Вы тут

Як мастак Май Данцыг ствараў свае карціны


Наватар, «шасцідзясятнік», ваяўнічы аптыміст — гэта ўсё пра яго. У беларускім выяўленчым мастацтве імя Мая Данцыга загучала яшчэ ў пачатку 1960-х гадоў, і адразу стала зразумела, што ў арт-прастору прыйшоў сапраўдны майстар — малады, дзёрзкі, незалежны, з багатым творчым патэнцыялам.

Май Данцыг стварыў сваю мастацкую мову. Яго творы адрозніваюцца вялікімі памерамі, размашыстым пісьмом, смелым спалучэннем колераў. На пытанне пра параметры карцін ён адказваў коратка: «Крылы ёсць. Мастак павінен мець арліныя крылы!»


Пар­ты­зан­ская ба­ла­да. 1969. Па­лат­но, алей. Фонд Аrt russe.

За сваё жыццё Май Вольфавіч Данцыг напісаў больш чым пяцьсот палотнаў, пераважная частка з якіх увайшла ў залаты фонд беларускага мастацтва. Сёння яго творы захоўваюцца ва ўсіх вядучых музеях Беларусі, а «Аўтапартрэт» 1976 года займае годнае месца ў калекцыі жывапісу ХХ стагоддзя Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі ў Маскве.

Даведка

Май Вольфавіч Данцыг (1930—2017). Нарадзіўся ў Мінску. Скончыў Мінскае мастацкае вучылішча, Маскоўскі дзяржаўны інстытут імя В. І. Сурыкава (дыплом з адзнакай). Працаваў выкладчыкам Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута (з 2001-га — Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў), загадчыкам кафедры жывапісу Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.

Член саюза мастакоў БССР, народны мастак Беларусі.

Узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны (2005) і ордэнам Пашаны (2010).

Яшчэ ў самым пачатку творчага шляху Май Данцыг вызначыў для сябе ўсяго некалькі галоўных тэм, якія ён распрацоўваў і інтэрпрэтаваў на працягу ўсяго жыцця: вайна, горад, новабудоўлі, працоўныя будні, партрэты дзеячаў культуры. Прынцыпова важным для яго з'яўляўся не столькі пошук новых сюжэтаў, колькі смелы і свежы погляд на ўжо вядомыя тэмы.

Безумоўна, магістральнай тэмай у творчасці Мая Данцыга стала вайна. Самым галоўным днём года мастак лічыў 9 мая. «Гэта не вялікая, а найвялікшая Перамога!» — любіў паўтараць майстар. Вайна прымусіла адзінаццацігадовага хлопчыка пасталець раней часу. І дзіцячая памяць назаўсёды захавала ў сэрцы мастака яе жахі і драмы: першыя дні вайны, эвакуацыя з роднага Мінска ў далёкі Ульянаўск, чатыры галодныя гады ўдалечыні ад дома... Данцыгу спатрэбіўся час, каб успаміны ваенных гадоў змаглі выкрышталізавацца ў яркія, лаканічныя вобразы, здольныя паведаміць усяму свету пра трагедыю і мужнасць савецкага народа. У творах, прысвечаных вайне, Май Вольфавіч як ніколі быў апанаваны жаданнем адысці ад літаратурнай тэмы і вырашыць яе апасродкавана, «насуперак». У яго карцінах няма ні адной батальнай сцэны, «ніводнага стрэлу», як адзначаў сам аўтар. Аднак па сіле эмацыянальнага ўздзеяння, па глыбіні сэнсавай нагрузкі і арыгінальнасці кампазіцыйнага рашэння «ваенных» твораў Маю Данцыгу няма роўных у беларускім мастацтве.

У пастаяннай экспазіцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь прадстаўлены нацюрморт «Аб Вялікай Айчыннай...» (1968). Існуе версія, што Май Данцыг прысвяціў яго народнаму пісьменніку БССР Васілю Быкаву.

У 1960-я гады ў савецкім мастацтве падыход да ўвасаблення падзей ваенных гадоў значна адрозніваўся ад папярэдняга дзесяцігоддзя: вайна ўжо тлумачылася мастакамі як усенародная трагедыя. У адрозненне ад дакументалізаванага жывапісу пасляваеннага перыяду, цяпер гэта былі філасофскія разважанні і абагульненні. Іх яркі прыклад — твор «Аб Вялікай Айчыннай...». Ён вырашаны Маем Данцыгам па-свойму, арыгінальна і нетрадыцыйна, пачынаючы ад выбару жанру і заканчваючы самой ідэяй. У гэтай карціне майстар паглыбіў сюжэтную лінію, стварыў мастацкі вобраз асяроддзя чалавека, які расказвае пра вайну.

