Вы тут

«Брэйк-данс — не спорт, а творчасць і імправізацыя»


Гэты кірунак з'явіўся ў Нью-Ёрку яшчэ ў канцы 1960-х гадоў, але папулярны стаў толькі ў 80-я. Рух бі-бояў з кожным годам пашыраўся, праўда, у СССР ён развіваўся менш інтэнсіўна, чым у іншых краінах, і на гэта былі свае прычыны. Нягледзячы на з'яўленне ў апошні час мноства стыляў вулічнага танца, класіка хіп-хоп культуры — брэйк-данс — па-ранейшаму мае вельмі шмат прыхільнікаў. У 2018 годзе ён быў уключаны ў праграму Юнацкіх Алімпійскіх гульняў. Цікава, наколькі актыўна развіваецца гэты кірунак у Беларусі цяпер? Пра гэта мы даведаліся ў загадчыка аддзялення вулічнай культуры і спорту, педагога дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі сталіцы, старшыні Прэзідыума Рэспубліканскага маладзёжнага грамадскага аб'яднання «Беларуская федэрацыя брэйк-данса» Аляксандра ВОЙНАВА.


— Якія ўмовы створаны для танцораў сёння?

— Да канца 1990-х брэйк-данс многімі ўспрымаўся ў штыкі. Казалі, што амерыканізуем нашу культуру. Тыя, хто быў захоплены гэтым танцавальным кірункам, вучыліся самастойна — па відэакасетах, прывезеных з-за мяжы. Цяпер у Беларусі брэйк-данс папулярны пераважна сярод падлеткаў і маленькіх дзяцей. Бацькі адводзяць малых у школу танца, пачынаючы з чатырох гадоў, а ўжо ў сем-восем гадоў дзіця ездзіць на сусветныя фіналы. Для бі-бояў і бі-гёрл дастаткова: гладкай падлогі і музычнага абсталявання. Бывае, што танцоры прывозяць «добрую падлогу» з сабой, гэта значыць, пераносную пляцоўку з лінолеумам, дыджэйскімі прыладамі і мікрафонамі.

— Ці ёсць у бібоінгу абмежаванне па поле, узросце, фізічнай падрыхтоўцы?

— Танцаваць могуць усе. Але падрыхтоўка да спаборніцтваў для хлопцаў і дзяўчат праходзіць па-рознаму. Хлопцы больш фізічна развітыя, таму ўключаюць у выступленне складаныя сілавыя манеўры, а дзяўчынкі грацыёзныя, яны часта выкарыстоўваюць элементы сальсы. У школах па брэйк-дансе як хлопчыкі, так і дзяўчынкі трэніруюцца разам. Гэта стварае здаровае канкурэнтнае асяроддзе.

Як і ў любой іншай справе, каб дамагчыся добрых вынікаў, трэба шмат працаваць. Выдатная фізічная падрыхтоўка — бонус для танцора. Як паказвае практыка, усё роўна, колькі гадоў чалавек танцуе, важна, наколькі ён мэтанакіраваны і матываваны. Аднойчы прыйшоў да нас у школу, поўны, не пластычны дзевяцігадовы хлопчык. Цяпер яму 15 гадоў — гэта высокі, шыракаплечы юнак, які вельмі падабаецца дзяўчатам.

— Ці ўсе, хто захапляецца гэтым кірункам, прагнуць славы, папулярнасці?

— Усё залежыць ад амбіцый. Напрыклад, я заўсёды хацеў перамагчы на чэмпіянаце свету па брэйк-дансе. У якасці танцора не змог, затое выйграў у якасці трэнера: у 2017 годзе мае вучні сталі пераможцамі чэмпіянату свету, а за паўгода да гэтага — чэмпіёнамі Еўропы. Яны засвяціліся ў Галівудзе, дзякуючы чаму цяпер вядомыя на ўвесь свет. Лічу, што для ўласнага развіцця трэба выязджаць за межы краіны. Наша федэрацыя не толькі рыхтуе дзяцей да міжнародных спаборніцтваў, але і прывозіць у Беларусь замежных танцораў. Гэта абмен вопытам і карыснае ўзаемадзеянне. Нядаўна ў Мінску адбыўся першы чэмпіянат па брэйк-дансе ў Рэспубліцы Беларусь. У ім удзельнічала больш за 800 чалавек. Атмасфера была неверагодная!

— Што дае танцорам Беларуская федэрацыя па брэйк-дансе?

— Федэрацыя — гэта 17 школ па ўсёй краіне, якія аб'ядналіся для агульнай справы. Калі мы яе адкрывалі, была канкрэтная мэта — развіццё брэйкінга ў Беларусі. Сярод выкладчыкаў школ няма лішніх людзей, усе трэнеры — вопытныя дзеючыя танцоры. Многія з іх з'язджаюць у маленькія гарады і адкрываюць там школы, прыцягваюць да танцавальнага руху новых прыхільнікаў. Для нас брэйк-данс — гэта, найперш, не спорт, а творчасць. Не набор механічных рухаў, а імправізацыя, адлюстраванне настрою чалавека.

— Для выступоўцаў важна валодаць рознымі стылямі?

