Вы тут

Як правільна скласці рэзюмэ, каб цябе заўважылі і запрасілі на сумоўе?


Чаму праславуты бляск у вачах такі важны для «рэкруцёраў»?

«Вітаю вас, паважаная Ірына Алегаўна! Мяне вельмі зацікавіла вакансія «малодшы спецыяліст у аддзеле кансультавання». Упэўнены, што змагу спраўдзіць усе Вашы чаканні і атрымаць гэтую пасаду. На працягу двух апошніх курсаў ва ўніверсітэце я быў валанцёрам у ТАА «Дапамажы іншаму». За гэты час навучыўся вырашаць канфліктныя сітуацыі і знаходзіць падыход да людзей розных сацыяльных слаёў. Мой досвед работы афіцыянтам у кавярні «Вясёлка» навучыў мяне, у сваю чаргу, хутка запамінаць вялікую колькасць інфармацыі і папярэджваць жаданні гасцей. З усіх работнікаў у мяне заўсёды былі самыя вялікія чаявыя. Буду ўдзячны за Ваш час, які вы ўдзеліце маёй кандыдатуры». Як вы думаеце, ці зможа такі суправаджальны ліст да рэзюмэ зацікавіць наймальніка?

Не сакрэт, што ў апісанні многіх вакансій утрымліваецца адно патрабаванне, якое становіцца для моладзі сур'ёзнай перашкодай — «Вопыт работы абавязковы». Але адкуль апошняму ўзяцца, калі ты толькі скончыў вучобу? Увогуле, як правільна скласці рэзюмэ, каб цябе заўважылі на кадравым рынку і запрасілі на сумоўе? Каго шукаюць сёння работадаўцы? Якія прафесійныя кампетэнцыі і асабістыя якасці саіскальнікаў запатрабаваныя наймальнікамі? Пра ўсё гэта ішла гаворка падчас майстар-класа, які ў рамках выстаўкі «Адукацыя і кар'ера — 2019» правяла для выпускнікоў, студэнтаў і ўсіх тых, хто знаходзіцца цяпер у пошуку работы, РR-менеджар найбуйнейшага партала працаўладкавання Ганна ШАГУН.


Ган­на Ша­гун: «Ад­на з па­мы­лак са­іс­каль­ні­каў — за­вы­ша­ныя па­тра­ба­ван­ні, у пры­ват­нас­ці, па за­роб­ках. Цвя­ро­зае ба­чан­не све­ту ні­хто не ад­мя­няў!»

Не патрабуйце ўсё і адразу

— У мяне для вас ёсць добрая навіна: сёння для пошуку работы ёсць мора інфармацыі і не менш магчымасцяў, — падбадзёрвае Ганна Шагун. — Адна з іх — гэта выкарыстанне jоb-рэсурсаў накшталт нашага партала. Яны дазваляюць азнаёміцца адразу з вялікай колькасцю вакансій, не звязваючыся з работадаўцам, пры гэтым можна ўстанавіць фільтр пошуку вакансій па патрэбных параметрах, сэканоміць час на рассылку рэзюмэ і атрымаць хуткі адказ на ваш запыт. Для прыкладу, па стане на 1 лютага гэтага года на нашым партале было прадстаўлена больш як 24 тысячы вакансій і амаль 1,9 мільёна рэзюмэ. Найбольшая колькасць вакансій (27 % ад агульнай колькасці) была ў сферы продажаў.

На другім месцы ішлі «інфармацыйныя тэхналогіі, інтэрнэт, тэлекам» (12,1 %) і «рабочы персанал» (11,7 %) — на трэцім. А вось сярод выстаўленых на сайце рэзюмэ самая вялікая колькасць (больш як 24 %) прыпадала на «старт кар'еры». Каля 15 % ад агульнай колькасці рэзюмэ былі нацэлены на сферу продажаў, 6,6 % — на транспарт і лагістыку, 6,5 % — на бухгалтэрыю і фінансы, столькі ж — на вытворчасць, 4,9 % — на «інфармацыйныя тэхналогіі, інтэрнэт, тэлекам».

Летась самая вялікая канкурэнцыя назіралася менавіта ў катэгорыі «старт кар'еры», дзе на адну вакансію прыпадала 26,5 рэзюмэ. Для параўнання, у катэгорыі «бухгалтэрыя, кіраўніцкі ўлік, фінансы прадпрыемства» на адну вакансію было 6,7 рэзюмэ, «адміністрацыйны персанал» — 6, «вытворчасць» — 4,2...