Каля акна стаіць стол, на ім — пішучая машынка, поўная попельніца з яшчэ дымлівай цыгарэтай, партфель, гадзіннік, запалкі... У прасторы пакоя бачны сляды бяссоннай ночы, адчуваецца душэўны неспакой, хваляванне гаспадара адлюстраваных прадметаў. На стальніцы, каля самага падаконніка, з засохлай галінкай рабіны стаіць ваза, зладжаная са скарыстанай гільзы ад артылерыйскага снарада. Размашыста напісаная штора адкрывае аскетычны ранішні пейзаж за акном: цагляныя дамы, занесеныя снегам дахі. Тут, як і ў многіх іншых карцінах Мая Данцыга, прысутнічае яго фірменны колер — чырвоны, які для мастака заўсёды з'яўляўся ўвасабленнем жыцця, квінтэсэнцыяй яго энергіі. «Ён здольны «запаліць» любую карціну», — тлумачыў Май Вольфавіч.

Аб Вя­лі­кай Ай­чын­най... 1968. Па­лат­но, алей. На­цы­я­наль­ны мас­тац­кі му­зей Рэс­пуб­лі­кі Бе­ла­русь.

Сюжэт нацюрморта нібы абарваны на паўслове. І чысты аркуш паперы ў карэтцы прапануе гледачу працягваць разважанні нябачнага пісьменніка, паглыбіцца ў сэнс падтэксту твора. Усе прадметы, грунтоўна выпісаныя мастаком, набываюць асаблівае, самакаштоўнае значэнне, раскрываюць унутраны свет іх гаспадара. Жывапісец бачыць тут духоўныя сімвалы, надзяляе рэчавыя атрыбуты часавымі і сацыяльнымі характарыстыкамі. У карціне «Аб Вялікай Айчыннай...» неверагодна арганічна спалучаюцца метафарычнасць і пластычная выразнасць рэалістычнага вобраза.

Май Данцыг — адзін з нямногіх беларускіх мастакоў, хто здолеў яшчэ пры жыцці атрымаць не толькі нацыянальнае, але і сусветнае прызнанне. У 2015 годзе яго маштабнай (амаль чатыры метры на сем) алегарычнай карцінай «І памятае свет выратаваны...» (1985—1995) адкрывалася выстаўка «Спадчына Другой сусветнай вайны ў рускім мастацтве» ў лонданскай галерэі Чарльза Саатчы, куды мараць патрапіць усе мастакі свету. Гэты твор Данцыга і яго «Партызанскую баладу», якая таксама экспанавалася ў Лондане, у 2013 годзе набыў расійскі Фонд Аrt Russе. Побач з беларускім майстрам у галерэі Саатчы былі прадстаўлены карціны Гелія Коржава, Веры Мухінай, Аляксандра Лакціёнава, Аляксея і Сяргея Ткачовых, Яўсея Майсеенкі і многіх іншых мастакоў з сусветным імем. У 2015 годзе Фонд Аrt Russе таксама правёў унікальную выстаўку з удзелам работ Мая Данцыга ў Абу-Дабі ў прэстыжным Еmіrаtеs Раlасе (раней тут выстаўляліся такія майстры, як, напрыклад, Пабла Пікаса).

На стварэнне карціны «І памятае свет выратаваны...» Маю Вольфавічу спатрэбілася практычна 10 гадоў. Працаваць над ёй ён пачаў яшчэ ў 1985 годзе. Майстар успамінаў: «Пісаў я яе з перапынкамі, пакідаў, вяртаўся. А аднойчы ў мяне ў гасцях, у майстэрні на Някрасава, аказаўся Пётр Міронавіч Машэраў, першы сакратар ЦК Кампартыі Беларусі, з якім мы былі павярхоўна знаёмыя, ён убачыў гэту карціну, тады яшчэ толькі прарысаваную вугалем на палатне, і цвёрда сказаў: «Абавязкова напішы гэтую работу». Данцыг напісаў яе, але свайго сапраўднага прызнання карціна чакала некалькі дзесяцігоддзяў — і дачакалася...

На палатне «І памятае свет выратаваны...» майстар захаваў момант «вызвалення» Сіксцінскай Мадонны. Нагадаем, што падчас Другой сусветнай вайны Дрэздэн быў бамбардзіраваны амерыканскай авіяцыяй. Будынак галерэі быў разбураны, аднак карціны загадзя схавалі ў спецыяльна абсталяваным сховішчы. Сярод іх — Сіксцінская Мадонна, напісаная мастаком Адраджэння Рафаэлем Санці каля 1513—1514 гадоў па замове папы Юлія ІІ для алтара царквы святога Сікста ў горадзе П'ячэнца. Калі тунэль-сховішча быў знойдзены салдатамі Чырвонай арміі, многія карціны знаходзіліся ў жахлівым стане. Каштоўная знаходка была дастаўлена ў Маскву, дзе выратаваннем шэдэўраў Дрэздэнскай галерэі заняліся найлепшыя спецыялісты СССР, рэстаўрацыйнымі работамі кіраваў вядомы савецкі мастак-жывапісец Павел Корын. У 1955 годзе калекцыя была цалкам вернута ў Дрэздэн.

