Вы тут

Агляд чытацкай пошты


Незвычайная дзяўчынка з правінцыі

Народ здаўна казаў, што бабіна дарога — ад печы да парога. Але ж, згадзіцеся, састарэла гэта прымаўка, бо многім з нашых сучасніц падуладныя цяпер любыя вяршыні! Сярод ураджэнцаў толькі нашага Бярэзінскага раёна — 13 жанчын-навукоўцаў. І з іх ліку мне хочацца выдзеліць чалавека найбольш блізкай і неабходнай людзям прафесіі — урача найвышэйшай катэгорыі Элеанору Кузьмінічну Капітонаву, доктара медыцынскіх навук, якая пачынала сваю кар'еру з пасады звычайнага ўчастковага педыятра і пакуль, дзякаваць богу, не завяршыла яе.


Медыцына для гэтай жанчыны стала справай жыцця і гонару. А была яшчэ і марай дзяцінства. «Для звычайнай дзяўчынкі — ды яшчэ і з правінцыі — яна нязбытная... Ніякі медаль не паможа, нават залаты», — казалі многія, але ж тыя ў асноўным, хто не быў знаёмы з яе бацькамі — настаўнікамі Кузьмой Андрэевічам і Ганнай Васілеўнай, хто не ведаў напорыстага, можна сказаць, стальнога характару іх дачушкі.

Для яе — Элы, Элеаноры Капітонавай — не было ніякіх «шлагбаумаў» ні пры паступленні ў інстытут, ні падчас вучобы. Адзінае — профіль яна выбірала доўга: спачатку хацела быць хірургам, потым — акушэрам-гінеколагам, а калі выйшла замуж і стала мамай, — само жыццё падказала: няма больш патрэбнай і ўдзячнай справы, чым лячыць дзяцей.

Вось так яна трапіла ў педыятрычную групу, куратарам якой быў непераўзыдзены клініцыст прафесар Шэйбак...

Атрымаўшы так званы чырвоны дыплом, Элеанора Капітонава прыступіла да непасрэднай працы: чатыры гады лячыла дзетак у горадзе Маладзечне. І тады ж цудоўна зразумела, што стаць сапраўдным спецыялістам дапаможа не толькі практыка, — трэба ўдасканальваць веды, пашыраць кругагляд.

З гэтай мэтай малады педыятр праходзіла стажыроўкі ў найлепшых клініках не толькі былога Саюза, але і далёкага замежжа. Для гэтага яна дасканала вывучыла англійскую мову, пазнаёмілася з сістэмай аховы здароўя і медыцынскай адукацыі ў Вялікабрытаніі, Швецыі, Італіі, Францыі. А потым у адзін з амерыканскіх фондаў прадставіла праект па арганізацыі цэнтра здаровага дзіцяці і атрымала фінансаванне на яго рэалізацыю...

Доктар Капітонава пастаянна вучылася сама і вучыла іншых. Яна — аўтар больш чым 140 публікацый у навуковых і навукова-папулярных выданнях, больш як дзясятка вучэбна-метадычных распрацовак для студэнтаў, дактароў і работнікаў сумежных спецыяльнасцяў, мае шматлікія айчынныя і міжнародныя ўзнагароды за найлепшую навуковую работу па педыятрыі.

Цяпер Элеанора Кузьмінічна ўзначальвае першы і пакуль адзіны ў Беларусі інфармацыйна-асветніцкі цэнтр аздараўленчага харчавання і садзейнічання здароўю. Любіць чытаць кніжкі, падарожнічаць і хадзіць пешкі, іграе на гітары, cпрабуе сябе ў паэзіі...

Не дзіва, што сустрэча з такой зямлячкай — урачом ад бога, інтэлігентнай, вельмі абаяльнай і ў зносінах простай жанчынай стала для землякоў сапраўдным святам! Арганізавала яго і, як заўсёды, хораша правяла загадчыца аддзела маркетынгу нашай бібліятэкі Тамара Мікалаеўна Круталевіч.

Ніна Бурко, в. Капланцы, Бярэзінскі раён


Шыць... Спачатку, каб выжыць... І жыць

Маю маму вяскоўцы называлі паважліва — Сцепаніда, а потым ужо і Пятроўна.