У снежні мінулага года партал праводзіў анлайн-апытанне 139 работадаўцаў, падчас якога высветлілася, што кожны другі з іх ставіцца да людзей без досведу работы (студэнтаў і маладых спецыялістаў), у прынцыпе, пазітыўна, але пры ўмове, калі тыя дэманструюць сваю зацікаўленасць і гатоўнасць да навучання.

— Не забудзьцеся пра гэты важны нюанс (вашу гатоўнасць навучацца) на сумоўі і пры складанні рэзюмэ, — раіць Ганна Шагун. — Прыкладна трэцяя частка работадаўцаў ставяцца да людзей без досведу работы нейтральна, і гэта таксама добрая навіна. І толькі крыху больш як 7 % наймальнікаў не вельмі рады маладым спецыялістам, але зусім не з прычыны адсутнасці ў іх працоўнага досведу, а з-за таго, што сутыкаліся з катэгорыяй людзей, якія яшчэ на старце заяўляюць завышаныя патрабаванні: яны яшчэ нідзе не працавалі, але называюць сумы заробку, якія плацяць спецыялістам з пэўнымі кампетэнцыямі і прафесійным багажом. Натуральна, што такія паводзіны адштурхоўваюць работадаўцаў. Цвярозае бачанне свету ніхто не адмяняў!

На думку Ганны, практыка падчас вучобы — зусім не фармальнасць, а рэальны шанц для студэнтаў заявіць пра сябе, набрацца пэўнага прафесійнага досведу і, калі пашанцуе, атрымаць першае рабочае месца. Таму ставіцца да яе легкадумна ні ў якім разе нельга. Тым больш што 58 % кампаній гатовыя браць да сябе студэнтаў для праходжання практыкі! «Чым раней вы пачняце будаваць сваю кар'еру, тым лепш, — раіць яна. — Той, хто адкладвае пошукі першага рабочага месца да моманту атрымання дыплома, сур'ёзна памыляецца. Вы рызыкуеце спазніцца...»

Менш прыметнікаў і больш дзеясловаў

У спецыялістаў па падборы кадраў пацікавіліся, на якую інфармацыю яны звяртаюць увагу, калі чытаюць рэзюмэ кандыдатаў без досведу работы ў пэўнай прафесійнай вобласці. І высветлілася, што для іх важна, каб прэтэндэнт меў хоць бы нейкі працоўны досвед. Нават тая ж работа афіцыянтам дапамагае развіваць камунікатыўныя навыкі, наяўнасць якіх вельмі актуальная ў розных прафесійных абласцях, напрыклад, у сферы продажаў.

Ад практыкантаў наймальнікі чакаюць стараннасці (42 %), адказнасці (37 %), ініцыятыўнасці (25 %), паспяховага прымянення ведаў, атрыманых у навучальнай установе, на практыцы (20 %) і крэатыўнасці (5 %).

Увогуле, калі прааналізаваць кампетэнцыі і навыкі, якія найбольш часта сустракаюцца ў вакансіях, то сярод іх фігуруюць пісьменная мова, уменне весці дзелавую перапіску і перамовы, працаваць у камандзе, навыкі продажаў, аналітычныя навыкі, гатоўнасць навучацца, валоданне MS Оffісе, аналітычныя навыкі, уменне знаходзіць агульную мову з партнёрам (кліентам), арганізацыйныя і прэзентацыйныя навыкі, тайм-менеджмент і вопыт публічных выступленняў. З асабістых якасцяў наймальнікі хацелі б бачыць у сваіх работніках адказнасць, камунікабельнасць, стараннасць, стрэсаўстойлівасць, акуратнасць, пунктуальнасць, самастойнасць, мэтанакіраванасць, добразычлівасць, кліентаарыентаванасць. Важнае значэнне маюць таксама актыўная жыццёвая пазіцыя і амбіцыйнасць.

І ўсё ж, што можна запісаць у рэзюмэ ў графу «Вопыт работы», калі працоўнага досведу пакуль няма? Карыснай для наймальніка інфармацыяй можа аказацца, напрыклад, тэма дыплома, курсавой ці навуковай работы студэнта, калі яна, канешне, адпавядае вакансіі, досвед фрылансу, валанцёрства, стажыроўкі і практыкі, удзел студэнта ў цікавых праектах...

