Вы тут

Трактар-квэст прайшоў у Шчучыне


Незвычайны конкурс прайшоў упершыню ў Шчучыне (ды і ў краіне таксама) — спаборніцтва трактарыстаў-машыністаў, прысвечанае 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Гэта гульня з удзелам маладых механізатараў уключала ў сябе элементы арыентавання, выкананне заданняў на эрудыцыю, кемлівасць і логіку.


— Ідэю правядзення «Трактар-квэсту 2019» выказаў дырэктар раённага кінатэатра «Беларусь» Ігар Мікалаевіч Будзько — вялікі аматар тэхнікі і трактароў у прыватнасці. Ён звярнуўся з прапановай да кіраўніцтва райвыканкама, да праекта далучыўся наш Саюз моладзі, іншыя зацікаўленыя бакі, — расказала першы сакратар Шчучынскага райкама БРСМ Анастасія Цынгалёва.

На старт выйшлі дзесяць механізатараў ва ўзросце ад 25 да 35 гадоў — восем ад сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна, двое — ад ЖКГ. Кожны выступаў на сваёй тэхніцы.

Напачатку ўдзельнікі квэсту праявілі свае веды ў тэорыі (конкурснае заданне «Веды — сіла! Няведанне — штраф і пазбаўленне правоў!»), а пасля прэзентавалі сваіх «жалезных коней» у самым відовішчным этапе — парадзе трактароў па вуліцы Леніна. Пасля арганізаваная калона канкурсантаў пераехала на колішні ваенны аэрадром, дзе прайшла асноўная частка практычных спаборніцтваў.

Падчас аднаго з іх — «Майстэрства не пральеш!» («Васьмёрка задам», «Здымі вядро», «Пералі максімальную колькасць вады», «Вярні вядро назад») — удзельнікі пералівалі (на трактарах!) ваду з аднаго вядра ў другое. Далей было квэст-арыентаванне «Ведаю мэту — не бачу перашкод!», падчас якога канкурсантаў чакала траса ў 15 кіламетраў і арыентаванне па навігатары ў лесе. Тут удзельнікам спаборніцтваў давялося праяўляць кемлівасць і веданне гісторыі роднага краю.

Пераможцаў квэсту чакалі каштоўныя падарункі — ноўтбук, навігатар, відэарэгістратар і, канешне ж, дыпломы. Найлепшым механізатарам па выніках конкурсу быў прызнаны прадстаўнік ААТ «Шчучынаграпрадукт» Аляксандр Варона. Другое месца заваяваў механізатар з КСУП «Саўгас Вялікае Мажэйкава» Сяргей Раманаў. На трэцім месцы — работнік Шчучынскай ЖКГ Віталій Орлік. Дарэчы, арганізатары падумалі і пра балельшчыкаў. Для іх была асобная намінацыя — «Найлепшая група падтрымкі». Ёй былі прызнаны актывісты ААТ «Васілішкі».

«Трактар-квэст 2019» праходзіў ад ранку да самага вечара, сабраўшы шмат гледачоў, якія атрымалі незабыўныя эмоцыі. Дык ці будзе працяг?

— Мы ўжо думаем над гэтым, — прыадкрыла сакрэт Анастасія Цынгалёва. — У наступным годзе, магчыма, правядзём ужо не раённыя спаборніцтвы, а трактарны квэст паміж суседнімі раёнамі.

Сяргей РАСОЛЬКА

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Квэст на... трактарах

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».