Цяпер яна — гараджанка. Дзякаваць богу, тупае па хаце, час ад часу цешыць мяне рознымі мудраслоўямі і разоў колькі на дзень — гэта абавязкова — падыходзіць да швейнай машынкі. Улюблёна, пяшчотна гладзіць яе. Што зусім не дзіўна: некалі мама першай краўчыхай была, абшывала ўсю акругу, таму і выжыла.

Ужо гадоў з дзесяць мама зусім не шые: дрэнна бачыць, ды і ў пальцах спрыту няма. Дзевяноста ды яшчэ і адзін — гэта не жартачкі! Кажа, што як адно імгненне праляцела яе жыццё, а ўжо колькі гора спазнаць прыйшлося!

Немцы ў вайну спалілі амаль усю іх вёску. Людзям прыходзілася туліцца ў зямлянках, у партызан. Дагэтуль у памяці гул варожых самалётаў, якія бамбілі лагер. Страху нацярпеліся столькі, што мама яшчэ і да сёння (!) не можа глядзець кінафільмы пра вайну...

І пасля яе не нашмат лягчэй прывялося: зноў жылі ў зямлянцы, апрануцца не было ў што, таму холад пранізваў да касцей. Дзякуй богу, што абмінаў неяк голад. Гаспадыні злаўчыліся ў ямах схаваць бульбы і збожжа. Фашысты да схованкі не дабраліся, і дзеці (а іх у сям'і Сліжоў чацвёра было) мелі што есці: не ўволю, вядома ж, аднак і з голаду неяк не пухлі. Усе разам чакалі бацьку і толькі потым дазналіся, што ён загінуў у самым пачатку вайны ў баях пад Ельняй...

Значыць, трэба было будавацца самім. Абмянялі падушку на сякеру, сталі памалу ўзводзіць зруб...

Вось тады на сямейнай нарадзе і вырашылі: каб мець кавалак хлеба і нейкую капейку, маме, як адзінай дзяўчынцы, трэба навучыцца шыць. Пятнаццаць пудоў збожжа яе бабуля аддала за вучобу. На тыя часы гэта было нямала... Пазней купілі і швейную машынку.

Шыць прыходзілася ўсё: сукенкі, спадніцы, кашулі, жакеткі, штаны-галіфэ... З даматканага палатна, з сукна, бо крамнага не было дзе купіць, ды і не было за што. А сваё трэба было яшчэ выткаць, напрасці нітак. Работы хапала на ўсю зіму, не кажучы пра іншыя поры года, абавязковы мінімум працадзён у калгасе ды ўласную гаспадарку.

Да таго ж у новай хаце сям'я пажыла зусім нядоўга: суседскія дзеці паблізу расклалі вогнішча, вецер яго раздзьмуў і... загарэліся толькі што збудаваныя хаты, у тым ліку — іхняя.

Мама добра памятае, як кінулася ратаваць машынку, як выцягнула яе, а потым пабегла ў хлеў, дзе стаяла толькі што купленая цялушка. Паспела вывесці яе, а вось сама абгарэла. Потым вельмі доўга лячылася, і не сказаць каб добра, бо той пякельны боль час ад часу вяртаецца і цяпер.

...Яны зноў жылі ў зямлянцы, зноў пачыналі будавацца. Людзі, вядома ж, прыходзілі памагаць. Ім трэба было плаціць альбо дзячыць. А чым? Ну вядома ж: пашыць што-небудзь. Ох і выручала тады машынка, а тым больш што адраджалася жыццё, у продажы сталі з'яўляцца прыгожыя тканіны.

Мама шыла вельмі ўдалыя рэчы! Яшчэ і таму, што старалася выбраць фасон, прыўнесці ў той жа касцюмчык альбо сукенку нейкую цікавінку, каб чалавеку па фігуры было, каб да твару. А калі ў самой нарадзілася дзяўчынка, то ўжо яе прыбірала як ляльку! І хлопчыку шмат чаго шыла.

...Цяпер вось машынка стаіць без справы. Хіба я, бывае, нешта падрублю... Дык у мяне на гэта і асобная ёсць. «Вось гэту, маю карміцельку, трэба, мусіць, унучцы аддаць», — мяркуе часам бабуля.

Яна тупае па хаце, глядзіць на машынку, успамінае людзей, якім яна столькі ўсяго пашыла... І спадзяецца, што яны, тыя людзі, таксама ўспамінаюць яе... Многія — ужо з нябёсаў.

Ірына Салата, г. Гродна

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».