Вы тут

У Мінску адкрылася выстаўка твораў Сальвадора Далі


«Мяккі гадзіннік», талеркі «не талеркі» і ілюстрацыі да Дэкамерона — з сённяшняга дня ў Нацыянальным мастацкім музеі і галерэі LІBRA можна ўбачыць больш за 160 твораў знакамітага сюррэаліста Сальвадора Далі. У аснове экспазіцыі, якая адкрылася ўчора, 15 сакавіка, — бронзавыя скульптуры і ілюстрацыі да кніг, тут жа выстаўлены ўпрыгажэнні з каштоўнымі камянямі, кераміка, шкляныя вырабы і разнастайнасць інтарэсаў мастака. Той «Трыумфальны слон» на лапках насякомага, кранам усталяваны на Зыбіцкай вуліцы, што ўжо паспеў пакінуць след у інстаграм-акаўнтах мінчан, — таксама частка экспазіцыі, якая так і называецца — «Сальвадор Далі». Выстаўка, дарэчы, пазначана паметкай «16+».


Нацыянальны мастацкі паклапаціўся: знайшоў партнёра, звярнуўся да кампаніі Dalі Unіverse («Сусвет Далі»), якая валодае буйной прыватнай калекцыяй твораў мастака, некалькі разоў сустрэў яе прадстаўнікоў, каб тыя вымералі музейную прастору і прапанавалі канцэпцыю экспазіцыі, і нарэшце зманціравалі выстаўку, агульны ацэначны кошт якой, па словах арганізатараў, складае некалькі дзясяткаў мільёнаў еўра.

Творы, прадстаўленыя зараз у музеі, прыехалі са Швейцарыі, дзе базуецца кампанія Dalі Unіverse. Галавой кампаніі з'яўляецца італьянскі арт-дылер і калекцыянер Беньяміна Леві, які ў свой час працаваў, а, магчыма, і сябраваў са знакамітым сюррэалістам. Творы з яго калекцыі, а лічыцца, што гэта найбагацейшы прыватны збор бронзавай скульптуры Сальвадора Далі, ужо пабывалі на больш чым ста пляцоўках па ўсім свеце.

Супраца Далі і Леві выяўлялася ў серыйнай вытворчасці тых жа скульптур. Яшчэ перад адкрыццём выстаўкі «Сальвадор Далі» ў Мінску публіка пачала задавацца пытаннем аб арыгінальнасці твораў, бо калі ўстанавіць аўтарства карціны параўнальна лёгка, то як ставіцца да друкаванай графікі, зробленай па малюнках мастака, ці скульптуры, адлітай па макеце? Гэтым пытаннем яшчэ ў 2011 годзе задавалася і Guardіan у тэксце пад шматзначнай назвай «Гандаль «амаль Далі».

Але, відаць, сам сюррэаліст, які адзначыўся ў розных відах мастацтва, у тым ліку ў кіно, дзе арыгінальнасць ніяк не пацвярджаецца матэрыяльнымі атрыбутамі, да якіх абавязкова трэба дакрануцца рукой, не баяўся быць «амаль Далі». І, напэўна, трэба разумець, што мы маем справу з сучасным мастацтвам, дзе можна быць адначасова ў многіх месцах, і ў якое свае карэктывы ўносіць развіццё тэхналогій.

«Аўтарства ўсіх выстаўленых твораў дакладна належыць Сальвадору Далі, — кажа куратар выстаўкі Вольга Клёцкіна. — Скульптуры вырабляліся шляхам ліцця, так званым метадам страчанага воску. Безумоўна, у мастака не было ліцейнай майстэрні, таму ён працаваў сумесна з Беньяміна Леві: рабіў дызайн і арыгінальны макет і зацвярджаў тыраж. У рамках тыражу творы лічацца арыгінальнымі, на кожным з іх стаіць нумар, які паказвае, напрыклад, што гэта чацвёртая работа з шасці. Мы кажам пра другую палову XX стагоддзя з ужо іншымі адносінамі да мастацтва і спосабамі яго выраблення. Калі мастак можа стварыць адну васковую копію і на яе аснове прамысловым спосабам адліць дваццаць скульптур, чаму б і не».

