Вы тут

Прэпарыраванне ваўкалака


Прэпарыраванне ваўкалака

Ёсць такі жанр, «патрапленцы» завецца. Гэта звычайна фэнтезі або фантастыка, галоўны герой якога з нашага свету і часу загадкавым чынам перамяшчаецца... куды фантазіі аўтара хопіць. У свет з эльфамі і цмокамі, у свет суровай антыўтопіі, у глыбокую будучыню або далёкае мінулае. Такая завязка падаецца вельмі перспектыўнай і мае досыць прасторы для фантазіі на тэму сутыкнення культур, менталітэтаў і гэтак далей, але на справе рэдка можна сустрэць ўдалае яе ўвасабленне. На справе сюжэт гісторый пра патрапленцаў катаецца прыкладна па адной і той жа дарожцы, па-за залежнасцю ад расы персанажа, яго гендэрнай ідэнтычнасці, любоўных інтарэсаў і месца, куды ён трапляе. І гэтая дарожка складаецца з вар’яцкіх клішэ, бессэнсоўных сюжэтных ліній і вельмі нацягнутых жартачкаў, якія нічога, акрамя пачуцця няёмкасці, не выклікаюць.

У асабліва запушчаных выпадках – галоўны герой перамяшчаецца не як асобны чалавек, а трапляе ў цела гістарычнага персанажа. Тэарэтычна – гучыць цікава, на справе – атрымліваем паліцы кнігарняў і бібліятэк, забітыя трэшовым чытвом кшталту «Касмічны крыгаход Сталін». У другой палове нулявых – пачатку дзесятых гадоў на патрапленцаў была шалёная мода, якая захапіла велізарны роскід жанраў рускамоўнай літаратуры.

Белліт з большага пазбег гэтай моды, і каб знайсці чытво пра патрапленцаў на беларускай мове, трэба прыкласці пэўныя намаганні. Вось і галоўны герой кнігі «Князь-ваўкалак» – не патрапленец у цела князя ВКЛ, хоць да канца рамана вас гэта пачуццё не адпусціць.

«Князь-ваўкалак» – прыгодніцка-гістарычны раман, дэбютная праца маладога Максіма Кутузава. Да дэбютных прац заўсёды складана ставіцца непрадузята: з аднаго боку, хочацца даць зніжку на «першы раз», з другога, нядрэнна б задацца пытаннем, навошта наогул абцяжарваць чытача сваёй «спробай пяра». Давайце глянем, што там як.

Аповед вядзецца ад асобы маладога князя не названай (але вядомай) дзяржавы, пра тое, як ён вучыцца кіраваць сярэднявечнай краінай, з кімсьці там заключае саюзы, з кімсьці там ваюе, ловіць нейкіх здраднікаў і гэтак далей. І адначасна расце як асоба і сталее. Такое апісанне – не мая дрэнная памяць на сюжэтныя перыпетыі, не лень рэцэнзента, а дзіўная адсутнасць канкрэтнасці ў самім тэксце.

Аўтар наўмысна не называе краін, напрыклад, абмяжоўваючыся «Вялікім Княствам», «Каралеўствам», «Імпэрыяй» і «ворагамі Княства». Гэта не так важна, калі ўсе лакацыі пазнавальныя і чытач будзе счытваць, хто ёсць хто. Але. У рамане апісваюцца не рэальныя гістарычныя падзеі, а хутчэй «фантазія на тэму». З-за гэтага хочацца называць раман не «гістарычным», а «фэнтэзійным», таму што з гісторыяй беларускіх зямель сувязь захоўваецца толькі на узроўні ўмоўнай геаграфіі. Як вынік – гістарызм толькі ў якасці невыразнай дэкарацыі. Узнікае пытанне, навошта ён наогул патрэбен, калі ўжо тут па сутнасці ствараецца новы, адарваны ад рэальнасці, свет?

Праблемы пачынаюцца ў той момант, калі ў аўтара сканчаюцца яго веды пра эпоху, якую ён апісвае: то-бок на ўзроўні лексікі. Мова рамана сучасная, без найменшай спробы стылізацыі. Ключавая праблема – галоўны герой. Апавяданне вядзецца ад першай асобы –  і для дасведчаных людзей гэта ўжо падстава насцярожыцца. Апавяданне ад першай асобы прыём даволі спецыфічны – ён як бы збліжае персанажа з чытачом, стварае атмасферу асабістага аповяду і дае сканцэнтравацца на пачуццях персанажа. Але, у той жа час, такім чынам абмяжоўваецца фокус апавядання: чытач не можа ведаць больш, чым ведае галоўны герой, з-за чаго сюжэт рухаецца звыклымі штампамі тыпу падслухоўвання Сюжэтна Важных Размоў, раптоўных азарэнняў і гэтак далей. Праз гэта вельмі шмат няякаснай літаратуры напісана менавіта ад першай асобы. 

