Вы тут

На ферму — з укладкай і макіяжам


Выязны салон прыгажосці адправіўся да жывёлаводаў Добрушскага раёна напярэдадні Міжнароднага дня жанчын. Паміж ранішняй і абедзеннай дойкамі сельскія работніцы аказаліся ва ўладзе цырульнікаў, візажыстаў і майстроў па манікюры. За знешнімі і ўнутранымі пераменамі даярак і цялятніц назірала «Звязда».


Сёння свята ў дзяўчат

— Каровы французскай парфумы не спужаюцца? — пытаюцца стылісты.

— Звыкнуцца! Мы ж да іх водараў прызвычаіліся, — усміхаюцца ў адказ работніцы гаспадаркі «Чырвоная Буда».

Раніца ў Насовіцкім Доме культуры пачалася незвычайна. Невялічкі старэнькі будынак пераўтварыўся ў жаночае царства, дзе простыя жывёлаводы змаглі па-сапраўднаму расслабіцца і на некалькі гадзін забыцца пра надоі і прывагі. Стрыжка ці ўкладка, макіяж з ліфтынг-таніраваннем або вячэрнім смокі-айс, французскі, галівудскі ці класічны манікюр ад майстроў б'юці-індустрыі Гомеля — выбірай, што душа пажадае. Усё бясплатна.

Імправізаваны салон прыгажосці з выездам у глыбінку — сумесная ініцыятыва Беларускага саюза жанчын і прафсаюза работнікаў АПК.

— Ідэя праекта нарадзілася некалькі месяцаў таму, калі я знаёмілася з жывёлаводамі-перадавікамі Добрушскага раёна. Увагу прыцягнулі напрацаваныя рукі без намёку на манікюр, твары, якія ўжо і забыліся, што такое пудра, — расказвае старшыня Гомельскай абласной арганізацыі БСЖ Галіна Пашэд. — Праца даярак і цялятніц нялёгкая. Але жанчына застаецца жанчынай, нават калі знаходзіцца на ферме. 8 Сакавіка — ідэальны час, каб нагадаць пра гэта.

Работніцы фермаў нечаканаму падарунку толькі радыя. Навіна пра салон прыгажосці ў Насовічах абляцела ўсе навакольныя вёскі. Жанчыны пачалі падцягвацца ў ДК адразу пасля работы. Самая вялікая чарга выстраілася, вядома, да цырульнікаў. У вёску некалькі разоў на тыдзень прыязджае майстар з Добруша, але да яго сельскія жанчыны даходзяць нячаста. Пакуль з фермы прыйдзеш, пераапранешся — ужо і назад трэба вяртацца, каровы чакаць не будуць. Жывёлаводы элементарна не паспяваюць пастрыгчыся. Што ўжо казаць пра вячэрнія ўкладкі? Таму ў гэты дзень у клубе для годнага сэрвісу стварылі ўсе ўмовы. Нават вялізную бочку з цёплай вадой прывезлі, бо водаправод да будынка не падведзены.

— Я заўсёды думала, што даярка з касой да пояса — гэта такі стэрэатып, — кажа майстар па прычосках Ірына Машэчка. — Аказалася, праўда. У многіх сапраўды доўгія густыя валасы, з якімі прыемна працаваць.

Дзяўчаты ў сваю чаргу тлумачаць, што на ферму або з зусім кароткімі валасамі ідзеш, або з доўгімі, якія можна акуратна заплесці і схаваць пад хустку.

— Ну няўжо мая Валя — цялятніца? Не. Мадэль яна! Гляньце на прычоску, на вусны. Ёй бы на вокладку часопіса мод, — не хаваючы эмоцый прызнаецца Ала Карпенка.

Жанчына прыйшла да стылістаў разам з дочкамі — Валянцінай Чмыровай і Таццянай Бабровай. Усе трое працуюць жывёлаводамі на мясцовых фермах.

— Іванаўна, давай і з цябе мадэль зробім!

