Вы тут

У Віцебску пачала працаваць гарадская цэнтральная паліклініка


Цікава, што там могуць лячыць як дарослых, так і дзяцей. У сценах гэтага ж мнагапрофільнага медыцынскага комплексу таксама знаходзяцца жаночая кансультацыя і стаматалагічнае аддзяленне.


Як адзначыў старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў на ўрачыстай цырымоніі адкрыцця, новая ўстанова разлічаная на абслугоўванне 55 тысячы жыхароў некалькіх мікрараёнаў («Поўдзень-5, 6, 7, 7а» і «Медцэнтр»). Будаўніцтва паліклінічнага цэнтра пачалі ў 2009 годзе. Старшыня аблвыканкама падзякаваў за падтрымку прэм'ер-міністру Сяргею Румасу, які ў свой час узначальваў Банк развіцця Рэспублікі Беларусь. З дапамогай фінансавых сродкаў банка паскорыліся работы, якія завяршыліся за 1,5 года. Агульны аб'ём інвестыцый склаў 30,8 мільёна рублёў. У тым ліку 8,5 мільёна — выдаткі на набыццё медыцынскага абсталявання.

— І цяпер здадзены пад ключ доўгачаканы і шматфункцыянальны аб'ект, мнагапрофільны медыцынскі цэнтр. Усяго ў Прыдзвінні толькі летась увялі ў эксплуатацыю каля дваццаці медыцынскіх аб'ектаў. Нейкія мадэрнізавалі, іншыя адрамантавалі. На слыху аршанская і мёрская бальніцы, участковыя бальніцы ў Копысі, Балбасаве Аршанскага раёна, стаматалагічны цэнтр у Докшыцах, — падкрэсліў Мікалай Шарснёў.

Прэм'ер-міністр Сяргей Румас, звяртаючыся да прысутных, падкрэсліў, што інвестыцыі ў здароўе — адзін з найважнейшых прыярытэтаў у нашай краіне.

— І дзяржава ў любых эканамічных умовах будзе знаходзіць сродкі, каб іх укладваць у гэтую сферу, — адзначыў ён.

Ён пажадаў гараджанам не хварэць, а лепш прыходзіць у паліклініку, каб проста праверыць стан здароўя, аздаравіцца. Але, калі спатрэбіцца, медыкі змогуць забяспечыць аказанне сучаснай дапамогі.

Цікава, што ў педыятрычным аддзяленні ёсць гульнявы пакой. Там будуць праводзіць эргатэрапеўтычныя заняткі (для аднаўлення страчаных рухальных навыкаў і г. д.).

У жаночай кансультацыі працуюць кабінет планавання сям'і, дзённы стацыянар, аперацыйная для правядзення малых хірургічных умяшанняў і іншае.

У медкомплексе функцыянуюць два вучэбныя офісы ўрача агульнай практыкі. Заняткі там арганізуюць у фармаце «2 на 2». Гэта калі ўрач, які праходзіць падрыхтоўку або перападрыхтоўку, засвойвае вучэбны матэрыял у тандэме з навучэнцам каледжа пад кантролем двух профільных выкладчыкаў.

Сярод іншага ў паліклініцы ёсць басейн, якім змогуць скарыстацца і людзі з абмежаванымі магчымасцямі. Пры аказанні некаторых відаў меддапамогі выкарыстоўваюцца лічбавыя тэхналогіі.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Фота Аляксея СПАТКАЯ

Загаловак у газеце: Інвестыцыі ў здароўе

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.