Тры гады таму прозвішча Трыкоза ўжо было на слыху. Шматдзетная сям'я ўдастоілася звання найлепшай у Мінску. Тады Уладзіслаў і Юлія падзяліліся формулай уласнага шчасця: «Каб быць прыкладам для сваіх дзяцей, нічога асаблівага не трэба. Любіць адно аднаго, клапаціцца і паважаць». Сёння мы зірнём на адносіны ўнутры сям'і з пункту гледжання матулі і пагаворым аб яе працы ў Генеральнай пракуратуры, кніжках па выхаванні і жаночым харастве.
— Я расла ў звычайнай савецкай сям'і: мама, тата, малодшы брат. Жылі сціпла, але дружна. Асабліва весела было, калі на святы да нас прыязджалі матуліны сёстры і браты з дзецьмі. Ужо тады я разумела: вялікая сям'я — гэта добра, — пачынае Юлія.
— Вас можна назваць прыкладам той жанчыны, вобраз якой сёння можа лічыцца эталонным. Дасягнулі поспеху і ў кар'еры, і ў сямейных справах.
— Прызнаюся, кар'ерысткай сябе ніколі не бачыла, хоць і маю тры вышэйшыя адукацыі. Мая першая спецыяльнасць звязаная з эканомікай, па другой я спецыяліст мытнай справы, трэцяя адукацыя — юрыдычная.
Дочкам кажу: першым чынам — сям'я, а пасля ўсё астатняе. У мяне менавіта так і атрымалася. Рабіць стаўку толькі на кар'ерны рост, намерана адмаўляючыся ад астатніх сфер жыцця, не варта.
Я сапраўды лічу, што паколькі мы жанчыны, то і першае, што мы павінны зрабіць на гэтай зямлі, — гэта нарадзіць дзяцей! Дзеці — самае найлепшае. Не кожная з нас гэта да канца разумее.
— Вы працуеце старшым пракурорам упраўлення Генеральнай пракуратуры па наглядзе за выкананнем заканадаўства на транспарце і ў мытных органах Генпракуратуры. Такая пасада, безумоўна, патрабуе цвёрдасці характару. А дома дзеці: там трэба быць ласкавай матуляй. Як знаходзіце баланс?
— Па вялікім рахунку я «белая і пушыстая», аднак у любы момант магу расставіць усе кропкі над «і», калі гэтага патрабуе сітуацыя. Важна ўмець ставіцца да людзей з разуменнем, але не патураць кожнаму капрызу. На працы ўсё проста: ёсць патрабаванні заканадаўства, у межах якіх мы дзейнічаем.
Многія думаюць, што жанчыны ў нашай прафесіі чарсцвеюць. Але гэта не так. Кожная з нас прыгожая душой і сэрцам, проста прафесія ў нас адказная і патрабуе знешняй і ўнутранай сур'ёзнасці.
— Вечнае пытанне да шматдзетных матуль, якія працуюць: як усё паспяваць?
— Пра гэта ў мяне запытваюцца ўсе мае сяброўкі і нават калегі па працы. Сакрэт у добра спланаваным распарадку дня. Я і сама раней не ведала, колькі можна паспець за суткі, калі ўсё загадзя прадугледзець. Возьмем нядаўні выхадны: у 9 раніцы мы былі ў аквапарку, у гадзіну ўжо знаходзіліся на модным паказе, дзе дэфіліравалі нашыя дзяўчаткі, увечары яшчэ і ў госці з'ездзілі. Ніякіх дзённікаў не вяду і нічога не запісваю — усё трымаю ў галаве.
Я імкнуся ў кожным дне знаходзіць нешта пазітыўнае. Радуюся сонцу, добрым навінам, прыемным словам. І дзецям сваім заўсёды гавару: радуйся кожнаму дню, рабі па магчымасці ўсё найлепшым чынам. Калі што-небудзь паправіць не ў тваіх сілах, не трэба расстройвацца.
— Ёсць думка, быццам чым больш дзяцей, тым прасцей іх выхоўваць. Праўда?
— Таццяне зараз ужо 14, Кацярыне — 12 і сыну Аляксандру — 10 гадоў. Першае дзіця дае табе новы досвед. Калі нараджаецца другое ці трэцяе, ты, здаецца, ужо і ведаеш, чаго чакаць. Але лягчэй усё роўна не становіцца. Усе дзеці маюць свой непаўторны характар, тэмперамент. Калі ў дзяцей маленькая розніца ва ўзросце, першыя два-тры гады маці няпроста, але дзецям ніколі не бывае сумна. Яны заўсёды гулялі разам, прыдумвалі розныя забавы. І цяпер яны добра паміж сабой ладзяць.
Думаю, з трыма можа справіцца кожная пара. Гэта няпроста, але рэальна. Трэба любіць дзяцей, яны павінны быць жаданымі. Але спланаваць усё ў гэтай сферы дакладна не атрымаецца, ды і навошта?
