Вы тут

Аляксандр Вінчэўскі: Жанчыны падобныя на птушак


Мужчыны і жанчыны... Мы такія розныя, што часам сцяна паміж намі здаецца непераадольнай. Але ці так гэта? Бо сучасныя мужчыны гэтак жа, як і жанчыны, імкнуцца да ўзаемапаразумення. У пошуках праўды і мужчынскага пункту гледжання «Алеся» сустрэлася з Аляксандрам Вінчэўскім, біёлагам і арнітолагам, дырэктарам грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны». Аляксандр падзяліўся думкамі пра тое, што ёсць каханне з заалагічнага пункту гледжання, чаму некаторыя мужчыны аспрэчваюць фемінізм і ці ў кожнай пары патрэбна роўнасць.


Аляксандр Яўгенавіч Вінчэўскі, дырэктар грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны», у мінулым — тэматычны каардынатар прыродаахоўных праектаў ПРААН у Беларусі, аўтар папулярных выданняў аб прыродзе для дзяцей.

— На што ў першую чаргу звяртае ўвагу мужчына пры знаёмстве з жанчынай?

— На знешні выгляд, вядома. Але ўвогуле для характарыстыкі жанчыны і таго, чым яна запомніцца пасля, гэта амаль не важна. А вось характар абавязкова стварае ўражанне.

Калі вылучаць дробязі, то мой погляд чамусьці заўсёды чапляецца за бровы. Па іх можна сказаць, як жанчына даглядае сябе. У дзяцінстве і юнацтве я лічыў, што вышчыпваць бровы — гэта лішняе. А цяпер звяртаю ўвагу на гэта. У кагосьці бровы занадта тоўстыя, у кагосьці занадта тонкія, некаторыя дамы ўвогуле ўсё выскубаюць і малююць новыя. Мне здаецца, па бровах можна ацаніць густ жанчыны.

— Ці можна вылучыць тры якасці «сапраўднай жанчыны»?

— Гэта было б па-сексісцку. І хто ў такім выпадку «несапраўдная» жанчына? Мне здаецца, станоўчыя якасці мужчын і жанчын не павінны адрознівацца. Я магу назваць тры якасці ў людзях, якія мне падабаюцца: добразычлівасць, вера ў сябе, пачуццё гумару.

— Што такое жаночая логіка?

— Гэта інтуітыўная логіка. Але я не кажу, што яна нейкая няправільная. Калі мы, мужчыны, робім высновы на падставе фактараў, якія можам ацаніць, то жанчыны падсвядома ўлічваюць тыя рэчы, якіх мы не бачым ці не счытваем. У іх мультыфактарнае мысленне, і яны шматзадачныя. Фізіялагічна мозг жанчын уладкаваны па-іншаму, таму некаторыя моманты яны ўлічваюць, нават не ўсведамляючы гэтага. Але я разважаю зыходзячы са свайго досведу, бо мужчыны, як і жанчыны, бываюць розныя.

— Пра што марыць кожны мужчына?

— У кожным узросце мараць пра рознае. Пакуль няма жонкі — сустрэць такую жанчыну, якая магла б ёю стаць. Калі ёсць жонка і дзеці — пакінуць пасля сябе на Зямлі добры след.

Прынамсі, я імкнуся накіраваць свае намаганні на тое, каб захаваць планету і прыроду Беларусі па максімуме. Інакш навошта жыць? Зарабіць грошай і патраціць іх на новы дом, машыны, паездкі? Калі чалавек мае толькі такія мэты — гэта сумна.

— Жанчыны падобныя на...

— Наогул, мне здаецца, яны падобныя на птушак. Яны ўпрыгожваюць наша жыццё, адзяваюцца лепш за нас, галасы ў іх больш высокія, і, як правіла, жанчыны больш узвышаныя і мяккія. Я працаваў у розных арганізацыях і зразумеў, што не хацеў бы працаваць у выключна жаночым або выключна мужчынскім калектыве. Змешаны тып арганізацыі — ідэальны.

