Вы тут

«Хачу добрага мужчыну». І ўсё?


Даўно ўжо я не наведвала ўрачыстых пасяджэнняў з нагоды свят. Так даўно, што і не ўспомню, калі гэта было апошнім разам... І вось надарылася пабыць на ўрачыстай імпрэзе напярэдадні 8 Сакавіка. Жанчыны ўсіх узростаў, найбольш з іх было сталых, сабраліся ў грамадска-культурным цэнтры Брэста. Трэба сказаць, што цяперашнія «пасяджэнні» кардынальна адрозніваюцца ад мерапрыемстваў дваццацігадовай даўніны, не кажучы ўжо пра савецкі час. Цяпер яны пазбаўлены ўсялякага афіцыёзу, сумных прамоў і дзяжурных выступленняў. Гэта святочная праграма, у згаданым выпадку ў гонар жанчын, аснову якой складае канцэрт прафесійных і самадзейных артыстаў. Канцэрт, скажу адразу, атрымаўся добры, удалы.


Ну, а віншаванне ад мужчынскай грамадскасці агучыў галава горада. Выступіў віртуозна, як заўсёды. Не раз даводзілася быць сведкай, як, напрыклад, на адкрыцці тэатральнага фестывалю альбо фэсту класічнай музыкі ён умее сказаць і прыгожа, і да месца. Выступае, дарэчы, аднолькава добра як на першай, так і на другой дзяржаўнай.

Зразумела, на жаночае свята ад Аляксандра Сцяпанавіча кабеты чакалі нечага асаблівага, ды не падмануліся. Па-першае, ён агучыў статыстыку. Аказваецца, у нашым горадзе пражывае на 26 тысяч жанчын больш, чым мужчын. Не нагода для аптымізму, але ж праўда жыцця, куды ад яе дзенешся? Потым мэр падзяліўся ўражаннямі ад прыёму ў гарвыканкаме, на які былі запрошаны 25 паспяховых гараджанак. Пасля чаго выняў з кішэні загадзя падрыхтаваную выразку з газеты, паводле яго слоў, гарадской газеты, якая заўсёды піша праўду, і зацытаваў фрагмент апытання, якое праводзілі супрацоўнікі напярэдадні свята. Яны пыталіся ў гараджанак, што тыя хацелі б атрымаць у якасці падарунка ў жаночы дзень. Адна з апытаных, дзяўчына па імені Аксана, чэсна прызналася: «Хачу добрага мужчыну. І ўсё.» «І гэта праўда гарадскога выканаўчага камітэта», — пракаментаваў яго кіраўнік, падкрэсліўшы сваё адзінства з газетай.

...Зала ўзарвалася апладысментамі. Як ні кажы, старшыня гарвыканкама агучыў для многіх самае таемнае, запаветнае і вельмі асабістае. Я таксама была пад уражаннем. Нават доўга не магла заснуць потым. І прымроіўся мне цэлы райцэнтр (26 тысяч) — не, не адзінокіх, а шчаслівых брастаўчанак. Яны: самадастатковыя, пры добрай рабоце, некаторыя яшчэ ў чаканні свайго прынца, іншыя гадуюць дзяцей, а тыя, што на заслужаным адпачынку, падарожнічаюць, ходзяць у клубы, тэатры, на выстаўкі. З горада ну зусім зніклі мужчыны-п'яніцы. Вось такіх, як той, якога давялося назіраць у святочны вечар каля магазіна «Мікс», што няўстойлівай хадой ішоў у бок крамы і трымаў за руку малое дзіця, зусім няма... З'явіліся другія, са светлым позіркам, яснымі вачыма, бо ў ваколіцах горада адкрылі ці то гіганцкую аўтабазу, ці нават касмадром. А можа, нашы былыя галовы сямействаў цудоўным чынам перавыхаваліся? Жанчыны ў адказ усе як адна кінулі курыць. Яны не выбягаюць на ганкі офісаў і не збіваюцца ў курылках прадпрыемстваў. Бо як сказаў аднойчы дырэктар буйной швейнай фірмы, яго работніцы замест вытворчай гімнастыкі просяць усталёўваць перапынкі на перакуры. Перасталі прасіць, і ў цэхі вярнулася вытворчая гімнастыка.

А горад стаў зялёны. Кругом такія астравы з пасадак, прыкладна як паміж гарвыканкамам і аблвыканкамам. І няма гмаху на месцы прыватнага сектара з садамі і салаўямі. І зніклі гандлёвыя цэнтры, якія паглынулі апошнія лапікі зямлі ў многіх раёнах горада. На іх месцы вярнуліся бярозкі, алешыны. Нават бабулька з прыватнага сектара зноў там пасе казу. І запрасілі гэтую бабульку ў ліку 25 жанчын на прыём у гарвыканкам, прысвечаны жаночаму дню. Запрасілі не таму, што яна паспяховая бізнес-лэдзі, кіраўнік установы, прафесіянал, адзначаны ўрадавымі ўзнагародамі, а таму што яна адна з 26 тысяч адзінокіх брастаўчанак, якія ўсё жыццё працавалі у гэтым горадзе... Шкада ўсё ж, што гэта быў сон.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.