Разам з цалкам сучаснай лексікай – шанец бачыць эмоцыі і перажыванні сучаснага юнака. Тэкст пазіцыянуецца як гісторыя пра тое, што князі мінулага бліжэй нам, чым мы думалі, бо яны таксама любілі, сумняваліся, былі простымі людзьмі і г.д. Ідэя добрая, з партрэтаў у падручніках карысна стрэсваць пыл, каб бліжэй ўспрыняць ўласную гісторыю (пра ўдалы прыклад такога стрэсвання можна прачытаць у «Маладосці» №1). Адна загваздка: гэта павінен быць гістарычны персанаж, які рэальна некалі існаваў, і ўжо паспеў забронзавець у масавай свядомасці. Цісні на падабайку, калі, убачыўшы назву, таксама падумаў, што галоўным героем будзе Усяслаў Чарадзей ці Вітаўт.

Галоўны герой не проста не гістарычны, ён безназоўны. Нават ніхто з яго атачэння не смее прамаўляць яго імя дарэмна, абмяжоўваецца зваротам «князь», якое вымаўляецца з належным узроўнем захаплення, але гэта мае мінімум сэнсу з пункту гледжання раскрыцця ідэі твору. Але мае, калі разумець, што гэта не зусім паўнавартасны персанаж.

«Марці С’ю» – назва для архетыпа персанажаў («Мэры С’ю», калі персанаж жаночы), якая цалкам падыходзіць галоўнаму герою дадзенага тэкста. Навошта Марці С’ю з'яўляецца ў творы? У першую чаргу, гэта ўкараненне аўтарам самога сябе на старонках твора. Ствараць дадзены тып персанажаў лічыцца дурным тонам, і звычайна бязмерна раздражняе: Марці С’ю нерэалістычна паспяховыя, ўдалыя і прывабныя вонкава. То бок, ў такім выпадку ён не можа паўнавартасна прайсці шлях са ўсімі цяжкасцямі, які рыхтуе яму аўтар, бо для яго там цяжкасцей не будзе – не будзе крызісу, не будзе напружання. Яны ідэальныя ва ўсім, хіба што аўтар закіне нейкі недахоп, каб адцяніць хараство. І недахоп ні на што не ўплывае.

І якое цікавае супадзенне, што першая асоба як тып апавядання – адна з першых прычын западозрыць наяўнасць Марці С’ю ў тэксце. Апавяданне ад першай асобы – дадатковая акцэнтуацыя аўтарам сябе ў тэксце, такі эгаізм у квадраце. Калі ў чытача адчуванне, што ўласная персона аўтара цікавіць больш, чым гісторыя, якую ён стварае, чытач будзе шалець і раздражняцца. А гэта непазбежна, калі ў тэксце з'яўляецца Марці С’ю.

Мясцовы галоўны герой адпаведны па ўсім параметрам: малады чалавек, які толькі ўступіў у жыццё, яшчэ неразумны і інфантыльны, спрабуе, пры пасільнай падтрымцы навакольных, спраўляцца з новай для яго адказнасцю. Мы маем справу з ідэалізаванай версіяй, таму ў яго ўсё атрымоўваецца на выдатна. І недарэчны недахоп на месцы – князь дрэнны ў турнірах. Ці ёсць нам справа да гэтага? Ці паўплывае рэальна гэта на што-небудзь? Якая розніца, бо ўсё атрымаецца найлепшым чынам.

Сярод бясконцага маналогу мінімум рэальнай рэфлексіі. У галоўнага героя ёсць складанасці ў стасунках з бацькамі: маці дзесьці знікла, бацька кінуў яго і аднекуль здалёк пляце інтрыгі супраць сына. Здавалася б, выдатная глеба для канфлікту, ці хаця б для прапрацоўкі сваіх праблем праз выдуманы антураж, але нічога з гэтага не адбываецца. Тут – ідэалізаванае рашэнне праблемы, і ў канцы «добры родзіч» з'яўляецца як бог-з-машыны і ратуе сітуацыю, а «дрэнны родзіч» аказваецца нейтралізаваны і пакараны. Пры гэтым у галоўнага героя з ім няма ніводнай размовы за ўвесь раман, і так застаецца незразумелым, што гэта і навошта наогул было.

Вось і атрымліваецца нейкая прастора для ўцёкаў ад рэальнасці для аўтара, але не толькі, на самой справе. «Безназоўнасць» галоўнага героя ўніфікуе яго, павялічвае колькасць людзей, якія ўспрымуць яго як шлях для ўкаранення сябе ў ідэальны свет, без болю і клопатаў, дзе ўсе праблемы вырашаюцца лёгка, ці не вырашаюцца самастойна, бо з’явіцца нехта чароўны, хто з усім разбярэцца. З усіх рэцэнзій і анонсаў чытач атрымлівае інфармацыю, што гэта «гістарычны прыгодніцкі раман», але праблема ў тым, што чытач павінен разумець: ён ідзе чытаць менавіта эскапіскі твор, пазбаўлены рэчаіснасці і сапраўднасці, жыццёвасці. Нават калі дадаецца азначэнне "фэнтэзійны", то гэта адлюстроўвае не самую асноўную функцыю жанра - сыход ад рэальнасці.

Чытаць “Князя-ваўкалака” можна, калі вы хочаце нацешыцца трэшовай літаратурай на беларускай мове. І дужа цікава было б паглядзець, што Максім Кутузаў будзе пісаць далей (калі будзе) – і гэта скажа пра аўтара куды больш, чым «спроба пяра».

Марыя СВІСТ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».