Вы тут

Анатоль Ісачанка правёў у Дзяржынску прыём грамадзян


Сем чалавек запісаліся на прыём грамадзян, які правёў у Дзяржынску старшыня Мінаблвыканкама Анатоль Ісачанка. Але губернатар выслухаў і тых, хто з'явіўся без папярэдняга запісу. Прычым са сваімі праблемамі да Анатоля Ісачанкі звярнуліся жыхары не толькі Дзяржынскага раёна, але і Мінска, Узды. Пытанні, як заўсёды, датычыліся самых розных тэм: зямельных адносін, атрымання сацыяльнага жылля, экалагічнай абстаноўкі ў сувязі з будаўніцтвам базавай станцыі мабільнага аператара сотавай сувязі, добраўпарадкавання.


У прыватнасці, жыхарка вёскі Дабрынёва паскардзілася на старшыню мясцовага сельвыканкама, які, на думку жанчыны, занадта прыдзіраецца да заяўніцы, складае адміністрацыйныя пратаколы за нібыта неналежнае ўтрыманне дваровай тэрыторыі. Яна нават выклікала адпаведную камісію, якая прызнала санітарны стан падворка здавальняючым. Разам з тым на слайдах, якія прадэманстравалі падчас прыёму, было відаць, што двор засмечаны рознай непатрэбшчынай. «Разумею, што магчыма, не хапае грошай пафарбаваць дом, перакрыць дах, але элементарны парадак на сядзібе можна навесці», — рэзюмаваў Анатоль Ісачанка. Кіраўнік цэнтральнага рэгіёна даручыў прадстаўнікам адпаведных службаў яшчэ раз праверыць санітарны стан каля дома.

Жыхарцы Мінска, якой дастаўся бацькоўскі дом у адной з вёсак Дзяржынскага раёна, перашкаджаюць дрэвы, што ўзвышаюцца на мяжы яе ўчастка. Маўляў, у агародзе нічога не расце, бо бярозы далёка і глыбока пусцілі карані. Заяўніца патрабавала іх спілаваць. Работнікі Мінскага лясгаса праводзілі абследаванне дрэў і прыйшлі да высновы, што яны не з'яўляюцца аварыйнымі. «Няхай вучоныя яшчэ раз выедуць на месца і дадуць заключэнне, наколькі карані ўплываюць на ўраджайнасць, — даручыў Анатоль Ісачанка. — Пасля гэтага можна будзе прымаць меры».

Мінчане Васіль Аляксандравіч і яго сусед Віталь занепакоены, што побач з іх дамамі, якія яны набылі ў Дзяржынскім раёне, кампанія мабільнага аператара плануе ўзвесці вышку сотавай сувязі. На думку заяўнікаў, гэта не самым лепшым чынам паўплывае на экалогію. Акрамя таго, яны заклапочаны, што аб'ект небяспечны для здароўя. Як растлумачылі спецыялісты, участак для будаўніцтва вышкі выдзелены законна. А прадстаўнік мабільнага аператара прадэманстраваў наяўнасць усіх неабходных дакументаў і адпаведных экспертыз. Справа ў тым, што ўзвядзенне гэтага аб'екта — не прыхамаць кампаніі. Ён неабходны, каб ахапіць сотавай сувяззю ўчастак дарогі, па якой паедуць замежныя госці на ІІ Еўрапейскія гульні. Старшыня Мінаблвыканкама даручыў усім зацікаўленым бакам пісьмова выкласці свае прэтэнзіі і довады літаральна па пунктах. Гэта дазволіць спецыялістам хутчэй прааналізаваць сітуацыю і зрабіць заключэнне. Пакуль жа будоўля будзе прыпынена.

У няпростую сітуацыю трапіла жыхарка Фаніпаля Валянціна Нікадзімаўна. Жанчына з'яўляецца апекуном недзеяздольнай сястры, якая жыве ў яе доме. Разам з тым у псіхічна хворай сваячкі ёсць асабістае жыллё, якое ў цяперашні час пустуе. Заяўніца хоча яго здаць па дагаворы пажыццёвага ўтрымання, каб чалавек, які будзе даглядаць сястру, зрабіў рамонт, прывёў сядзібу ў парадак. Аднак у яе ёсць унукі, якія у выпадку смерці бабулі ўступяць у правы спадчыны. І тады яны запатрабуюць, каб рэнтаплацельшчык вызваліў памяшканне, растлумачыў губернатар заяўніцы. Спецыялісты аблвыканкама дадаткова вывучаць сітуацыю і дадуць адказ.

Юлія Віктараўна хадайнічала аб выдзяленні сацыяльнага жылля свайму брату — інваліду ІІ групы. Справа ў тым, што яшчэ ў 1990 гадах мінулага стагоддзя дом, дзе жыла сям'я, знеслі. Хаты няма, а па пашпарце хлопец там прапісаны. Таму і ўзнікаюць складанасці. Анатоль Ісачанка даручыў вывучыць пытанне спецыяльна створанай камісіі з удзелам сродкаў масавай інфармацыі.

— Сітуацыя неадназначная. І тут усе часткова вінаватыя. Але пытанне неабходна вырашыць. Галоўнае — глядзець глыбей, каб правільна ўявіць сітуацыю і яе вынікі для кожнага з бакоў, — рэзюмаваў губернатар.

Усе пытанні, якія паднялі грамадзяне, дэталёва прааналізуюць адпаведныя службы Мінаблвыканкама, і заяўнікі атрымаюць кампетэнтныя адказы ва ўстаноўленыя законам тэрміны.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Фота Андрэя САЗОНАВА

Загаловак у газеце: Спілаваць нельга пакінуць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».