Вы тут

Каля 150 спартсменаў-аматараў хочуць выступіць у «даеўрапейскіх гульнях»


Каля 150 спартсменаў-аматараў з усёй краіны хочуць выступіць у «даеўрапейскіх гульнях»

106 адцісканняў, бег на 30 метраў за 4,04 секунды і скачок з месца на 2,96 метра. Гэта не пратакол адбораў на Алімпіяду, а вынікі, паказаныя звычайнымі беларусамі на кастынгу новага тэлепраекта «Спорт-фактар», зладжанага тэлеканалам АНТ пры падтрымцы Міністэрства спорту Беларусі і прымеркаванага да правядзення ІІ Еўрапейскіх гульняў у Мінску. Трэніроўкі і здымкі ўдзельнікаў пачнуцца ў красавіку, а ў мінулую суботу ў лёгкаатлетычным манежы ўніверсітэта фізкультуры прайшоў кастынг спартсменаў, прыхільнікаў здаровага ладу жыцця, аматараў прыгод і ўсіх астатніх, хто жадае выпрабаваць свой характар і сілы ў спартыўных дысцыплінах, што ўваходзяць у праграму будучага міжнароднага турніру.


Мінск, Барысаў, Бабруйск, Кобрын, Мазыр, Віцебск, Наваполацк, Брэст, Фаніпаль, Гродна, Мар'іна Горка, Жодзіна, Гомель... Прайсці сумоўе перад адборачнай камісіяй і здаць нарматывы (скачок у даўжыню, адцісканні для мужчын і пад'ём тулава для жанчын, бег на 30 метраў, кідок мяча ў баскетбольнае кольца, а «на дэсерт» для асабліва моцных прэтэндэнтаў — штурханне ядра) адважыліся каля 150 чалавек. Але гэта лічба не канчатковая, частку будучых камандаў — прадстаўнікоў бізнесу, вядомых грамадскіх і палітычных дзеячаў, медыяперсон — тэлевізійнікі будуць набіраць дадаткова. У каманду тэлегледачоў, як плануецца, трапяць толькі чатыры кандыдаты, а таму канкурэнцыя надзвычай сур'ёзная — затое вынік спаборніцтваў, прыадкрываюць сакрэт арганізатары, прынясе пераможцам не толькі спартыўную славу, але і важкі грашовы прыз.

— Добры дзень, я старшы інспектар па адміністрацыйнай практыцы спецыяльнага падраздзялення ДПС «Страла», я захапляюся лёгкай атлетыкай і пастаянна ўдзельнічаю ў розных спаборніцтвах, — прадстаўляецца мінчанка Наталля Турок.

— Ого! Дык вы супрацоўнік міліцыі? — недаверліва разглядае камісія мініяцюрную прыгожую жанчыну. — І якое ў вас званне?

— Я маёр міліцыі, — рапартуе Наталля і, здаецца, на адным дыханні праходзіць усе спартыўныя іспыты.

Прыгажуня Вольга, якая дэманструе падцягнутую спартыўную фігуру, аказваецца падпалкоўнікам МУС і спецыялістам дзяржаўнай судмедэкспертнай службы, а таксама вопытнай спартсменкай: пачынала з аэробікі, захаплялася фітнесам, лёгкай атлетыкай. «Гэта ўжо лад жыцця, і я проста не магу спыніцца. І быць можа, 30 метраў — не самая «мая» дыстанцыя, але на два кіламетры яшчэ пытанне, хто пераможа, я ці нехта з маладых сапернікаў. Наогул, мне здаецца, было б цікава набраць у каманды не толькі моладзь, але і людзей сталага ўзросту — каб паказаць, што жыццё не спыняецца пасля выхаду на пенсію», — разважае Вольга.

Маркетолаг Аляксандр Юркоў расказаў пра свой маленькі спартыўны подзвіг: пасля заняткаў бегам у арміі спорт ён закінуў, а два гады таму, калі трапіў у бальніцу, высветліў, што набраў вагу 90 кілаграмаў: «Зразумеў, што трэба штосьці мяняць: рухацца, шукаць матывацыю. Выйшаў з бальніцы — пачаў зноў бегаць і ў 38 гадоў прабег свой першы марафон».