— Чаму жанчыны так часта плачуць?

— Таму што яны не хаваюць слёз. А некаторыя нават маніпулююць з іх дапамогай — гэта сумна, але такое ёсць.

Мужчыны трымаюць сябе ў руках, але гэта не значыць, што яны чэрствыя. Мяне, напрыклад, даволі лёгка расчуліць. Але так, каб пакрыўдзілі і я заплакаў, — не, такога не памятаю...

— Каханне існуе?

— Без сумнення. І нават магу сцвярджаць, што ў жывёл яно таксама ёсць: і на ўсё жыццё, і часовае. Яны сапраўды гэтак жа пакутуюць ад кахання. Так што ў каханні паміж людзьмі сумнявацца ўвогуле не прыходзіцца.

— А што такое каханне?

— Ведаеце, я шмат хадзіў па лясах і балотах і не заўсёды думаў на біялагічныя тэмы. Думкі аб паводзінах жывёл мяжуюць з аналогіямі сярод людзей. І я прыйшоў да высновы, што, калі людзі ўлюбляюцца ў сваіх куміраў (спевакоў, акцёраў і інш.), — гэта больш біялагічнае каханне. Калі казаць пра яго з заалагічнага пункту гледжання, то, напрыклад, ёсць прывабныя альфа-самцы, да якіх падсвядома цягнуцца самкі. Чым часцей і гучней спявае, напрыклад, самец салаўя, тым ён больш прывабны для самак.

Але ў людзей з'яўляецца яшчэ адзін фактар. Каханне мужчыны і жанчыны, любоў бацькоў і дзяцей — ці ёсць нешта агульнае паміж імі? Так. Давер. Дзіця давярае бацькам, жанчына — мужчыну, і наадварот. У той момант, калі людзі ў пары пачынаюць ва ўсім давяраць адно аднаму — і ў патаемным, і ў звычайным, — зараджаецца менавіта гэтае глыбокае каханне

Людзі разводзяцца, калі гэты давер губляецца. Толькі з-за гэтага...

— Ад чаго вы змаглі б адмовіцца дзеля кахання?

— Аднойчы я адмовіўся дзеля кахання ад кар'еры. У свой час мне прапанавалі пасаду ў еўрапейскім офісе BіrdLіfе Іntеrnаtіоnаl, міжнароднай арганізацыі па абароне дзікай прыроды. Калі паўстала пытанне аб пераездзе ў Брусель, дзеці яшчэ вучыліся ў школе, і яны не захацелі яе мяняць. А мы з жонкай, вядома, не хацелі іх прымушаць. Жонка казала, каб я ехаў, што мы зможам мець зносіны на адлегласці. Але я зразумеў, што, калі паеду, страчу сям'ю.

Зараз я гляджу на калег, якія раз'язджаюцца дзеля кар'еры. Яны не разрываюць сем'яў, проста жывуць у розных краінах, сустракаюцца з рознай рэгулярнасцю. Можа, у іх любоў нейкай страшнай сілы, якая дазваляе ім быць адно ад аднаго на адлегласці столькі часу?

— Калі жанчына зарабляе больш...

— Выдатна! Значыць, мужу пашанцавала. (Смяецца.) Не бачу нічога дрэннага. Вядома, калі мужчына будзе атрымліваць 200 рублёў і не зможа пражыць без дапамогі жонкі — гэта ненармальна. А калі наадварот? Такая сітуацыя для нас традыцыйная, бо, калі ў сям'і маленькія дзеці, па-іншаму быць не можа: жанчына дома з дзецьмі... Многае залежыць ад таго, як пара фарміруе бюджэт. У мяне цяпер жонка зарабляе больш. Але ў нас няма ніякіх неладоў з гэтай нагоды. Яна ж мяне не ўтрымлівае, і нас усё задавальняе.

