Вы тут

"На хвалі часу, у плыні жыцця"



На хвалі часу, у плыні жыцця

Праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, часопіса «Маладосць»


На хвалі часу, у плыні жыцця

14 сакавіка, падчас мерапрыемства  ў Дзяржаўным музеі гісторыі  беларускай літаратуры,  прысвечанага  Валерыю Маракову, чатыры  дзяржаўныя  ўстановы распачалі доўгатэрміновы  аднаіменны праект, прымеркаваны  да 100-годдзя ўтварэння  літаратурнага  аб’яднання “Маладняк”.

"Праект чатырох"

“Праект чатырох” – гэта ўмоўная ці кодавая назва, якую ўжываюць паміж сабою “гэтыя чатыры”, якія аб’ядналіся для таго, каб плённа і натхнёна рыхтавацца да 100-годдзя ўтварэння літаратурнага аб’яднання “Маладняк”, што прыпадае на 2023 год. Ажыццяўляць доўгатэрміновы праект (2019-2023гг.), папулярызуючы з усіх бакоў і ўсімі магчымымі і нават немагчымымі спосабамі (а менавіта так і трэба папулярызаваць маладнякоўцаў), узяліся:

  • Нацыянальная бібліятэка Беларусі
  • Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры
  • Рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова “Выдавецкі дом “Звязда “
  • Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва

"Па той бок Свіслачы"

“Мы былі так усцешаныя, што на тым баку Свіслачы будуць таксамапатрэбныя  гэтыя архіўныя матэрыялы", – шчыра і з усмешкаю прызналася падчас уступнага слова дырэктар літаратурна-мастацкага архіва-музея  Ганна Запартыка. І паспела заінтрыгаваць тым, што ў архіў чакаюцца новыя паступленні матэрыялаў, у прыватнасці, з Амерыкі.

Пра значэнне аб’яднання для агульнай справы гаварылі дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі  беларускай літаратуры Міхаіл Рыбакоў і намеснік дырэктара па навуковай дзейнасці Нацыянальнай Бібліятэкі Беларусі  Алесь Суша.

Падчас мерапрыемства Алесь Суша зрабіў падарунак музею – мультымедыйнае выданне “Станаўленне беларускай дзяржаўнасці: па старонках беларускіх газет 1917-1922гг.”, які ў студзені быў прэзентаваны грамадскасці.

Вядучы бібліёграф НББ Таццяна Лаўрык прэзентавала віртуальны праект "На хвалі часу, у плыні жыцця". Створаны ён найперш для таго, каб зрабіць агульнадаступнымі і шырока папулярызаваць  выданні “Маладняка”, а таксама іншую літаратуру, звязаную з гэтай тэматыкай.

"З фальшам немагчыма існаваць  колькі заўгодна"

Адным з выступоўцаў была навуковец, паэтка і перакладчыца Ірына Багдановіча, якая з аспіранцкіх часоў даследуе творчасць рэпрэсаваных. Як згадала даследчыца, гэта пачыналася ў васьмідзясятыя, калі яшчэ не кожны супрацоўнік Акадэміі навук успрымаў і мог вітаць “на ўра”  тэму ахвяр сталінізму.

Аднак яна адзначыла, што і тады і цяпер рухала і рухае справай моцнае жаданне  спасцігнуць праўду. Бо, як паказвае гісторыя, “з фальшам, няпраўдай немагчыма існаваць колькі заўгодна”, -- адзначыла яна.

Што можам мы, нашчадкі, зрабіць дзеля памяці пра тых, хто меў светлыя мары і высокія намеры іх здзейсніць, але не толькі не атрымаў  магчымасці здзяйсненняў, але быў аасуджанына смерць? Святлана Воцінава, галоўны рэдактар часопіса “Маладосць”, заклікала рабіць як мага больш і працаваць як мага лепш -- гэта і будзе падзякай і памяццю.

Па сутнасці, так, як гэта атрымалася ў пляменніка Валерыя Маракова, які “зрабіў за два гады тое, што некаторым за жыццё зрабіць не ўдаецца”. Менавіта так пра яго сказаў Дзмітрый Давідоўскі. Даследчык светла згадваў гэтага, як ён жартаўліва дадаў, “крыху нахабнага” Леаніда, які проста спяшаўся паспець зрабіць больш у памяць аб тых, каго несправядліва і наўмысна знішчалі за талент і розум заўчасна.

Імёны ж даследчыкаў гэтай тэмы не знікаюць, а працягваюць з'яўляцца, хаця б, напрыклад, у асобе прысутнай на мерапрыемстве  настаўніцы і пісьменніцы Ганны Севярынец, а таксама маладога прадаўжальніка даследаванняў Леаніда Маракова – Антона Рудака, якому цікавая тэма ўсёй сям’і Мараковых.

Гэтыя прамежак часу, што застаецца да 100-годдзя “Маладняка”, мусяць быць плённым, а “праект чатырох” мае місію натхніць як мага большую колькасць даследчыкаў, асабліва маладых, каб адкрыць тую праўда, якая не дазволіць танцаваць і ладзіць вяселле на касцях ахвяраў, але сакралізуе і ўзвысіць боль рэпрэсаваных для ўзрастання адзінства беларусаў.

                                                                                                                                           Аксана ЮЧКАВІЧ, "М"

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?