Разнастайнасць прафесій і заняткаў кандыдатаў уражвае: фельчар хуткай дапамогі, шматдзетная маці, былы прафесійны гандбаліст, ратавальнік МНС, настаўнік, дырэктар школы, супрацоўнік банка, слесар па рамонце рухомага саставу на чыгунцы, юрыст, трэнер, вайсковец, мантажнік сувязі, інжынер, кіроўца, афіцэр допінг-кантролю (!). Словам, калі нехта назаве беларусаў неспартыўнай нацыяй, «Спорт-фактар» гэта пераканаўча абвяргае. На адбор яны ішлі цэлымі сем'ямі (мамы ў дэкрэце — нават з немаўлятамі) і ўражвалі самымі рознымі талентамі. У кагосьці ў актыве, напрыклад, ёсць вопыт працы з камерамі — эпізадычная роля ў серыяле «Сваты», а ў кагосьці творчыя таленты — адна з дзяўчат дэманструе палымяную лезгінку, хтосьці ўмее падцягвацца на адной руцэ, захапляецца сілавым жангліраваннем альбо шпацыруе ў стойцы на руках, хтосьці ў дадатак да фізічнай формы падтрымлівае інтэлектуальную — і без запінкі адказвае на пытанне з падколкай, хто перамог у клубе «Што? Дзе? Калі?» сезона 1996 года, у кагосьці на сценах развешаны дыпломы са спаборніцтваў рознага ўзроўню — канцэнтрацыя чэмпіёнаў, майстроў і кандыдатаў у майстры спорту, першаразраднікаў, лёгка- і нават цяжкаатлетаў у зале выклікае захапленне, белую зайздрасць і жаданне тэрмінова запісацца ў трэнажорную залу, каб падцягнуцца хоць крыху да агульнага ўзроўню.

Арбітры з ліку выкладчыкаў універсітэта фізкультуры кантралявалі здачу нарматываў. Ацэньвала ж патэнцыял удзельнікаў цэлая камісія, куды ўвайшлі велагоншчыца Наталля Цылінская, загадчык кафедры лёгкай атлетыкі БДУФК Сяргей Аўруцін, кіраўнік дырэкцыі спецпраектаў АНТ Алена Лобач, тэлевядучыя Люцыя Герашчанка, Яўген Булка, Дзмітрый Кахно і Анжаліка Пушнова (апошнія двое якраз будуць весці «Спорт-фактар», а каб пацвердзіць, што яны гэтага вартыя, Дзмітрый Кахно нароўні з усімі прайшоў спартыўныя іспыты і запэўніў кандыдатаў: «У вас атрымаецца лепш!»). Выпрабоўваюць усё — і амбіцыі, і харызму, і ўменне трымацца перад камерай, і гатоўнасць да fаіr рlау ды працы ў камандзе.

— Мне як тэлевізійніку цікава, каб у чалавека была пэўная гісторыя, — тлумачыць кіраўнік дырэкцыі спецпраектаў АНТ Алена Лобач. — Напрыклад, жанчына-падпалкоўнік МУС, якая ў 52 гады дэманструе такую форму, што многія пазайздросцяць, альбо маці траіх дзяцей — тут гаворка ідзе не пра спартыўныя дасягненні, а пра захапленне спортам і выхаванне дзяцей у гэтым рэчышчы. Альбо афіцэр допінг-кантролю — гэта ж назнарок не прыдумаеш сітуацыю, калі чалавек, які кантралюе спартсменаў, сам трапляе на іх месца... Словам, ёсць вельмі харызматычныя ўдзельнікі, выбіраць будзе складана.

— Наталля, а вы на што звяртаеце ўвагу, акрамя таго, каб чалавек умеў ездзіць на веласіпедзе? — цікавімся ў васьміразовай чэмпіёнкі свету, бронзавай прызёркі Алімпіяды-2004, вядомай велагоншчыцы Наталлі Цылінскай.

— Па шчырасці, я пакуль што не ведаю, як буду выбіраць, спадзяюся, што падкажа інтуіцыя. Пытаюся, напрыклад, ці гатовыя ўдзельнікі паездзіць на трэку на веласіпедзе без тармазоў. А зараз проста атрымліваю неверагодную асалоду ад таго, колькі людзей у нас захапляюцца спортам, вядуць актыўны лад жыцця, а не дзесьці за рагом выпіваюць. Відаць, падобны праект павінен быў нарадзіцца, каб прыйшло столькі цудоўных, вельмі цікавых, таленавітых і вясёлых людзей.

На агульных падставах выходзіць на спартпляцоўку 68-гадовы пенсіянер Васіль Аляксеевіч Анохін. Са школы і да пенсіі ён захапляўся валейболам, а цяпер штодня праходзіць па пяць-шэсць кіламетраў, кантралюе дыстанцыю і калорыі праз праграму на смартфоне і захоўвае вельмі неблагую форму: «І сэрца, і ціск — усё ў парадку, цукровы дыябет адсутнічае, гатовы да спаборніцтваў», — упэўнена гаворыць ён. І гэта, бадай, галоўная і самая важная мэта праекта «Спорт-фактар» — паказаць, што спорт аб'ядноўвае людзей розных узростаў і прафесій, што фізічныя нагрузкі — інвестыцыі ва ўласнае здароўе ў будучыні, што актыўны лад жыцця ўмацоўвае сем'і — ва ўсіх сэнсах, і што пачаць займацца ніколі не позна, было б жаданне.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Загаловак у газеце: «А «Дынама» бяжыць? Усе бягуць!»

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.