Вы тут

Стафан Баторый (1533—1586)


Гэта быў унікальны чалавек, які стаў каралём не па праве нараджэння і бацькоўскай спадчыны, а дзякуючы сваёй волі, розуму і мэтанакіраванасці. Чалавек, які зрабіў сябе!


Стафан паходзіў са знатнага венгерскага роду Шомлё, які валодаў землямі каля горада Крышана на сучасным румына-венгерскім памежжы. З юнацкіх гадоў Стафан служыў у войску караля Венгрыі і Чэхіі Фердынанда Габсбурга. Пасля вучыўся ў славутым Падуанскім універсітэце. На службе ў трансільванскага князя Яна Жыгманда Запальяі Баторый падтрымаў яго прэтэнзіі на каралеўскую карону Венгрыі, за што і трапіў у турму. Яго як пасла Запальяі арыштаваў у Вене імператар Максіміліян ІІ. За тры гады няволі Баторый перачытаў тамы старажытнай літаратуры, а любімыя запіскі Юлія Цэзара ведаў на памяць. Унікальныя здольнасці! Толькі пасля смерці Запальяі імператар вызваліў Стафана. Неўзабаве, 25 мая 1571 года Баторыя абралі князем Трансільваніі. Умелай дыпламатычнай палітыкай яму ўдавалася захоўваць мір з Турэцкай імперыяй і заслужыць прыхільнасць султана Мурада ІІІ. Султан і падтрымаў яго кандыдатуру на пасад Рэчы Паспалітай. На выбарчым сойме ў снежні 1575 года каля Варшавы было выбрана аж два ўладары. Польскія магнаты і дэлегацыя Вялікага Княства Літоўскага і Прускага герцагства выбралі імператара Максіміліяна ІІ, а шматлікая польская шляхта вуснамі свайго правадыра Яна Замойскага (даўняга знаёмца Баторыя па Падуанскім універсітэце) абвясціла польскай каралевай Ганну Ягелонку, сястру памерлага караля Жыгімонта Аўгуста, а яе мужам — Стафана Баторыя. Вось такім чынам яго прызналі польскім каралём. Гісторыя сутыкнула Баторыя з яго даўнішнім непрыяцелем у барацьбе за польскую карону.

Дзейсны Баторый апярэдзіў старога і хворага імператара і прыбыў хутка ў Кракаў, дзе і быў паспешліва без удзелу літвінскай дэлегацыі каранаваны сваімі прыхільнікамі 1 мая 1576 года. Толькі пасля таго, як Баторый урачыста прынёс клятву дэлегацыі ВКЛ «на захованье прав, вольностей и свобод Великого князства Литовского», літвіны прызналі яго вялікім князем літоўскім. Баторый не мог выканаць усіх патрабаванняў літвінаў, у прыватнасці вярнуць захопленыя Польшчай землі ВКЛ — Падляшша, Валынь і Кіеўшчыну, але ён прызнаў раўнапраўнасць ВКЛ з Польскім Каралеўствам, абавязаўся захоўваць яго самастойнасць і цэласнасць, згадзіўся на пачарговасць соймаў у Польшчы і Літве, адмовіўся ад гаспадарскіх уладанняў. На такіх умовах Стафан Баторый стаў вялікім князем літоўскім.

Карону Рэчы Паспалітай Стафан Баторый прыняў дзеля ўладарання, а не каб быць марыянеткай у руках палітычных сіл. «Не ў хляве нарадзіўся, але вольным чалавекам. І была ў мяне ежа і адзежа, перш чым прыбыў я ў гэтую краіну. Прыбыў сюды на падставе вашых просьбаў і дамаганняў, вы самі ўсклалі мне на галаву карону, таму я ваш сапраўдны кароль, а не кароль, намаляваны на малюнку. Хачу панаваць і загадваць і не пацярплю, каб хтосьці ўладарыў мной», — цвёрда заявіў Баторый. І з яго словамі трэба было лічыцца.

