Вы тут

У Прэзідэнцкай бібліятэцы адбылася прэзентацыя кнігі «Старасвецкая Лошыца»


У Прэзідэнцкай бібліятэцы Беларусі адбылася прэзентацыя кнігі пісьменніка, перакладчыка, гісторыка і даследчыка Юрыя Кур'яновіча «Старасвецкая Лошыца», прысвечанай мінуламу і сённяшняму дню аднайменнага маёнтка — помніка сядзібна-паркавага мастацтва XVIII — XIX стагоддзяў.


Гісторыяй Лошыцкай сядзібы аўтар займаецца (з некаторымі перапынкамі) ужо амаль чвэрць стагоддзя. Маёнтак з’яўляецца для яго не проста гістарычным аб’ектам, якім ён зацікавіўся як пісьменнік і гісторык. З гэтым чароўным куточкам, які, убачыўшы адзін раз, хочацца наведаць зноў і зноў, пэўным чынам знітаваны лёс пісьменніка. У ягоным дзяцінстве бацькі атрымалі кватэру ў Серабранцы, побач з якой, на другім беразе Свіслачы, і месціцца Лошыца. Юры вельмі любіў там гуляць, шпацыраваць і... размаўляць з даўніной...

Удзельнікі прэзентацыі пачулі ад аўтара, што ў сярэдзіне XX стагоддзя ў наваколлі Мінска існавалі дзве Лошыцы: 1-я і 2-я. Апошняй да рэвалюцыі валодалі прадстаўнікі роду Немаршанскіх, якім належалі абшары на тэрыторыі сучаснага Кастрычніцкага раёна. Гэтая «Лошыца Немаршанскага» увайшла ў 1973-м у склад Мінска. Як напамін пра яе былых гаспадароў, станцыя трэцяй лініі метро (на перакрыжаванні Кіжаватава і Асіповіцкай) будзе называцца «Немаршанскі сад». Што датычыцца Лошыцы 1-й, якая была «Лошыцай Любанскага», да таго — «Лошыцай Прушынскага», а яшчэ раней — «Лошыцай Гарнастаеўскай», то яна стала «мінчанкай» у жніўні 1985-га і  займае  паўднёвую сталічную ўскраіну ўздоўж вуліцы Чыжэўскіх. Менавіта каля яе, у сутоках рэк Свіслач і Лошыца і знаходзіцца славуты сядзібна-паркавы комплекс — адзіная сядзіба, якая захавалася ў Мінску да нашых дзён.

У розныя часы існавання ёй валодалі прадстаўнікі вядомых шляхецкіх родаў Друцкіх-Горскіх і Прушынскіх. Першыя ўваходзілі ў даволі сціслае кола вышэйшай арыстакратыі Вялікага Княства Літоўскага, а другія былі ў блізкім атачэнні апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Антонія Аўгуста Панятоўскага.Да іх жаночай галіны належалі князі Любанскія, дзякуючы гаспадарлівасці ды руплівасці якіх Лошыца і набыла сваю чароўна-непаўторную прыгажосць. Найбольшую вядомасць ёй надалі Яўстафій Прушынскі і сын ягонага пляменніка Яна — Яўстафій Любанскі, які разам з Раманам Скірмунтам абіраўся ў склад Дзяржаўнай думы Расійскай імперыі першага склікання.

Лёс Лошыцы з яе былой алтарыяй, унікальным каталіцкім храмам — помнікам позняга беларускага барока — звязаны і са шматлікімі імёнамі славутых дзеячаў культуры і навукі. У іх ліку класік беларускай літаратуры Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, кампазітар Станіслаў Манюшка, мастакі Ян Дамель і Валенцій Ваньковіч, сусветна вядомы вучоны Мікалай Вавілаў. Мястэчка нельга ўявіць і без паданняў ды легендаў нашай мінуўшчыны. Чаго варты толькі адзін расповед аб прывідзе мясцовага парку — Белай Панне, у вобразе якой паўстае апошняя гаспадыня Лошыцы пані Ядвіга Любанская.

З Лошыцай звязана, адзначалася на прэзентацыі, і стварэнне самай прэстыжнай навучальнай установы нашай краіны - Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У маёнтку планавалася адкрыць агранамічнае аддзяленне сельскагаспадарчага факультэта, які ў першапачатковым варыянце меў назву «агранамічны факультэт». Падчас архіўных даследаванняў аўтару кнігі пашчасціла знайсці рукапісны тэкст Янкі Купалы і ідэнтыфікаваць аднаго з яго адрасатаў. Гаворка ідзе пра Яраслава Ясінскага — аднаго з першых кіраўнікоў Лошыцкага маёнтка пасля яго нацыяналізацыі савецкай уладай у 1920-м. Юры Кур'яновіч адшукаў асабістую заяву Ясінскага ад 6 жніўня 1920-га ў Мінскі губернскі зямельны аддзел. Яе аўтар просіць «предоставить работу по специальности техника-механика», падмацоўваючы просьбу уласнаручнымі рукапіснымі рэкамендацыямі, якія далі яму ініцыятар стварэння і першы старшыня Інбелкульта Сцяпан Некрашэвіч і Янка Купала.

Яраслаў Уладзіслававіч Ясінскі кіраваў у першай палове 20-х вучэбнай фермай «Лошыца» Беларускага дзяржаўнага інстытута сельскай гаспадаркі. Пасля загадваў у Лошыцы фермай Беларускага аддзялення Усесаюзнага інстытута прыкладной батанікі і новых культур. Гэта была першая ў нашай рэспубліцы спецыялізаваная ўстанова ў галіне пладаводства. Да сярэдзіны 80-х у сядзібе працавалі навукоўцы-селекцыянеры. Менавіта тут, адзначае аўтар адзінага ў краіне даследавання лошыцкай спадчыны, пачалася беларуская навуковая селекцыя.

Распавядае атар кнігі і пра сённяшні дзень Лошыцы. У яе знакамітым Белым доме - музей «Лошыцкая сядзіба». У ім адноўленыя і аформленыя ў стылі мадэрну неаракако і гістарызму вялікая і малая гасціныя, бальная зала, кабінет, буфетная, сталовая і канапная. У інтэр'ерах — мэбля, прадметы побыту і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, жывапіс і графіка з розных фондаў і збораў калекцыянераў. Ёсць яшчэ Зялёны дом. Гэта драўляны флігель-двухпавярховік, дзе працуе праект «Кола часу». Наведвальнікаў зацікавяць прадметы гарадской і сельскай культуры канца XIX — сярэдзіны XX стагоддзяў: гужавыя транспартныя сродкі, медны посуд, самавары, прасы, швейныя машынкі. Прыцягваюць  увагу вырабы ганчарства, салома- і лозапляцення, рамесныя інструменты. У асобным раздзеле - прадметы і прылады апрацоўкі лёну, якія суседнічаюць з посцілкамі, ручнікамі і абрусамі.

Удзельнікі сустрэчы выказалі ўпэўненасць у тым,  што толькі агульнымі намаганнямі ўсяго грамадства мы здолеем захаваць для нашчадкаў старасвецкую, кажучы словамі Юрыя Кур'яновіча, Лошыцу з яе багатай гісторыяй і таямніцамі, фарміруючы пры гэтым наша ўласнае нацыянальнае аблічча.

Уладзімір БАРЫСЕНКА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.