— Любы ваш досвед можа быць цікавы наймальніку, — кажа Ганна Шагун. — Абавязкова трэба ўказаць канкрэтную пасаду, на якую вы прэтэндуеце, напрыклад, «інжынер-тэхнолаг харчовай вытворчасці», «кіраўнік аддзела продажаў», «асістэнт аддзела маркетынгу», «стажор у аддзеле лагістыкі». Нельга пісаць у рэзюмэ, што вашай мэтай з'яўляецца «работа, якая дазволіць раскрыць патэнцыял», «стабільная высокааплатная работа», «работа ў паважанай стабільнай кампаніі» або «высокая пасада ў вобласці продажаў»...

Калі прэтэндуеце на творчыя пасады (3D-дызайнер, мастак-аніматар і г. д.), выдзяляйцеся — да стандартнага рэзюмэ можна прыкласці альтэрнатыўнае. І не забывайцеся пра сваё партфоліа.

Стварайце рэзюмэ пад кожную пасаду і для кожнага наймальніка, таму што нават да РR-спецыяліста ў розных кампаніях могуць быць розныя патрабаванні: для кагосьці самае важнае — уменне пісаць тэксты, а для іншага работадаўца важна, каб РR-спецыяліст быў гатовы даваць інтэрв'ю і гэтак далей. У залежнасці ад патрабаванняў наймальніка, трэба выносіць наперад менавіта тыя кампетэнцыі, якія ён хоча бачыць у першую чаргу.

У рэзюмэ трэба пазбягаць апісальнасці (менш прыметнікаў і больш дзеясловаў), а таксама шаблонных фраз накшталт «маю вялікі вопыт работы», «добрыя арганізатарскія здольнасці», «уменне працаваць у камандзе». Сур'ёзным недахопам будзе і вялікі аб'ём інфармацыі, наяўнасць граматычных і пунктуацыйных памылак. Дакладна не варта тлумачыць патэнцыйнаму наймальніку прычыны звальнення з апошняга месца работы. У рэзюмэ трэба ўказваць толькі голыя факты. Дасягненні павінны падмацоўвацца лічбамі. Месцы работы (удзел у праектах), наймальнікі і пасады павінны прыводзіцца ў зваротным храналагічным парадку. А вось працяглыя перарывы ў рабоце трэба растлумачыць.

Ле­тась са­мая вя­лі­кая кан­ку­рэн­цыя на­зі­ра­ла­ся ў ка­тэ­го­рыі «старт кар'­е­ры», дзе на ад­ну ва­кан­сію пры­па­да­ла 26,5 рэ­зю­мэ.

«А гэта я... пад пальмай»

Якія яшчэ сур'ёзныя промахі дапускаюць складальнікі рэзюмэ?

— Пішуць не поўную назву ўстановы адукацыі, якую скончылі, а абрэвіятуру, у тэлефонным нумары для сувязі не ўказваюць код мабільнага аператара, а замест строгай фатаграфіі прымацоўваюць фота ў сонцаахоўных акулярах, пад навагодняй ёлкай, са стужкай «Выпускнік» ці нават сваё вясельнае фота. Магу прыгадаць і фота з мноствам прыступак на лесвіцы ў нейкім санаторыі, а на верхняй з іх стаіць кандыдат, — усміхаецца Ганна Шагун. — Ніхто не кажа, што патрабуецца прафесійная фотасесія. Дастаткова зрабіць звычайнае партрэтнае фота нават на свой гаджэт.

Трэба заўважыць, што на Захадзе ад фота ў рэзюмэ ўжо адмаўляюцца, бо знешнасць чалавека можа падсвядома паўплываць на выбар «рэкруцёраў». Аднак у нас усе звяртаюць увагу на яго, і рэзюмэ без фатаграфіі мае менш шанцаў быць заўважаным. Паколькі работадаўцы актыўна манітораць звесткі пра прэтэндэнта ў сацыяльных сетках, трэба абавязкова прывесці ў парадак сваю старонку, перагледзець фота, перачытаць статусы, лішняе выдаліць і папрасіць зрабіць тое ж самае сяброў, бо кампраметуючыя вас здымкі нярэдка знаходзяцца і на чужых старонках. Ці, як варыянт, можна ўстанавіць у сваім акаўнце настройкі прыватнасці.