— Куды мне... Я старая жанчына — 57 гадоў, — адмахваецца Ала.

Аднак пасля доўгіх угавораў усё ж ідзе ў крэсла да візажыста. Упершыню ў жыцці. 20 хвілін «чараўніцтва» пэндзлікамі, ценямі і румянамі — і вуаля. Перад намі ўжо не стомленая сялянка, а дама, гатовая скараць мужчынскія сэрцы.

А вось на манікюр з тутэйшых жанчын адважыліся нямногія.

— Шкада людской працы. Майстры будуць старацца над маімі пазногцямі, а я раз кармушку пачышчу — і таго манікюру як не было, — тлумачыць цялятніца Надзея Пінкіна.

Аператар па штучным асемяненні Вольга Муха не згодная — лічыць, што хоць на нядоўгі час, але прыгажосць павінна дакрануцца да яе рук.

— Дома ўсе здзівяцца, калі я ім свае пазногцікі пакажу, — кажа яна майстру па манікюры.

Муж у Вольгі таксама на ферме. А паколькі пара гадуе чацвярых дзяцей, пра час на сябе жанчына пакуль толькі марыць.

— У маладосці хацела стаць сцюардэсай, але закахалася — і закруцілася ўсё неяк. Дом, сям'я, работа. Я, калі прыйшла, жудасна кароў баялася. Але нічога, хутка ўвайшла ў курс справы і разумею, што адказнасці тут не менш, чым на авіялайнеры, — расказвае жывёлавод.

Побач яе калега Наталля Мініна разглядае сябе ў люстэрку.

— Якія адчуванні? Цяжкавата. Столькі касметыкі на твар я за ўсё жыццё не наносіла. Але дайце ж хоць раз адчуць сябе сапраўднай зоркай!

Іна Калеснікава ў «салоне».

Усяго за некалькі гадзін вясковыя жанчыны перамяніліся да непазнавальнасці. Прычоскі і макіяж — гэта ж не толькі пра новы твар, але і пра новыя адчуванні. Спінкі ва ўсіх ураз сталі роўныя, погляды адкрытыя. Яно і зразумела: новаму вобразу хочацца адпавядаць.

— Прыйду на ферму, а мяне мае кароўкі не пазнаюць, — дзеліцца Ала Карпенка.

У гэтых словах ні кроплі іроніі. А палове першай жывёлаводы павінны былі вярнуцца да працоўных абавязкаў. Але перад тым, як збегчы назад на ферму, — яшчэ адзін сюрпрыз. Якое ж свята без канцэрта і падарункаў? Кветкі, касметыка, салодкія ласункі — надарылі дзяўчатам усё тое, перад чым не ўстаіць ні адна жанчына. Акрамя першых асоб раёна і сельсавета, павіншаваць жывёлаводаў прыйшла легендарная Валянціна Канстанцінаўна Кляцко — чалавек, які працуе ў сельскай гаспадарцы Добрушскага раёна ўжо 52 гады і служыць прыкладам не аднаму пакаленню аграрыяў.

— Прыгажосць, вядома, страшная сіла. Але калі надоі сёння ўпадуць, нікога шкадаваць не буду. Пасля канцэрта — усе на фермы без спазненняў, а то прэміі паздымаем! — жартаўліва пачала сваё выступленне жанчына, а пасля ўжо ўсур'ёз зазначыла: — Словамі не перадаць, як у сельскай гаспадарцы не любяць сакавік і красавік! Звычайна людзі радуюцца пачатку вясны, а ў нас кармы на зыходзе, паўсюль слота і бруд. Прыемна, што менавіта пра нашых дзяўчат не забыліся ў гэты час. Мы працуем для тых, хто дае нам культуру і медыцыну, хто задзейнічаны ў прамысловасці і адукацыі. Адным словам, для ўсіх. І калі мы не будзем сумленна ставіцца да сваёй справы, не накормім людзей — няма чаго і ад іх чакаць высокіх дасягненняў.

