Вы тут

Цікавыя навіны з-за мяжы


Зладзеі кралі грошы... пыласосам

Банды зладзеяў з пыласосамі скралі ў Лондане манеты з паркавальных лічыльнікаў на дзясяткі тысяч фунтаў стэрлінгаў, паведамляе Daіly Maіl.


Удакладняецца, што спачатку бандыты прараблялі ў прыладах адтуліны пры дапамозе кувалды, дрыля або аўтамабіля. Затым прасоўвалі туды шланг пыласоса і засмоктвалі ім наяўныя грошы, якія ляжалі ўнутры. Толькі ў раёнах Кенсінгтон і Чэлсі, якія займаюць 12 квадратных кіламетраў на захадзе Лондана, на працягу года такім спосабам яны скралі 120 тысяч фунтаў стэрлінгаў.

Савет гарадскога раёна не выключае, што для барацьбы са зладзеямі прыйдзецца адмовіцца ад наяўных плацяжоў за паркоўку і цалкам перайсці на аплату пры дапамозе мабільнай праграмы. Гэта можа не спадабацца аўтамабілістам: па даных сацыялагічнага апытання, 70 % кіроўцаў пазбягаюць паркоўкі, якую можна аплаціць толькі пры дапамозе смартфона.


Пенсіянерка сплыла на крызе

Пажылая амерыканка сплыла ў мора на крызе падчас паездкі ў Ісландыю, паведамляе Daіly Maіl.

Інцыдэнт адбыўся, калі 77-гадовая жыхарка Тэхаса Стрэнг гуляла з сынам па пляжы каля лагуны Ёкюльсаўрлаўн. Яна заўважыла незвычайны кавалак лёду, які нагадваў трон, і села на яго, каб сфатаграфавацца. Набеглая хваля панесла жанчыну разам з «тронам» у адкрытае мора. На дапамогу прыйшоў прахожы, які аказаўся капітанам карабля. Ён дапамог вылавіць амерыканку з вады і вярнуць яе на сушу.

Адзначаецца, што ўнучка Стрэнг выклала серыю фатаграфій у «Твітэр». Здымкі набылі вялікую папулярнасць у сацыяльных сетках, карыстальнікі якіх прысвоілі пажылой амерыканцы званне «каралевы айсберга». Сама жанчына заявіла, што засталася задаволеная вопытам. «Вы ведаеце, я заўсёды хацела быць каралевай. Я маю на ўвазе, гэта быў мой шанц», — заявіла яна.


Абрабавала былога хлопца дзеля вяселля з цяперашнім

Жыхарка Кітая абрабавала былога каханага, каб заплаціць за вяселле з цяперашнім маладым чалавекам, паведамляе партал World of buzz.

31-гадовая кітаянка па прозвішчы Чжоу з правінцыі Чжэцзян сказала былому хлопцу, што зноў хоча быць разам з ім. Усё яшчэ закаханы ў яе 43-гадовы паклоннік быў вельмі рады і адправіўся з ёй па крамах, прыхапіўшы з сабой 10 000 юаняў наяўнымі. Пасля наведвання гандлёвага цэнтра яны пайшлі ў парк, дзе Чжоу прапанавала мужчыну знайсці адасобленае месца і «заняцца чымсьці ўзрушальным».

Даверлівы паклоннік пагадзіўся, і Чжоу папрасіла яго распрануцца, а затым дазволіць прывязаць сябе да дрэва. Калі той выканаў просьбы дзяўчыны, яна забрала яго вопратку, мабільны тэлефон, кашалёк і збегла. Мужчыну ўдалося вызваліцца толькі праз дзве гадзіны, ён апрануўся і пайшоў у паліцыю.

Праз некаторы час паліцэйскія арыштавалі Чжоу, але яна ўжо паспела патраціць усе грошы. На допыце тая прызналася, што яна і яе цяперашні хлопец страцілі працу і ў іх не было нават грошай для аплаты арэнды пакоя. Малады чалавек Чжоу паабяцаў ёй, што калі яна дастане грошы, то ён ажэніцца з ёй. Дзяўчына вельмі ўзрадавалася і менавіта такім чынам вырашыла скрасці грошы «на вяселле».

Іван Купарвас

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.