Выстаўленыя ў музеі ілюстрацыі да кніг, сярод якіх «Бестыярый Лафантэна», «Паэтычныя творы» Гіёма Апалінэра, «Навука кахання» Авідзія, вядома ж, таксама не з'яўляюцца жывапісам на палатне. Мастак рыхтуе выяву — на яе аснове робяцца адбіткі. Далі не інкруставаў упрыгажэнні каштоўнымі камянямі ўласнаручна — а толькі ствараў дызайн і макет. Але гэта ўсё яшчэ Далі.

Праўда, нельга не адзначыць, што адкрытая да супрацы «найбуйнейшая прыватная калекцыя бронзавых скульптур Сальвадора Далі», якая апроч пастаяннай экспазіцыі ў Парыжы адзначылася супрацай з сотняй пляцовак і скульптуры з калекцыі якой з'яўляюцца часткай тыражоў, — цудоўная бізнес-мадэль.

Пры ўсім пры гэтым экспазіцыя ў Мінску дае магчымасць пазнаёміцца з шырынёй інтарэсаў сюррэаліста (хто ведаў, што ён рабіў і посуд, і медальёны?) і ўбачыць, як расплываецца знакаміты «мяккі гадзіннік», як з анёлам на спіне нясецца слімак, як Ньютан страчвае твар, бо праз свае адкрыцці, маўляў, становіцца часткай навукі, а не жывым чалавекам. Знакамітыя сімвалы творчасці Далі, яго гарэзлівасць і прасякнутасць імем Гала, на шчасце, падышлі пад музейныя залы.

Экспазіцыя ў Мінску — сама яе канцэпцыя — непаўторная. Па словах Вольгі Клёцкінай, выстаўка рабілася менавіта пад гэту прастору з улікам яе характарыстык. «Калі кампанія Dalі Unіverse атрымлівае замову на арганізацыю выстаўкі, яна запытвае памеры залаў, неабходную тэхнічную інфармацыю і са свайго вялікага збору падбірае экспанаты пад канкрэтную плошчу. Напрыклад, у Эрарце летась была выстаўлена толькі бронза. Можна сказаць, выстаўка, якая праходзіць цяпер у Мінску, — адзіная».

На адкрыццё, якое адбылося ў Нацыянальным мастацкім учора, прыехаў і Беньяміна Леві. Урачыстасці папярэднічала афіцыйнае адкрыццё 14 сакавіка ўсталяванага ў гарадской прасторы «Трыумфальнага слана», улюбёнага сімвала Далі. Да гэтага моманту трохметровая скульптура ўжо паспела прыжыцца. На цырымоніі дырэктар музея Уладзімір Пракапцоў паўжартам сказаў, што слон Далі добра ўпісаўся ў Зыбіцкую і просіцца тут застацца. І гэта цалкам магчыма за пэўную суму грошай. Яшчэ адна аб'ёмная скульптура «Пакланенне Тэрпсіхоры» стаіць каля ўвахода ў музей.

Абмежаванне па ўзросце куратар выстаўкі зводзіць да рэкамендацыі, але лічыць патрэбным нагадаць, што «Сальвадор Далі — досыць эратычны мастак», а ў экспазіцыі прадстаўлены яго ілюстрацыі да «Дэкамерона» і Маркіза дэ Сада. «Большасць людзей, якія ідуць на Далі, разумеюць, што могуць тут пабачыць. Але адначасова тут знойдзецца шмат рэчаў, якія сапраўды спадабаюцца дзецям, — файныя сланы і слімакі, ілюстрацыі да «Бестыярыя Лафантэна».

Экспазіцыя будзе працаваць да 30 чэрвеня на дзвюх пляцоўках — у Нацыянальным мастацкім музеі і галерэі LІBRA. Выстаўка арганізавана пры дапамозе інвестыцыйнай кампаніі «Гальперын і сыны».

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ

Загаловак у газеце: Не жывапісам адзіным

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.