Вы тут

Заключны этап нацыянальнага адбору на «Славянскі базар» пройдзе 16 сакавіка


Заключны этап беларускага нацыянальнага адбору на міжнародныя вакальныя конкурсы «Славянскага базару ў Віцебску» пройдзе 16 сакавіка ў Оршы. За права прадставіць Беларусь на фестывальнай сцэне ў конкурсе выканаўцаў эстраднай песні і дзіцячым музычным конкурсе «Віцебск-2019» спаборнічаюць два дзясяткі прэтэндэнтаў, якія прайшлі папярэднія адборы ў рэгіёнах краіны.


«Фестываль ставіць сваёй задачай развіццё культуры не толькі ў сталіцы, але і ў рэгіёнах, таму, на мой погляд, правесці гала-канцэрты адбораў на «Славянскі базар» па-за межамі сталіцы — вельмі добрая ідэя, — адзначыў міністр культуры Беларусі Юрый БОНДАР. — Калісьці мы пачыналі акцыю «Культурная сталіца Беларусі», сёння на конкурснай аснове гарады вельмі сур'ёзна спаборнічаюць, каб насіць гэта высокае званне. Таму варта і правядзенне гэтага адбору ў рэгіёнах зрабіць традыцыяй — прывозіць у розныя гарады прыгожае, відовішчнае шоу з удзелам зорак беларускай эстрады — а яны, паверце, у нас ёсць».

Дарэчы, у гэты ж дзень, 16 сакавіка, у Рызе адбудзецца першы аб'яднаны еўрапейскі адбор удзельнікаў на конкурс «Славянскага базару». У ім возьмуць удзел артысты з шасці краін: Латвіі, Літвы, Эстоніі, Германіі, Нарвегіі і Швейцарыі. Таксама, расказаў журналістам кіраўнік Цэнтра культуры «Віцебск» і дырэктар фестывалю Глеб ЛАПІЦКІ, упершыню вялікі нацыянальны адбор з удзелам 30 выканаўцаў правяла сёлета і Вялікабрытанія. А, напрыклад, на латвійскі нацыянальны адбор дарослага песеннага конкурсу ў Віцебску паступіла 98 заявак — уяўляеце, які аўтарытэт за гады правядзення набыў наш мастацкі форум за мяжой?.. Дакладная колькасць удзельнікаў сёлетніх музычных конкурсаў стане вядомая праз некалькі тыдняў, бо заяўкі ад іншых краін аргкамітэт прымае да 1 красавіка. А вось старшыня журы дарослага конкурсу ўжо вядомы — Тамара Гвердцытэлі.

Наогул, запэўніваюць арганізатары, 28-ы па ліку «Славянскі базар» будзе сучасны і цікавы самай шырокай аўдыторыі. У яго праграме з 8 да 17 ліпеня больш як 200 разнапланавых мерапрыемстваў, у тым ліку джазавыя ночы і КВЗ-праект ад зорак Вышэйшай лігі КВЗ і айчынных камандаў, лядовае шоу з Санкт-Пецярбурга і міжнародны фэст вулічнага мастацтва «На сямі вятрах», лялечны квартал і «Тэатральныя сустрэчы», спартыўныя спаборніцтвы і кругласутачны ореn аіr на плошчы Перамогі, агляд найлепшых беларускіх кавер-бэндаў і фестываль аўтагуку — словам, мноства навінак і традыцыйных, але ад таго не менш цікавых праектаў.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Загаловак у газеце: «Славянскі базар у Віцебску» збірае канкурсантаў

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.