіліся з тым, што прапаноўваў гарадскі выканаўчы камітэт. Галоўнае, што месца пахавання не трапляе канкрэтна пад забудову. Гэта значыць, фундаменты будынкаў не кладуцца на грунт, у якім да нядаўняга часу знаходзіліся косці. Адлегласць ад траншэі-магілы да бліжняй сцяны складае пяць метраў. Тут не будзе гульнявых пляцовак, нават не будзе паркоўкі альбо нечага падобнага. Толькі зялёная трава.

Вось са знакам альбо абазначэннем месца пахавання трэба як след падумаць, лічыць старшыня гарвыканкама. З ім нельга не пагадзіцца. Зараз, дарэчы, мясцовая ўлада прапануе вынесці знак-барэльеф на праспект Машэрава. Гэта адна з вуліц, якія абмяжоўваюць названы квартал, і галоўная магістраль горада. На гэтым месцы знак будзе больш прыкметны і для гараджан, і для турыстаў. А помнік вязням гета знаходзіцца менш чым за сто метраў ад названага квартала. Магчыма, яго трэба абнавіць і ўдасканаліць альбо на яго месцы наогул паставіць новы. Пакуль гэтыя пытанні знаходзяцца на ўзроўні прапаноў і адкрытыя для абмеркавання. Інвестар «Прыбужскага квартала» гатовы прафінансаваць увекавечванне нявінных ахвяр фашызму.

Перапахаваць і помніць

Астанкі былых жыхароў горада будуць перапахаваныя ў маі на Паўночных могілках. Там, дарэчы, ужо знайшлі спакой астанкі з месца расстрэлу 350 яўрэяў у Гершонах. Праект мемарыяла распрацоўвае гарадская архітэктура па даручэнні кіраўніцтва горада. Магчыма, гэта будзе нейкая агульная магіла з абеліскам, якую абазначаць архітэктурнымі формамі. Пасля таго як скончацца работы па эксгумацыі ўсіх астанкаў, а таксама шурфаванне ўсёй тэрыторыі, стане вядомым дзень перапахавання. На цырымонію зможа прыйсці кожны, каму неабыякавае мінулае горада, хто захоча ўшанаваць памяць ахвяр вайны. Гэтая кампанія пройдзе за кошт сродкаў гарадскога бюджэту. Далучыцца, у тым ліку да фінансавання, могуць усе ахвотныя.

— Цяперашнія прыборы і тэхналогіі даюць магчымасць вельмі дакладна абследаваць зямлю, — сказаў старшыня гарвыканкама. — Мне прынцыпова важна, каб дзеці ў пясочніцах не гулялі на касцях. Таму і праводзіцца такая скрупулёзная работа, абследуецца кожны сантыметр зямлі. Усе астанкі людзей будуць узнятыя на паверхню і належным чынам пахаваныя. Гэта ж страшна, нават уявіць і асэнсаваць цяжка, што людзей стралялі тысячамі і закопвалі абы-як, фактычна толькі прысыпалі.

х х х

Недзе ў інтэрнэце прамільгнула пытанне-разважанне, звязанае з цяперашнімі брэсцкімі раскопкамі: «Няўжо ніхто не спрабуе ідэнтыфікаваць рэшткі на прадмет сваяцтва?» Наіўнае пытанне. Няма каму гэта рабіць. Знішчалі ж цэлымі сем'ямі. Забівалі нямоглых старых і груднічкоў-немаўлят. У гэтым пекле не засталося цётак-пляменнікаў, стрыечных братоў і сясцёр. У кнізе «Памяць. Брэст» ёсць спісы 12 тысяч вязняў-ахвяр гета, тых, каго ўдалося ўстанавіць. Там значыцца, напрыклад, 11 чалавек з прозвішчам Высоцкі. Магчыма, гэта далёкія сваякі знакамітага спевака. Як вядома, дзед Уладзіміра Высоцкага быў родам з Брэста. З брэсцкіх Высоцкіх не засталося нікога. Як і з сем'яў Авярбухаў, Балглеяў, Гольдманаў, Пятрушкаў, Шчадравіцкіх, Рапапортаў... Нядаўна размаўляла з маладой жанчынай, бабуля і дзядуля якой прыехалі адразу пасля вайны ў Брэст на работу. Ім прапанавалі на выбар пустыя яўрэйскія кватэры з мэбляй, посудам, адзеннем. Яны занялі адну і сталі жыць, як і іншыя іх суседзі... Я гэта да таго, што ніколі не шкодзіць ведаць гісторыю свайго горада. Дый справа гонару цяперашніх гараджан, іх абавязак — прыстойна аддаць даніну павагі людзям, што загінулі ў 1941—1942 гадах. І помніць.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.