— Наступны важны крок — сумоўе са спецыялістам па падборы кадраў. У прэтэндэнта, які хоча зацікавіць работадаўца, павінна быць высокая матывацыя і праславуты бляск у вачах. Збярыце загадзя інфармацыю пра кампанію (арганізацыю), куды вы прыйшлі працаўладкоўвацца, — раіць эксперт, — каб у «рэкруцёра» не склалася ўражанне выпадковасці вашага візіту. Некаторыя прыходзяць «проста паспрабаваць» і нічога не ведаюць пра каштоўнасці кампаніі — звычайна гэта непрыемна наймальніку. Прадстаўце свой вопыт як гісторыю прафесіянала — лагічную, звязную і кароткую. Працягласць вашай прамовы не павінна перавышаць пяці хвілін, яе можна на ўсялякі выпадак адрэпеціраваць дома. Падчас інтэрв'ю «кадравікі» могуць задаваць самыя нечаканыя (нават бязглуздыя ў вашым уяўленні) пытанні і сачыць за рэакцыяй кандыдата і яго дзеяннямі. Ім цікава, як вы будзеце выходзіць са становішча? Правяраецца таксама ваша гнуткасць, стрэсаўстойлівасць, магчымасць работы ў рэжыме хуткай змены задач. Адна з памылак саіскальнікаў — так званы ўваходны паток жаданняў, калі кандыдат падчас гутаркі цікавіцца толькі тым, што работа можа даць яму, і не гаворыць аб тым, чым ён можа быць карысны кампаніі. Другая — завышаныя патрабаванні, у прыватнасці, па заробках.

Падчас гутаркі з «рэкруцёрамі» трэба быць заўсёды лаяльным да свайго папярэдняга работадаўца, нельга выказвацца пра яго негатыўна, больш прадуктыўна казаць толькі добрае, напрыклад, што вы набылі на папярэднім рабочым месцы, чаму навучыліся — кожны наймальнік гэта ацэніць.

— Добрыя спецыялісты будуць запатрабаваныя ва ўсе часы, а работадавец заўсёды будзе шукаць сярод кандыдатаў самых таленавітых, мэтанакіраваных і паспяховых, — упэўнена Ганна Шагун. — Практычна ўсім цяперашнім выпускнікам прыйдзецца за сваё жыццё пабудаваць некалькі кар'ер, мала хто будзе, як гэта было раней з іх бацькамі, на працягу дзесяцігоддзяў працаваць на адным месцы.

Яшчэ падчас вучобы варта пацікавіцца, якія кампетэнцыі патрэбны, каб атрымаць работу вашай мары, правесці інвентарызацыю сваіх уменняў, а яшчэ лепш — паспрабаваць трапіць на стажыроўку ва ўпадабаную кампанію...

І напрыканцы яшчэ адна парада: здараецца, што вас сур'ёзна зацікавіла нейкая вакансія і арганізацыя, вы адправілі туды сваё рэзюмэ, але зваротная сувязь адсутнічае. Вам не тэлефануюць і не запрашаюць на гутарку... У такім разе пазваніце самі, папрасіце, каб вас звязалі са спецыялістам па падборы персаналу. Ніхто не ведае, можа быць, вы зрабілі рассылку рэзюмэ па ўсіх кампаніях, а так вы прадэманструеце вашу асабістую зацікаўленасць. І, можа быць, яна будзе ацэненая...

Надзея НІКАЛАЕВА

Як скласці суправаджальны ліст да рэзюмэ?

Што ў ім напісаць?

  • кароткае прывітанне;
  • хто я па прафесіі ці кім буду пасля заканчэння вучобы;
  • чаму я хачу працаваць менавіта ў вас (матывы, прычыны зацікаўленасці ў гэтай вакансіі і канкрэтнай кампаніі);
  • што я магу зрабіць для вас;
  • што я зрабіў для папярэдніх работадаўцаў;
  • падзякаваць за ўвагу і прапанаваць сустрэцца асабіста.

Загаловак у газеце: Вердыкт работадаўца: браць ці не

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як у вясковай школе з'явіўся SТEM-цэнтр

Як у вясковай школе з'явіўся SТEM-цэнтр

З'явіўся ён дзякуючы спонсарскай падтрымцы кампаніі Vіzor Games. 

Грамадства

Як адбываюць пакаранне асуджаныя да абмежавання волі «ў хатніх умовах»

Як адбываюць пакаранне асуджаныя да абмежавання волі «ў хатніх умовах»

«Хатняя хімія» — гэта турма, толькі на свабодзе», — з сарказмам кажуць самі асуджаныя пра абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову.

Здароўе

​Як абараніць сябе ад кардыялагічных праблем у халодны перыяд?

​Як абараніць сябе ад кардыялагічных праблем у халодны перыяд?

Менавіта зімой павялічваецца колькасць інфарктаў і павышаецца артэрыяльны ціск.

Культура

Успаміны пра Яўгенію Янішчыц

Успаміны пра Яўгенію Янішчыц

Піша Зіновій Прыгодзіч.