— Мы жывем у час інфармацыйнага грамадства. Шматлікія эксперты, блогеры і доктары па ТБ, у прэсе і праз сацсеткі вучаць «уменню быць мамай». Прычым многія даказваюць абсалютна супрацьлеглыя думкі. Як не згубіцца ў інфармацыйнай плыні?
— Калі рыхтавалася стаць мамай упершыню (а было гэта на пачатку 2000-х), інтэрнэт яшчэ не ўвайшоў у наша жыццё. Затое літаратуры для будучых бацькоў хапала. Кніг тады я прачытала шмат і першым часам нават спрабавала прытрымлівацца пэўных парад. Але ў працэсе зразумела, што многае з напісанага не мае нічога агульнага з рэальным жыццём. Лічу, што трэба валодаць інфармацыяй, аднак не «губляць галаву» і дзейнічаць па абставінах.
— Самая важная думка, якая прыйшла да вас з нараджэннем дзяцей?
— Дзеці — гэта наша шчасце, нашы нашчадкі, наш працяг, нават у дробязях. Бывае, гляджу на іх і заўважаю ў пэўных звычках ці рысах сябе ці мужа. Яны не бачылі, як мы ў свой час нешта рабілі, але зараз падрастаюць і паступаюць такім жа чынам.
Таму так важна выхоўваць не словам, а справай. Мы вядзём актыўнае жыццё: ходзім у кіно, займаемся спортам, выязджаем за горад, імкнёмся правесці водпуск на моры. Думаю, што свае сем'і дзеці будуць будаваць па нашым прыкладзе. Усё тое, што ўпітаюць зараз, перададуць нашым унукам.
— Адна з прычын канфліктаў у беларускіх сем'ях — розныя погляды партнёраў на выхаванне дзяцей. Як пары дасягнуць кампрамісу ў гэтым пытанні?
— З самага пачатку абмеркаваць сваё бачанне выхавання. Паміж бацькамі павінен быць поўны давер. Нельга дапусціць сітуацый, калі тата забараняе нешта, а мама дазваляе, ці наадварот. Гэта падрывае аўтарытэт аднаго з бацькоў у вачах дзяцей. Яны не разумеюць, што трэба рабіць, і нават могуць маніпуляваць такім чынам бацькамі.
Мы з мужам дамовіліся, што збольшага дзецьмі буду займацца я. У мяне і магчымасць была, калі што, скарэктараваць працоўны дзень, выйсці на бальнічны. Ён мужчына і са сваёй прафесіяй такога дазволіць сабе не можа. Паколькі дзеці мяне бачаць часцей, то ў нашай сям'і я гэткая «Бабка Ёжка». (Усміхаецца.) Больш строгая і патрабавальная. Калі нарадзіўся Саша, муж тры гады працаваў пракурорам у Гомелі. Ён прыязджаў дадому толькі на выхадныя. Калі б не дысцыпліна і строгі парадак, якія панавалі ў той час у нашым доме, то мне было б вельмі цяжка.
— Не магу не адзначыць, што выглядаеце вы шыкоўна! Зусім не падобныя на стэрэатыпны вобраз шматдзетнай маці: стомленай жанчыны, якая махнула рукой на прыгажосць.
— Але я таксама бываю стомленай! Магу прыйсці з працы і папрасіць у дзяцей «гадзінку цішыні». Яны ўжо падраслі і разумеюць. Немагчыма ўвесь час знаходзіцца на ўздыме, нешта не атрымліваецца і можа ісці не так, як хочацца. У такія моманты я зачыняюся ў пакоі, бяру кніжку ці ўключаю добры фільм.
А наконт жаночага хараства... Колькі б дзяцей ні было, нельга забываць, хто мы ёсць. Жанчына павінна заўсёды выглядаць прыгожа. Я нават падчас дэкрэту старалася быць прывабнай, мне самой падабаецца, калі я выглядаю добра. Каб гэтага дасягнуць, я займаюся спортам: плаваю, хаджу ў спартзалу. Хочацца быць прыгожай не толькі для мужа і дзяцей, але і для ўласнай упэўненасці.
— Юлія, аб чым марыце?
— Ёсць у нас з Уладзіславам адна даўняя-даўняя мара — адправіцца куды-небудзь удваіх хоць на тыдзень. У нас не было вясельнага падарожжа: спачатку на працы не адпускалі, а з нараджэннем дзяцей было ўжо не да гэтага. Але мы не пакідаем планаў, проста адклалі іх на няпэўны час. Пакуль у нас ёсць адна вясёлая кампанія, без якой немагчыма ўявіць адпачынак. Вось стануць нашы Таня, Каця і Саша больш самастойнымі, тады мы і здзейснім сваю рамантычную вандроўку.
Ганна КУРАК, фота з архіва сям'і ТРЫКОЗАЎ
Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.
Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».