Вы тут

Вынікі каля 20 даследаванняў ляглі ў аснову Канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі


Аб гэтым заявіў начальнік інфармацыйна-аналітычнага ўпраўлення Дзяржаўнага сакратарыята Савета бяспекі Беларусі Аляксей БАНЬКОЎСКІ на спецыянальнай прэс-канферэнцыі, прысвечанай Канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі Беларусі.


Аляксей Банькоўскі расказаў, што гэты праект распрацоўваўся на працягу некалькіх гадоў. Былі задзейнічаны практычна ўсе члены міжведамаснай камісіі па бяспецы ў інфармацыйнай сферы пры Савеце бяспекі. Паводле яго слоў, у аснове Канцэпцыі ляжаць вынікі аналітычных даследаванняў Дзяржаўнага сакратарыята, іх было праведзена каля 20.

Міністр інфармацыі Беларусі Аляксандр КАРЛЮКЕВІЧ адзначыў, што так ці інакш многія пазіцыі Канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі наўпрост звязаныя з эканомікай — з тым, што вызначае жыццядзейнасць нашай краіны і грамадства. Ён, натуральна, выказаўся і з нагоды СМІ: па яго словах, сёння хапае на практыцы тых рэсурсаў, якія могуць працаваць з самымі рознымі навінамі і даваць ім прававую ацэнку. Гэтыя рэсурсы ёсць і ў Міністэрства інфармацыі, ёсць заканадаўчая база, створана сістэма.

У прыклад ён прывёў тое, як працуе Мінінфарм з сайтамі, якія парушаюць заканадаўства, — іх своечасова блакуюць. Што датычыцца аператыўнай рэакцыі на фэйкавыя навіны, то Аляксандр Карлюкевіч сказаў, што не ўсе рэалізуюць ініцыятывы, у тым ліку дзяржаўнага апарату, і гэта звязана не з тым, што іх не падтрымліваюць, проста трэба ўзважана падысці да таго, наколькі такія ініцыятывы адпавядаюць беларускаму заканадаўству. Ён пацвердзіў, што з прыняццем Канцэпцыі заканадаўчая база будзе ўдасканальвацца, але лічыць, што спяшацца не варта.

Міністр звярнуў увагу на нацыянальны кантэнт у СМІ — на яго думку, гэта пытанне звязана з Канцэпцыяй, таму што фармат прысутнасці айчыннага кантэнту — гэта абарона нацыянальных інтарэсаў.

Старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Ігар МАРЗАЛЮК расказаў, што ў чацвёртым раздзеле Канцэпцыі ўпершыню ёсць частка, прысвечаная традыцыйным беларускім каштоўнасцям. У ёй — захаванне культуры, мовы, таксама ўпершыню прагаворваецца тое, што беларуская дзяржава фарміруе і прасоўвае беларускую гістарычную палітыку і канцэпцыю, якая аб'ектыўна адлюстроўвае асноўныя этапы развіцця краіны.

Дырэктар Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Алег МАКАРАЎ адзначыў, што Канцэпцыя будзе даступная ўсім грамадзянам Беларусі, а таксама сусветнай супольнасці, плануецца яе пераклад, паколькі яна дэманструе пазіцыю Беларусі ў інфармацыйнай сферы. Якога роду сігнал Беларусь дае? У дакуменце зафіксаваны цэлы шэраг важных пастулатаў, сярод іх, напрыклад, наша краіна ўпершыню заяўляе аб тым, што мы адмаўляемся ад прымянення інфармацыйных тэхналогій на шкоду іншым дзяржавам і суб'ектам, але пры гэтым забяспечваем уласную бяспеку. Безумоўна, усё гэта адпавядае курсу беларускай палітыкі.

Алег Макараў дадаў, што ўвядзенне такой Канцэпцыі — гэта трэнд, такая сітуацыя паўсюль. У суседзяў ёсць такія дакументы, мы таксама павінны ісці па гэтым шляху.

Па словах доктара тэхнічных навук, аднаго з распрацоўшчыкаў Канцэпцыі, Аляксандра ІВАНОЎСКАГА, адзін з ключавых момантаў дакумента — гэта інфармацыйны суверэнітэт, забеспячэнне абароны грамадзян, арганізацый краіны ў той час, калі мы накрыты інфармацыйным каўпаком. Другое — забеспячэнне стабільнасці. Паводле яго слоў, пакуль інтэрнэт — гэта не самае стабільнае асяроддзе, а Канцэпцыя дапаможа ў нейкай ступені ўрэгуляваць сітуацыю.

Спецыяліст Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры Прэзідэнце Яўген ЛІПЛЯНІН спыніўся на пытанні кібербяспекі. Ён адзначыў, што ўжо распрацаваны і ў найбліжэйшы час будзе ўнесены на зацвярджэнне праект указа, які дазволіць мадэрнізаваць сістэму інфармацыйнай бяспекі ў краіне.

Якія ініцыятывы прапанавала яго ведамства? Напрыклад, стварэнне сістэмы маніторынгу інфармацыйнай бяспекі, якая будзе грунтавацца на стварэнні нацыянальнага цэнтра маніторынгу і галіновых цэнтраў. Цяпер вядзецца даследаванне, ці патрэбныя яны нам. Яшчэ ініцыяваны працэс стварэння воблачных сэрвісаў інфармацыйнай бяспекі.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.