Баторый вядомы як таленавіты палкаводзец, які пераможна завяршыў доўгую Лівонскую вайну з Масковіяй, вярнуў у склад ВКЛ Полацк (па сутнасці выратаваў яго для будучай Беларусі). Быў ён і дзяржаўным будаўніком. Вярнуў Рэчы Паспалітай багаты Данцыг (Гданьск). Хоць на гэта спатрэбілася два гады ўпартай блакады горада. Вялікую кантрыбуцыю, выплачаную Данцыгам, Баторый выкарыстаў на ўзбраенне войска. Ён мадэрнізаваў артылерыю, стварыў пяхоту рэкруцкага набору з сялян гэтак званых выбранцаў, наняў на службу венгерскіх і нямецкіх воінаў і запарожскіх казакаў. Такім чынам стварыў баяздольнае войска. Як добры псіхолаг Баторый сваімі патрыятычнымі заклікамі натхніў літвінаў да гераізму. «Няхай усялякі лічыць абавязкам свае намаганні падчас такой справядлівай вайны прысвяціць доблесным справам, за якімі настануць вялікі гонар і слава тым, якія разам з намі прымуць удзел у такой важнай і вялікай вайне». На заклік Баторыя літвінскія магнаты выставілі за свой кошт баявыя аддзелы, шмат простых людзей уступіла ў войска. Баторый лічыў вайну за Полацк справядлівай і ў сваім маніфесце дэклараваў: «Што мы так памяркоўна будзем карыстацца сваёй зброяй, што ніхто не атрымае ніякай шкоды». І Баторый стрымаў сваё слова. Гэта прызнаў нават рускі гісторык Мікалай Карамзін: «Сказаў і стрымаў: ніколі вайна не бывала для земляробаў і грамадзян ціхай, чалавекалюбнай, як гэта Баторыева». Такое прызнанне вартае пахвалы! Гуманізм Баторыя праяўляў і да гарнізонаў цвержаў, якія здаваліся на яго міласць і якія ён цэлымі адпускаў, як, скажам, было ў Полацку. У выніку трох паходаў Баторыя (1579—1582 гады) былі вызвалены Полацк, Вялікія Лукі і іншыя гарады ВКЛ. Баторый гатовы быў ваяваць да перамогі, бо лічыў, што «для карыснага і сумленнага міру трэба ваяваць» і так прымусіць цара Івана Грознага да міру. Самаўпэўнены і ганарлівы цар спачатку не хацеў і чуць пра мір, грэбліва называў Баторыя «суседам» не вартым манаршай кароны, бо ён сам «найвялікшы хрысціянскі гаспадар». Баторый годна адказаў цару: «Ты не ўладар свайму народу, а кат; ты звыкся ўладарыць сваімі падданымі, як жывёлай, а не так як людзьмі!» . Пад ударамі войскаў Баторыя цар палахліва запрасіў міру і адмаўляўся ад сваіх заваёў у ВКЛ. Перамога праславіла Баторыя як выдатнага палкаводца — ён асабіста ўзначальваў войска і разам з воінамі мужна пераносіў усе нягоды баявога жыцця.

Ваенныя трыумфы не засланілі іншыя справы Баторыя. Для дабра Рэчы Паспалітай ён гатовы быў аддаць «усё, што ў яго ёсць самага дарагога і важнага пасля Бога: маёмасць, кроў і жыццё». Сапраўды, манах не шкадаваў сябе, не ведаў стомы і адчаю. Шмат зрабіў для асветы ў ВКЛ, заснаваўшы Віленскую акадэмію і Полацкі езуіцкі калегіум з універсітэцкімі правамі. Увёў у дзеянне вышэйшыя апеляцыйныя суды, Каронны Трыбунал і Трыбунал ВКЛ. У аблюбаванай ім Гародні як сваёй рэзідэнцыі перабудаваў стары гатычны замак у цудоўны рэнесансны палац, а замест драўлянага касцёла Вітаўта узвёў велічны мураваны храм, вядомы як «фара Вітаўта». Ведаючы яго няўрымслівасць і мэтанакіраванасць, можна думаць, што Баторый зрабіў бы шмат вартага. Ён марыў у саюзе з Венецыянскай рэспублікай і Іспаніяй вызваліць родную Венгрыю ад турэцкага ўладарання. Аднак падарванае здароўе Баторыя не вытрымала напружання. Ён так і не адолеў прастуды, якую падхапіў на марозе падчас палявання. 12 снежня 1586 года Стафан Баторый памёр у сваім новым палацы ў Гародні. Ён памёр на зямлі, якую абараняў і жыхары якой, па словах яго сакратара Гедэйштэйна, «любілі яго і ўсе яго задумы дапамагалі выконваць з годным жаданнем».

Вітаўт ЧАРОПКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».