Вы тут

Што будзе з гандлёвымі месцамі для пенсіянераў на рынку ва Уруччы?


На сталічным рынку «Уручча-3» пенсіянеры, што гандлююць кветкамі і гароднінай, могуць застацца без даху над галавой. Павільён, дзе ім адведзены бясплатныя месцы, ужо некалькі месяцаў знаходзіцца пад пагрозай зносу. Ці ёсць шанцы яго захаваць? Атрымаўшы пісьмо ад чытачоў, «Звязда» накіравалася разбірацца.


Фота: gp.by

«Прасцей усё знесці»

Пляцоўку для рэалізацыі сельгаспрадукцыі на рынку арганізавалі ў 2016 годзе, пасля таго, як скончыўся яго рамонт. Але не ўсе былі ёй задаволены: многія з прадаўцоў, якія прыходзяць туды з садавіной, гароднінай і кветкамі, — пенсіянеры, а таму палатак ці іншага гандлёвага абсталявання не маюць. Пажылыя людзі не раз прасілі адміністрацыю рынка стварыць для іх нармальныя ўмовы — хоць бы нейкі навес, каб не мокнуць пад дажджом і не стаяць пад пякучым сонцам. У выніку летась у красавіку для сезонных гандляроў усталявалі павільён — заводскай зборкі, без фундамента.

— Сродкі ў яго былі ўкладзены, каб не дапусціць стыхійнага гандлю, добраўпарадкаваць месца і пры гэтым не страціць пакупнікоў: рады сельскагаспадарчай прадукцыі — адзін са спосабаў прыцягнуць увагу да рынку, — тлумачыць намеснік дырэктара па прававой рабоце арганізацыі «УруччаГандаль» Таццяна ЛІКУ.

Але ўзнікла іншая праблема — узгадніць павільён з мясцовай уладай адміністрацыя рынку так і не змагла. Да таго ж высветлілася, што пад зямлёй, на якой размясцілі пабудову, праходзіць важны ўчастак водаправода. Калі здарыцца паломка, работнікі Мінскводаканала не змогуць у кароткія тэрміны атрымаць доступ да магчымага месца аварыі. Павільён аказаўся пад пагрозай зносу.

У адказ паднялася хваля абурэння сярод прадаўцоў і жыхароў раёна. Улады пайшлі насустрач — санкцыянавалі размяшчэнне павільёна на нейкі тэрмін. А кіраўніцтва рынку стала думаць, куды можна было б гэту пабудову пераставіць.

— Пачалі разглядаць варыянты. Атрымліваецца, што ўсё занята пад інжынерныя камунікацыі — за выключэннем пляцоўкі, адведзенай пад парковачныя месцы. Звярнуліся ў ДАІ, каб высветліць, ці можна вызваліць тэрыторыю аўтастаянкі пад павільён. Там сказалі, што перапрафіляваць землі забаронена. Таму, як дзейнічаць далей — пытанне, — кажа Таццяна Ліку.

З 1 лютага павільён не функцыянуе. Тэрмін, які адміністрацыя раёну давала на яго перастаноўку, скончыўся 13 сакавіка.

— Для нас гэты павільён — затраты. Толькі каб разабраць і пераставіць яго на іншае месца, патрэбна 25—30 тысяч рублёў. А яшчэ ж неабходна будзе распрацаваць праект правілаў дарожнага руху. Прасцей усё знесці і забыць. Пакідаць пабудову — гэта штраф для мяне, — указвае на іншы бок сітуацыі кіраўнік спраў «УруччаГандаль» Дзмітрый ПАДАЛІЦКІ. — Але ў мяне ёсць пэўныя сацыяльныя абавязкі. 70 працэнтаў месцаў для гандлю ў павільёне выдзяляецца бясплатна — пенсіянерам, інвалідам. У сезон гэтай магчымасцю карыстаецца каля 100 чалавек.

— Да нас не спыняюцца паходы людзей, — дадае Таццяна Ліку. — І мы не ведаем, што ім казаць. Прадаўцы ўжо пачынаюць браніраваць месцы на сезон.

Рашэння пакуль няма

Жыхары Першамайскага раёна накіроўвалі ў высокія інстанцыі калектыўны зварот з просьбай захаваць павільён. Пад ім падпісалася каля 400 грамадзян. На мінулым тыдні на месца выязджала камісія з прадстаўнікоў гарвыканкама і адміністрацыі раёна, каб разабрацца ў сітуацыі. Яшчэ да пачатку сустрэчы, каля ўвахода на рынак сабраўся натоўп мясцовых жыхароў, якіх хвалюе лёс гандлёвых месцаў.

Як «Звяздзе» адказалі ў ДАІ ГУУС Мінгарвыканкама, перашкод для пераносу пабудовы ўсё ж такі няма. Трэба толькі прадставіць праект на будаўніцтва парковак замест тых, на месцы якіх будзе стаяць павільён. Іншае пытанне: ці ўдасца знайсці гэтыя кампенсацыйныя месцы на невялікай тэрыторыі рынка? І колькі грошай на гэта спатрэбіцца?

Што чакае павільён, пакуль невядома. Не выключана, што пляцоўка для кірмашоў выхаднога дня вернецца да таго выгляду, у якім была ў 2016-м. Прадаўцы між сабой перагаворваюцца, што пры такім раскладзе некаторыя пенсіянеры вернуцца гандляваць да метро, хоць гэта і забаронена: там таксама няма навесаў, затое месца больш люднае. Начальнік Галоўнага ўпраўлення гандлю і паслуг Мінгарвыканкама Ніна ЕМЯЛЬЯНАВА паабяцала, што рашэнне будзе падрыхтавана да 25 сакавіка.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Спрэчны павільён

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».