— Як паказваюць вынікі розных спаборніцтваў, у пашане ўніверсальныя танцоры. Тыя, хто міксуе стылі, элементы, імправізуе, эксперыментуе і, галоўнае, чуе музыку. Выпадкаў, калі бі-бой крута танцуе, але не чуе біт, шмат. Прафесійныя брэйкдансеры просяць паставіць дыджэя іншы трэк, калі ён ім не падабаецца.

— Вы пачыналі займацца брэйкінгам 20 гадоў таму. Адчуваеце розніцу паміж сучаснымі танцорамі і танцорамі таго часу?

— Брэйк-данс увайшоў у маё жыццё, калі мне было 18 гадоў. Выкладчыкаў па гэтым кірунку танца ў Беларусі не было, былі толькі мы — хлопцы з вялікім запалам і жаданнем танцаваць. Таму эксперыментавалі, спрабавалі розныя варыянты выканання элементаў, з-за чаго разбівалі свае калені і плечы ў кроў. Цяпер танцоры-пачаткоўцы хутка вучацца. Некалькі гадоў узмоцненай падрыхтоўкі — і з'яўляюцца крутыя магчымасці для развіцця. Вядома, не кожны зможа доўгія гады займацца брэйкінгам. Кагосьці прызываюць у армію, у кагосьці з'яўляецца сям'я. Часта хлопцам-танцорам дзяўчаты не дазваляюць хадзіць на трэніроўкі, патрабуючы да сябе большай увагі. Я лічу, што гэта няправільна. Дзякуючы трэніроўкам у хлопцаў няма часу на ўсякую лухту, яны занятыя справай. Плюс да ўсяго развіваецца іх фізічная сіла.

— А што развівае гэты стыль танца апроч яе?

— Ён дапамагае арыентацыі ў прасторы, развіццю лідарскіх якасцей, дадае ўпэўненасці ў сабе. Бацькі прыводзяць дзяцей, каб пазбавіць іх ад комплексаў і дэпрэсіі. Акрамя таго, трэнеры паказваюць вучням, як правільна падаць. Нават калі танцор гуляе ў футбол, ён аўтаматычна пазбягае траўмаў.

— Сочыце за выступленнямі іншых танцораў, параўноўваеце са сваім узроўнем падрыхтоўкі?

— Асабіста я гэтага не раблю, таму што на падсвядомым узроўні чалавек капіруе паводзіны, элементы танца. Аналізуем толькі ўласныя выступленні, глядзім на памылкі, робім высновы і выпраўляем іх.

— Як вызначыцца з выбарам школы пачаткоўцу?

— Лепш ісці туды, дзе выкладаюць вопытныя педагогі-практыкі. Школа — гэта не толькі падрыхтоўка да спаборніцтваў; а традыцыі, лагеры, выязныя мерапрыемствы, зборы, работа з бацькамі, падтрымка. Бацькам, якія хочуць аддаць дзіця ў школу па брэйк-дансе, раю кіравацца не тэрытарыяльным прынцыпам (бліжэй да дому), а рабіць стаўку на прафесіяналізм выкладчыкаў.

Дар'я ШЛАПАКОВА, студэнтка IV курса факультэта журналістыкі БДУ


Аргкамітэт Алімпійскіх гульняў — 2024 у Парыжы прапанаваў унесці ў праграму спаборніцтваў брэйк-данс, паведаміла СNN.

На думку прадстаўнікоў аргкамітэта, брэйк-данс — гэта гарадскі спорт, універсальны і надзвычай папулярны сярод больш чым аднаго мільёна хлопцаў і дзяўчат у Францыі, таму ён мае права ўвайсці ў праграму гульняў.

Прадстаўнік МАК расказаў СNN, што камітэту спадабалася гэтая прапанова, паколькі яна адпавядае актуальным на сённяшні дзень мэтам па амаладжэнні Алімпіяды. «Прапанова аргкамітэта Алімпійскіх гульняў — 2024 шмат у чым адпавядае рэформам Алімпіяды 2020 года, якая імкнецца зрабіць праграму спаборніцтваў гендарна збалансаванай, больш арыентаванай на моладзь і больш гарадской», — гаворыцца ў заяве МАК.

Як паведамляе ТАСС, у ліпені 2018 года МАК прыняў рашэнне ўключыць пяць новых відаў спорту ў праграму Гульняў 2020 года ў Токіа: бейсбол/сафтбол, каратэ, сёрфінг, скалалажанне і скейтбордынг. Пры гэтым было агаворана, што гэты спіс спаборніцтваў будзе актуальны выключна для Алімпіяды-2020, а аргкамітэты наступных летніх Алімпіяд маюць права таксама фарміраваць спаборніцкую праграму.

Канчатковае рашэнне аб уключэнні ў праграму спаборніцтваў вышэйназваных пяці відаў спорту Міжнародны алімпійскі камітэт павінен прыняць да снежня 2020 года. Брэйк-данс дэбютаваў у якасці алімпійскага віду спорту на Юнацкіх Алімпійскіх гульнях 2018 года ў Буэнас-Айрэсе.

Сяргей РАСОЛЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».