Вы тут

Лукашэнка: Тэлекамунікацыі неаддзельныя ад лічбавай трансфармацыі эканомікі


Паводле слоў Прэзідэнта, гэта найбольш перспектыўны сектар беларускай эканомікі і самая хуткарослая галіна: з 2011 года яе доля ў валавым унутраным прадукце вырасла амаль у два разы, яна забяспечвае працай каля 100 тысяч чалавек. Важна, што гэта высокатэхналагічная частка эканомікі, якая не мае патрэбы ў танных нафце, газе ці іншых матэрыяльных рэсурсах, — а значыць, яе поспехі ўмацоўваюць беларускую эканамічную незалежнасць, падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.


Ён звярнуў увагу, што Беларусь уваходзіць у групу краін з высокім узроўнем развіцця інфраструктуры і інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Наша краіна з’яўляецца лідарам на прасторы СНД, не саступаючы такім еўрапейскім краінам, як Італія, Партугалія, Чэхія.

«Разам з тым дынаміка працэсаў, хуткасць змены тэхналогій тут неверагодныя. Абсталяванне састарваецца ў тры-чатыры разы хутчэй, чым сканчаецца тэрмін яго фізічнага зносу. Кожныя два гады нагрузка на інфраструктуру як мінімум падвойваецца», — адзначыў ён.

Аляксандр Лукашэнка таксама дадаў, што попыт на некаторыя паслугі ўжо апярэджвае прапанову. «Але самае галоўнае — тэлекамунікацыі перастаюць існаваць як асобная галіна, пранікаючы ва ўсе сферы жыцця грамадства. Ад традыцыйных — сувязі, сродкаў масавай інфармацыі — да медыцыны, адукацыі, прамысловасці і іншых, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Калі ўчора "інтэрнэт рэчаў" быў чымсьці абстрактным, то сёння абмен данымі ў аўтаматычным рэжыме, без удзелу чалавека паміж рознымі сістэмамі ў ЖКГ, прамысловасці, транспарце, лагістыцы стаў абсалютнай рэальнасцю».

Больш за тое, тэлекамунікацыі проста неаддзельныя ад лічбавай трансфармацыі эканомікі. У сувязі з гэтым, дадаў Прэзідэнт, неабходна паглядзець на тое, як гэтыя сферы будуць развівацца ва ўзаемнай увязцы.

Беларускі лідар заклікаў удзельнікаў нарады адказаць на наступныя пытанні: якія меры патрэбныя для таго, каб не проста захаваць пазіцыі ў сусветных рэйтынгах, але і палепшыць іх? Што сёння стрымлівае развіццё інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у Беларусі? Якія патрэбныя рашэнні ў тым ліку ад самога Прэзідэнта?

«Словам, патрэбна канкрэтыка, без усялякіх разваг. Але пры гэтым хачу папярэдзіць: ёсць шэраг прапаноў, у тым ліку па інвесціраваннi ў гэтую сферу. Хацелася б, каб вы не пераконваць мяне прыйшлі ў нейкім варыянце, а прапаноўвалі альтэрнатыўныя варыянты. Пераконваць мяне не трэба — у мяне ёсць пэўныя крытэрыі. Калі гэта выгадна дзяржаве і народу, я заўсёды пагаджуся. Але патрэбныя варыянты», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.


Ідзе падрыхтоўка да нарады Прэзідэнта з удзелам беларускай ІТ-супольнасці

Пра вынікі сустрэчы журналістам расказаў першы намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Аляксандр Турчын.

«Кіраўніком дзяржавы пільная ўвага надаецца гэтай сферы — інфармацыйна-камунікацыйным тэхналогіям. Сёння гэта з’яўляецца адным з драйвераў росту нашай эканомікі», — адзначыў ён.

Па словах Аляксандра Турчына, Прэзідэнта цікавілі многія пытанні, у тым ліку і магчымыя варыянты па прыходзе інвестараў у гэтую сферу, пытанні цэнавага рэгулявання на гэтым рынку.

«Перш за ўсё, Прэзідэнта турбуе і кошт паслуг для насельніцтва ў гэтай сферы. Таму досыць такая жывая была размова, жывыя зносіны, і мы атрымалі даручэнні Прэзідэнта па шэрагу праектаў — яшчэ раз зрабіць дэталёвыя разлікі для таго, каб ужо канчаткова ўнесці гэта на разгляд кіраўніка дзяржавы і прыняць адпаведнае рашэнне», — сказаў першы намеснік прэм’ер-міністра.

Ён таксама звярнуў увагу, што цяпер ідзе падрыхтоўка да нарады з удзелам беларускай ІТ-супольнасці. «Гэта наступная вяха ўсіх пытанняў, якім мы таксама ўдзяляем вялікую ўвагу. Таму мне здаецца, што гэта будзе вельмі добрая сустрэча кіраўніка дзяржавы з прадстаўнікамі прагрэсіўнай часткі нашай краіны, — сказаў Аляксандр Турчын. — Безумоўна, мы гаварылі і пра ролю дзяржавы ва ўсіх гэтых працэсах. Я думаю, карысная для ўдзельнікаў нарады атрымалася сустрэча. Таму нам толькі застаецца рэалізоўваць тыя даручэнні, якія дадзены кіраўніком дзяржавы».

Для паўнавартаснага развіцця галіны неабходна поўнае ўкараненне тэхналогіі 4G і паступовы ўвод 5G. «Не магу пагадзіцца, што ў нас 4G на пачатковым этапе. Сёння каля 75 % насельніцтва нашай краіны даступная паслуга 4G», — сказаў ён.

Пры гэтым першы намеснік прэм’ер-міністра дадаў, што ніякай гаворкі пра самазаспакоенасць быць не можа, паколькі павінен быць ахоп тэрыторый, каб такую ​​паслугу маглі атрымліваць не толькі жыхары сталіцы і абласных цэнтраў, але і ўсіх рэгіёнаў Беларусі.

«Наступны значны крок — гэта 5G, гэта „інтэрнэт рэчаў“. Вядома, мы ў комплексе сёння гэтыя пытанні разглядалі. Гэта паскарэнне або завяршэнне будаўніцтва сеткі 4G у нашай краіне і, ужо на базе гэтай сеткі, будаўніцтва і далейшае развіццё сеткі 5G», — адзначыў Аляксандр Турчын.

Але ўсё ж, ці ёсць канкрэтныя даты? Паводле слоў першага намесніка прэм’ер-міністра, што тычыцца 4G, то тут дата ўжо не вылічаецца гадамі. У сваю чаргу, канкрэтныя тэрміны па 5G пазначыць складана, аднак ёсць разуменне, што ў пабудове ІТ-краіны такое пакаленне сеткі проста неабходна.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.