Вы тут

Планы на лета


У наш час модна складаць розныя планы. Гэта планы на наступны год, на найбліжэйшы месяц, на выхадныя ці толькі на сённяшні дзень. І ў такім планаванні ёсць свая рацыя. Яно прывучае да дысцыпліны і дапамагае ў звыклым графіку адкрыць схаваныя часавыя лакуны — і выканаць некаторыя даўнія важныя справы або паспець зрабіць нешта новае. Такім чынам, я прапаную не адкладваючы запланаваць прыемныя і карысныя пункты найбліжэйшага цёплага сезона.


1. Бегаць у месцах працяглай вандроўкі

Пра такую карысную звычку прачытала ў кагосьці з айчынных журналістаў. Сэнс яе вельмі просты: калі выбіраешся кудысьці на адносна працяглы час, варта захапіць з сабой красоўкі і спартыўную форму. Так, можа, не вельмі зручна везці з сабой дадатковы багаж. Але, калі выпраўляешся на ранішнюю ці вечаровую прабежку ў новым месцы, ёсць шанц больш глыбока адчуць яго. Ногі ў прамым сэнсе занясуць туды, куды ў іншым выпадку наўрад ці дайшоў бы. Мімаходзь заўважаеш абрысы наваколля, адчуваеш яго настрой, прыкмячаеш цікавінкі, да якіх абавязкова трэба будзе завітаць. На такой прабежцы ты ўжо нібы мясцовы жыхар — і мястэчка, вёска, горад з задавальненнем адкрые табе свае таямніцы.

2. Самастойна арганізаваць паход

Не так страшна і складана, як можа падавацца на першы погляд. Для гэтага ў ідэале трэба мець сябра ці сваяка, таксама зацікаўленага ў тым, каб усё адбылося. Лепш выбраць хаця б часткова знаёмы маршрут. Значна спросцяць жыццё ў паходзе прадстаўнікі моцнай паловы — без іх будзе складана паставіць намёт, насячы дровы і данесці асноўную частку цяжкога грузу.

Варта арыентавацца на прагнозы надвор'я, але ў гэтым пытанні ў Беларусі ніколі нельга быць пэўным. Узяць з сабой дажджавік і крэм ад сонца — і рызыкнуць. Над смелымі прырода можа злітасцівіцца і аддзячыць добрым надвор'ем. А калі ў дарозе заспеюць грымоты і дожджык, то гэта толькі дадасць экстрыму.

Не варта думаць, што паходы засталіся дзесьці далёка, у студэнцкай і школьнай пары. І калі цяпер такое баўленне часу здараецца нашмат радзей, тым больш моцныя, прыемныя ўражанні яно прыносіць.

3. Два дні пабыць на лецішчы ў цішыні

Мы жывём у час бясконцага інфармацыйнага шуму і мноства неадкладных спраў. Наваколле гудзе, і ты ўжо перастаеш адрозніваць, што важнае, а што другаснае, што навязваюць табе іншыя людзі, а якія імкненні ідуць з уласнага сэрца. І вось таму час ад часу так патрэбна цішыня. Каб побач не было ніякіх людзей — ні блізкіх, ні чужых. Пабыць з самім сабой, зазірнуць у вочы ў люстэрку і шчыра абмеркаваць усё як ёсць. Для гэтай мэты ідэальна падыдзе хатка ў вёсцы, аграсядзіба ці зняты на суткі-двое пакойчык у іншым горадзе. Так, пажадана выехаць за межы звыклага населенага пункта. Каб зірнуць на сябе збоку — і парадавацца, і штосьці падкарэктаваць.

Блакітная крыніца ў Слаўгарадскім раёне Магілёўскай вобласці.

4. Запісаць відэаўспаміны сваякоў

Носьбіты мовы, умельцы, якія валодаюць пэўнымі рамёствамі, людзі — захавальнікі ўнікальных успамінаў пра даўнія часы — тыя, да каго ў наш час прынята завітваць на экскурсіі. Дык калі зусім чужы чалавек цікавіць іншых сваім веданнем, то, безумоўна, сваяк — асоба, вартая не меншай увагі. Гэта неабавязкова мусіць быць родны па прамой лініі — цікава будзе пагутарыць і з іх сёстрамі, братамі, у тым ліку стрыечнымі. Падавалася б, не такая блізкая радня, але гэтыя людзі, несумненна, памятаюць штосьці адметнае з агульнай гісторыі. Відэакамера знойдзецца ў многіх сучасных тэлефонах. Таму найлепей зафіксаваць усё на відэа — каб захаваць не толькі самі словы, але і голас, знешні выгляд, антураж навокал. Аднак і нататкі, зробленыя ў звычайным сшытку, у будучыні стануць каштоўнай рэліквіяй.

5. З'ездзіць на фестываль-рэканструкцыю

У наш час праводзіцца вялікае мноства цікавых фестываляў. Пачынаючы ад «Гальшанскага замка», які сёлета пройдзе ўжо 18 мая, заканч-
ваючы фестывалем «Камяніца», які традыцыйна ладзіцца на пачатку верасня. Часам сярод фэстаў няпроста сарыентавацца — настолькі іх шмат. Кулінарныя, прысвечаныя святам, падзеям, музычныя, фестывалі гістарычнай рэканструкцыі. Таму лепш загадзя выбраць штосьці найбольш адметнае на ўласны густ — і пазначыць дату ў сваім календары.

* * *

Чалавек, які плануе, паспявае больш. Лянота ці занятасць голымі рукамі яго не возьме. Паспяховыя людзі плануюць таксама і свой адпачынак. Бо гэта істотна. Такі план калі не самы важны, то самы прыемны — можна сказаць, жыццёва неабходны.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.