Вы тут

«Прыемна, што беларускія жанчыны ў наш час не толькі хочуць быць сямейнымі»


Вобраз паспяховасці ў кантэксце мацярынства і сямейных каштоўнасцяў абмеркавалі на круглым стале ў Доме прэсы. «Кожная справа, да якой прычыняецца жанчына, мае душу і сацыяльны кірунак. У наш «меркантыльны» час гэта надзвычай важна», — упэўнены намеснік міністра інфармацыі Ігар Бузоўскі.


— Жаночыя твары мы бачым і ў журналістыцы, і ў прамысловасці, і ў парламенце. Хоць калісьці гэтыя сферы лічыліся выключна мужчынскімі. Прыемна, што беларускія жанчыны ў наш час не толькі хочуць быць сямейнымі, але і актыўна падключаюцца да развіцця грамадства на ўсіх узроўнях. Пры гэтым яны не імкнуцца да канкурэнцыі. Хочуць быць у тандэме з прадстаўнікамі супрацьлеглага полу. Мужчыны дзейнічаюць цвёрда і рашуча, жанчыны — мякка і асцярожна. Калі гэта аб'яднаць, атрымаем тую самую гармонію, якая прывядзе да поспеху ў любой справе, — выказала думку намеснік старшыні Беларускага саюза жанчын Лілія Ананіч.

Назіраннямі за сітуацыяй збоку падзялілася пастаянны каардынатар ААН у Беларусі Іаана Казана-Вішнявецкі:

— У вас даволі высокі ўзровень не толькі правоў, але і магчымасцяў жанчын. Нягледзячы на тое, што тут па-ранейшаму захоўваюцца традыцыйныя мадэлі выхавання дзяцей (у дэкрэт ідзе толькі адзін працэнт мужчын), значны ўплыў на развіццё эканомікі краіны аказвае менавіта прыгожая палова. Гэта цудоўна. Навуковыя даследаванні паказалі, што бізнес, у кіраванні якога не менш за 30 працэнтаў займаюць жанчыны, развіваецца больш паспяхова, чым чыста мужчынскі. Такія кампаніі хутчэй растуць, зарабляюць больш грошай і распрацоўваюць эфектыўныя стратэгіі.

А на думку намесніка старшыні Пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Людмілы Канановіч, паспяховасць жанчыны можна вымяраць толькі як суму складаемых:

— Гэта нязменныя каштоўнасці — сям'я, дзе жанчына рэалізуе сябе ў ролях жонкі, мамы, бабулі, і любімая справа, якая дае магчымасць раскрыцца творчым і працоўным здольнасцям. У дзяржаве створаны ўмовы, каб кожная жанчына магла рэалізаваць сябе ў абодвух кірунках.

Ганна КУРАК

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.