Вы тут

Ці будзе развівацца інфраструктура сталічнага мікрараёна Міхалова-2?


Сёння мы прэзентуем новую рубрыку «Звязды», якую назвалі «Пасля «Вялікай размовы». Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка 1 сакавіка правёў сустрэчу з прадстаўнікамі грамадскасці, экспертнай супольнасцю, журналістамі беларускіх і замежных сродкаў масавай інфармацыі, якая доўжылася на працягу сямі з паловай гадзін. Падчас гэтай вялікай размовы ён адказаў на самыя значныя і вызначальныя пытанні ў жыцці нашай краіны. Але адказаць на ўсе тры тысячы пытанняў, якія паступілі напярэдадні, было проста немагчыма...


Між тым спадзяванні людзей нельга пакідаць без увагі. Прымаючы днямі з дакладам кіраўніка сваёй Адміністрацыі Наталлю Качанаву, Прэзідэнт акцэнтаваў увагу на зададзеных людзьмі пытаннях: «Усе тры тысячы пытанняў павінны быць разгледжаны». Ён адзначыў, што ўлада павінна не паказваць людзям, што іх паслухалі і забылі, а наадварот, — інфармаваць, як рэагуюць на іх запыты. «Я разумею, што людзі розныя. Тое, што самі павінны рабіць, яны часам скідваюць на ўладу. Такіх меншасць. Але ўсё роўна неабходна адрэагаваць, каб ведаць, чым жывуць людзі. А там, дзе трэба, падключацца». Ролю СМІ ў вырашэнні праблемных пытанняў, пачынаючы ад патрэб людзей, будаўніцтва жылля і заканчваючы дарогамі, ён ацаніў станоўча. Кіраўнік дзяржавы даручыў узяць пад кантроль усе пытанні і адрэагаваць на просьбы і запыты людзей. «Пытанне катэгарычна важнае!» — падкрэсліў ён.

Журналісты «Звязды» далучыліся да гэтай важнай тэмы, стаўшы злучальным звяном у ланцужку «чытач — улада». У нашай рубрыцы «Пасля «Вялікай размовы» мы будзем задаваць пытанні, што хвалююць людзей, тым, хто валодае адказамі на іх. Нават самыя простыя, бо ўпэўнены, што нязначных тэм не існуе.


Садок і школа каля дома

Ці будзе развівацца інфраструктура сталічнага мікрараёна Міхалова-2?

Пытанні, якія датычацца развіцця інфраструктуры ў гэтым мікрараёне новабудоўляў, размешчанага ў Маскоўскім раёне сталіцы, яго жыхарка адрасавала кіраўніку дзяржавы падчас акцыі «Ваша пытанне Прэзідэнту».

У прыватнасці, Ірына Шрубок напісала, што згодна з першапачатковым планам забудовы мікрараёна планавалася акрамя жылых дамоў пабудаваць два дзіцячыя садкі, школу і паліклініку (якую змаглі б наведваць дарослыя і дзеці). На сённяшні дзень ёсць толькі адзін дзіцячы сад № 128. Ніякіх іншых пабудоў не ўзводзіцца. Таксама жанчыну цікавіла пытанне будаўніцтва дарогі вул. Рафіева — вул. Ельскіх — вул. Тышкевічаў, якая таксама была занесеная ў першапачатковы план развіцця мікрараёна.

Як паведаміў карэспандэнту «Звязды» намеснік кіраўніка адміністрацыі Маскоўскага раёна Мінска Уладзімір ТАНКЕВІЧ, згодна з праектам дэталёвай планіроўкі мікрараёна Міхалова-2 прадугледжвалася будаўніцтва жылых дамоў, двух дзіцячых садкоў, школы, паліклінікі і паркінга. На сённяшні дзень жылая забудова — а ёсць ужо 11 «высотак» — тут больш не вядзецца. Функцыянуе адзін дзіцячы садок, будаўніцтва другога пакуль не разглядаецца. У цэлым, што датычыцца Маскоўскага раёна, ёсць патрэба ў дзіцячых дашкольных установах, загружанасць па некаторых дасягае 135 %.

— Вельмі патрэбныя дзіцячыя садкі ў мікрараёнах Дружба-1, Дружба-2 і Грушаўка, і будаўніцтва чатырох дзіцячых дашкольных устаноў тут ужо запланавана, — адзначыў суразмоўнік.

Таксама ён паведаміў, што ў наступныя пяць гадоў жыллёвае будаўніцтва будзе канцэнтравацца ў мікрараёне Грушаўка, дзе плануецца шчыльная вышынная забудова, — у цэлым, тут збіраюцца пабудаваць больш за мільён «квадратаў» жылля.

Менавіта ў гэтым мікрараёне патрэба ў аб'ектах сацыяльнай інфраструктуры найбольш вострая. У цяперашні час пачалося будаўніцтва новай паліклінікі на вуліцы Лермантава. Заказчыкам выступае УКБ Мінгарвыканкама.

— На тэрыторыі бальніцы № 4 вызначана месца, дзе за два з паловай гады будзе пабудавана вялікая сучасная паліклініка. Сродкі ўжо вызначаны, — запэўніў суразмоўнік.

А вось што датычыцца Міхалова-2, то там будаўніцтва паліклінікі пакуль не плануецца. Зрэшты, як і школы. Паколькі па суседстве — у Міхалове-1 — функцыянуе новая сучасная школа. У межах даступнасці размешчаны яшчэ чатыры.

— Вялікай праблемы па загружанасці школ няма, — адзначыў Уладзімір Танкевіч.

Што да перспектыў будаўніцтва дарогі, якой цікавілася жыхарка мікрараёна, намеснік кіраўніка адміністрацыі Маскоўскага раёна паведаміў, што першапачатковы праект дэталёвай планіроўкі быў адкарэктаваны. Чаму?

— На шляху пралягае пойма ракі Мышка і забалочаная мясцовасць. Акрамя таго, для пракладкі дарогі патрабавалася змяненне канфігурацыі трасы ЛЭП. Таму ад будаўніцтва вырашылі адмовіцца, — рэзюмаваў ён.

Вольга АНУФРЫЕВА

Загаловак у газеце: Пытанне катэгарычна важнае!

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.