Вы тут

У Віцебскай вобласці летась адкрылі 85 новых вытворчых прадпрыемстваў


У прыгранічнай з Расіяй Віцебскай вобласці летась адкрылі 85 новых вытворчых прадпрыемстваў і 12 вытворчасцяў на ўжо існуючых. Сярэдняя зарплата па ўсіх прамысловых арганізацыях склала 954,2 рубля.


Паводле інфармацыі камітэта эканомікі Віцебскага аблвыканкама, з ліку навічкоў больш за палову (56 %) займаюцца перапрацоўкай драўніны. Іншыя — шыццём адзення і абутку, перапрацоўкай мяса, вытворчасцю металічных вырабаў, правадоў і кабеляў, хлеба і кандытарскай прадукцыі, ветэрынарных прэпаратаў.

Новыя прамысловыя прадпрыемствы створаны ва ўсіх раёнах, акрамя Докшыцкага, Ушацкага, Мёрскага. У апошнім, дарэчы, і на функцыянуючых не стварылі дадатковыя вытворчасці.

А вось што датычыцца новых рабочых месцаў у прамысловасці, то ў 2018-м іх стварылі 863. І найбольшая колькасць у Віцебску (237) і Пастаўскім раёне (172).

Сёлета ў Прыдзвінскім краі запланавана стварыць 71 новае прамысловае прадпрыемства. Але, на думку кіраўніцтва абласной выканаўчай улады, гэтага недастаткова. На нядаўнім пасяджэнні, дзе абмяркоўвалі леташнія вынікі дзейнасці прамысловасці і планы, старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў крытыкаваў кіраўніцтва адстаючых раёнаў.

А спікер ніжняй палаты парламента Уладзімір Андрэйчанка параіў аўтсайдарам з'ездзіць у іншыя вобласці, каб павучыцца прыцягваць інвестыцыі і ствараць новыя рабочыя месцы. Тым больш што Віцебшчына — адзіная ў краіне летась не выканала план па прыцягненні прамых замежных інвестыцый. Не радуе і тое, што ў 2018-м тут стала на 13 % больш стратных прамысловых прадпрыемстваў. Ды і паказчык у рэспубліканскім аб'ёме прамысловай вытворчасці падае. Летась уклад поўначы краіны ў гэтым кірунку — 15,1 %. Для параўнання: у 2010-м ён складаў 17,5 %.

А менавіта новыя высокаэфектыўныя вытворчасці і адпаведныя часу рабочыя месцы ў ліку іншага могуць кардынальна выправіць праблемную сітуацыю.

Як нагадаў старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў, актыўны ўдзел у стварэнні новых вытворчасцяў — задача прадстаўнічых органаў мясцовай улады.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Загаловак у газеце: Даеш больш працы!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».