«І па­мя­тае свет вы­ра­та­ва­ны...». 1985—1995. Па­лат­но, алей. Фонд Аrt russe.

«Сам факт вызвалення карцін савецкімі воінамі здаўся мне вельмі сімвалічным, — успамінаў Май Данцыг. — У вызваленні Мадонны заключаецца сэнс таго, дзеля чаго ваявалі савецкія воіны. Яны вызвалілі Еўропу і далі нам жыццё, бо Мадонна з дзіцем сімвалізуе жыццё. І ў той жа час, паколькі гэты твор мастацтва ў асобе вызваленай Мадонны, савецкія воіны вызвалілі Культуру і Цывілізацыю. У цэнтры маёй карціны размешчана Мадонна з дзіцем. Ззаду — армія, злева — паштальён, які абвяшчае Пальміру — вестку пра Перамогу. І ўсё гэта над зрынутымі гарадамі, над руінамі. Ёсць яшчэ на карціне мінашукальнік, які ачышчае горад ад брыдоты. Справа сядзяць палонныя нямецкія салдаты на фоне сваіх «спраў» — слупоў канцлагераў. Ніжэй справа бацька трымае на руках загінулага маладога салдата — і тут жа Мадонна, што спускаецца насустрач людзям, ледзь дакранаючыся босымі нагамі паверхні воблака...»

Другая работа Мая Данцыга, набытая Фондам Аrt Russе, — гэта «Партызанская балада». Яна нагадвае нам П'ету Мікеланджэла: на выпаленым полі бою сядзіць жанчына з вінтоўкай, якая корміць знясіленага партызана грудзьмі. Мастак называў гэты твор самым апальным. (Дарэчы, амаль кожная яго значная работа выклікала супярэчлівыя пачуцці, ад поўнага захаплення да рэзкага непрымання). І сапраўды, напісаная ў 1969 годзе карціна была ўспрынята ў штыкі, яе адхілялі ад удзелу ў выстаўках. І толькі амаль праз 20 гадоў, у 1988-м, Май Данцыг упершыню змог экспанаваць «Партызанскую баладу» на персанальнай выстаўцы ў Цэнтральным доме мастака на Крымскім вале (Масква, Расія).

Майстар распавядаў: «Тыя, хто яе крытыкаваў, нават не зразумелі, адкуль была запазычана тэма. А натхніўся я рымскім сюжэтам «Бацькалюбства рымлянкі» ў выкананні Паўля Рубенса, калі хадзіў па адпаведным зале Эрмітажа. Старца за нейкія грахі пасадзілі ў вязніцу, і ён быў асуджаны на галодную смерць, але да яго прабралася дачка, выкарміла грудзьмі і тым самым выратавала. І вось, убачыўшы гэтую работу, я сказаў: «Дык гэта ж наша тэма: маці-зямля беларуская выкарміла партызанаў!» Час усё расставіў на свае месцы. Сёння гэта карціна займае годнае месца сярод шэдэўраў савецкага мастацтва.

Ад карцін Мая Данцыга зыходзіць адчуванне нейкай універсальнай чалавечнасці: яны выказваюць думкі і пачуцці цэлага пакалення, што перажыло вайну, яны экспрэсіўныя, эмацыянальныя і жыццесцвярджальныя, у іх прысутнічае абвостранае пачуццё грамадзянскасці іх стваральніка.

Цікава ведаць

  • На пішучай машынцы можна заўважыць надпіс «Данцыг», а на пачку цыгарэт — «Беларусь». Ні машынак, ні маркі цыгарэт з такімі назвамі не існавала.
  • Гільзу разарванага артылерыйскага снарада, намаляваную на карціне, мастак знайшоў падчас сваіх падарожжаў па пасляваенным Мінску. Яна неаднаразова станавілася «гераіняй» твораў Данцыга.
  • У Магнітагорскай карціннай галерэі (Расія) знаходзіцца аўтарскі паўтор карціны «Аб Вялікай Айчыннай...», напісаны Маем Данцыгам у 1980 годзе.

Наталля СЯЛІЦКАЯ, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела сучаснага беларускага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь

Выбар рэдакцыі

Культура

Рэха «Славянскага базару»: чым запомніўся 28-ы па ліку мастацкі форум

Рэха «Славянскага базару»: чым запомніўся 28-ы па ліку мастацкі форум

За фестывальны тыдзень у Віцебску прайшло без малога дзве сотні падзей.