Іна Калеснікава на працы.

Пасля балю

І ўсё ж самае цікавае ў той дзень рабілася не ў Доме культуры, а на гаспадарках, куды жывёлаводы адправіліся адразу ж пасля імправізаванага салона прыгажосці. Нагадвала гэтая карціна казку пра Папялушку — святочныя сукенкі змяніла працоўнае адзенне, а прычоскі схаваліся пад хусткамі.

На фермах дзяўчат зачакалася не толькі жывёла, але і мужчынская палова калектыву. Так-так, у «Чырвонай Будзе» працуе цэлых сем мужчын-аператараў машыннага даення! Нічога дзіўнага, улічваючы, што некалі гэтыя мясціны праслаўляў знакаміты Герой Сацыялістычнай працы — даяр Косця Хлябцоў. Гэта ягоныя паслядоўнікі. Дарэчы, дзякуючы мужчынам, жанчыны і змаглі на некаторы час адлучыцца з фермы дзеля навядзення марафету. Кароў адных не пакінеш.

— Мы з хлопцамі падняліся а палове чацвёртай раніцы. На гадзіну раней, чым звычайна, запусцілі дойку, каб паспець управіцца да васьмі, — дзеліцца памочніца брыгадзіра Антаніна Кудрыцкая. Яна адна з нямногіх, у каго не атрымалася патрапіць да цырульнікаў: — Нехта ж павінен быў усё арганізаваць і прасачыць за працэсам.

Старанні гомельскіх майстроў Антаніна Іванаўна ацаніла на выдатна: «Ох, якія нашы дзеўкі харошанькія! Падояць кароў і ўсё-ўсё мне раскажуць. Я нават кубачкі фарфоравыя для чаю прынесла. Зладзім працяг свята на ферме». Ну чым не «фея-хросная», якая дапамагла сваім падапечным трапіць у казку?

Перамены ў сваіх гаспадынях заўважылі і рагулі. Спачатку прынюхваюцца, прыглядаюцца, і толькі пачуўшы родны голас, падыходзяць бліжэй. Затое самі жанчыны адчуваюць сябе ў новых вобразах надзвычай арганічна і не саромеюцца пазіраваць на камеру. Цікава, што ў Доме культуры сярод незнаёмых людзей, пад пільным наглядам дзясятка журналістаў іх трэба было прасіць усміхнуцца, кожная фраза давалася няпроста. А тут іх быццам падмянілі: водзяць мяне па ферме, расказваюць пра ўсё. Вось што значыць, чалавек на сваім месцы.

— Гэта нашы самыя маленькія, нарадзіліся некалькі дзён таму. Прычым кожная з нас корміць цялят толькі ад тых кароў, якіх доіць. Мы нават называем гэтых цялят сваімі прозвішчамі, — знаёміць з тонкасцямі працы даярка Іна Калеснікава. — А тут у нас іх мамы. Вы толькі ў вочы зазірніце, ну як іх можна баяцца і не любіць?

Ганна КУРАК, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як уцягнуць у абарачэнне землі, вызваленыя з-пад інвазійных раслін?

Як уцягнуць у абарачэнне землі, вызваленыя з-пад інвазійных раслін?

Гэта паказалі на прыкладзе Мінскага і Валожынскага раёнаў.

Грамадства

Мужчыны расказваюць пра сваё жыццё ў дэкрэце

Мужчыны расказваюць пра сваё жыццё ў дэкрэце

На сямейным фестывалі «ТатаPro» таты, якія вырашылі пайсці ў дэкрэтны адпачынак або раздзяліць яго з жонкай, падзяліліся сваімі гісторыямі і расказалі пра тонкасці дэкрэта.

Грамадства

​Як беларускія вучоныя ствараюць умовы для спартыўных перамог

​Як беларускія вучоныя ствараюць умовы для спартыўных перамог

Спартыўныя дасягненні чалавека прыблізна на 75 % залежаць ад яго генетыкі.