— Хто ў сям'і галоўны?

— У нашай сям'і жонка кажа, што я галоўны, а я лічу, што мы на роўных і вырашаем усё разам.

Мне здаецца, гэтыя пытанні залежаць ад канкрэтнай сям'і і канкрэтных мужчыны і жанчыны. Часам ім нельга быць на роўных, таму што бываюць жанчыны-лідары і мужчыны-лідары. Я ведаю сем'і, дзе жанчына — лідар і мужчына ад гэтага проста шчаслівы.

Галоўны чалавек у сям'і павінен браць на сябе адказнасць. Не толькі нешта самастойна, не раячыся, вырашаць, але і ў выпадку чаго адказваць за свае памылкі. Мы з жонкай дзелім адказнасць напалам, пакуль праблем з гэтым не было. У большасці пытанняў, якія трэба было вырашаць, атрымлівалася знайсці кансэнсус. У нас так, таму што мы прыкладна аднолькавай кампетэнцыі, аднолькавага сацыяльнага пласта, падобных поглядаў. Але наша роўнасць — гэта не ідэал, да якога трэба імкнуцца, таму што для кожнай сям'і ўсё індывідуальна.

— Вы абараняеце рэдкія віды птушак, а ці трэба абараняць жанчын ад чагосьці? Бо кажуць, што жанчына — слабы пол...

— Жанчын трэба абараняць, як і мужчын, як і дзяцей. Гэта значыць, трэба абараняць усіх, хто несправядліва пакутуе. Я б не рабіў фокусу на жанчынах. Пра тое, што яны слабы пол, кажуць традыцыйна. Ёсць жа такія, што мацнейшыя за ўсіх мужчын! Але калі разглядаць жанчын як сацыяльную групу, важна абараняць іх ад дыскрымінацыі і гвалту.

— Як вы ставіцеся да фемінізму? Многія мужчыны крывяцца, пачуўшы гэтае слова.

— Стаўлюся вельмі станоўча, бо гэта барацьба за роўныя правы. Я лічу сябе феміністам. І я скажу, чаму мужчыны крывяцца. Па-першае, яны не ведаюць дакладнага азначэння. Я сам здзівіўся, калі прачытаў пра роўныя правы. А па-другое, курчыць ад псеўдафемінізму. Таму што гэтага зараз вельмі шмат. Многія жанчыны думаюць, што фемінізм — гэта імкненне да таго, каб у іх было больш правоў, чым у мужчын. А сапраўдны сэнс — у разумнай роўнасці. Таму мне падаецца важным, каб было больш жанчын на кіруючых пасадах, бо ў жанчын іншы погляд на свет.

— Як зрабіць так, каб адносіны не астылі?

— Абдымацца і цалавацца кожны дзень. У мяне ў сям'і менавіта так. (Усміхаецца.)

Віталіна БАНДАРОВІЧ

Фота з сямейнага альбома Аляксандра Вінчэўскага

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як уцягнуць у абарачэнне землі, вызваленыя з-пад інвазійных раслін?

Як уцягнуць у абарачэнне землі, вызваленыя з-пад інвазійных раслін?

Гэта паказалі на прыкладзе Мінскага і Валожынскага раёнаў.

Грамадства

Мужчыны расказваюць пра сваё жыццё ў дэкрэце

Мужчыны расказваюць пра сваё жыццё ў дэкрэце

На сямейным фестывалі «ТатаPro» таты, якія вырашылі пайсці ў дэкрэтны адпачынак або раздзяліць яго з жонкай, падзяліліся сваімі гісторыямі і расказалі пра тонкасці дэкрэта.

Грамадства

​Як беларускія вучоныя ствараюць умовы для спартыўных перамог

​Як беларускія вучоныя ствараюць умовы для спартыўных перамог

Спартыўныя дасягненні чалавека прыблізна на 75 % залежаць ад яго генетыкі.