Вы тут

У Гродне прайшоў фестываль рамеснікаў «Казюкі»


Гэта традыцыйнае свята майстроў, якое штогод праходзіць менавіта 4 сакавіка і звязана з пачаткам гандлёвага года. А гісторыя яго цягнецца з Сярэднявечча ў памяць унука князя Ягайлы, святога Казіміра, які майстраваў патрэбныя рэчы і раздаваў людзям. Яго маладое жыццё абарвалася ў Гродне, а праз стагоддзе ён быў кананізаваны і абвешчаны ахоўнікам рамеснікаў. У абласным цэнтры традыцыю кірмаша на Казюкі адрадзілі амаль 20 гадоў таму. Сёлетняе свята стала самым маштабным і доўжылася два дні.


Гродзенцы добра ведаюць і чакаюць вялікі кірмаш. І не дзіва. Гэта сапраўднае свята — з музыкай, песнямі, народнымі абрадамі, нацыянальнай кухняй і, вядома, таленавітымі майстрамі. Сёлета іх сабралася больш за 250 чалавек. Большасць — з розных куткоў Беларусі, але былі прадстаўнікі з Украіны, Літвы і Польшчы. Як адзначыў адзін з арганізатараў свята, старшыня Гродзенскага гарадскога аддзялення Саюза палякаў на Беларусі Казімір ЗНАЙДЗІНСКІ, такія кірмашы ладзяцца і ў суседзяў — у польскіх гарадах Аўгустоў і Беласток і ў літоўскім Вільнюсе. У цырымоніі адкрыцця прынялі ўдзел гарадскія ўлады, замежныя госці, грамадскія арганізацыі.

Рукадзельніца з польскай Сакулкі Юзэфа Камінска прыехала ў складзе дэлегацыі, каб прыняць удзел менавіта ў беларускім кірмашы. Яна любіць бываць у Гродне, які, па яе словах, заўсёды сустракае чысцінёй і добрымі людзьмі.

Дарэчы, пра чысціню. Заўважана, што сярод майстроў цяпер даволі актуальная тэма лазні. Вось і на Казюках многія прапаноўвалі прылады для карыснай справы, шматлікія драўляныя пано. І першы гродзенец, з якім давялося пагутарыць, як ні дзіўна — Казімір, купляў для сваёй лазні шыльду з забаўным надпісам. Увогуле яны з жонкай набылі дубовыя апрацоўчыя дошкі, вось толькі не знайшлі шпакоўні, якую гатовы былі купіць і за высокую цану.

Мне трапіла на вочы толькі адна шпакоўня, і гэта сапраўдны дызайнерскі экзэмпляр коштам 35 рублёў. Пры гэтым майстар Руслан паведаміў, што шпакоўня прададзена, а тут выстаўлена для агляду, як і хатка на курыных ножках і клетка для жывёлаў. У яго калекцыі ёсць і покуць для абразоў. Што называецца, майстар рэагуе на попыт.

І гэта галоўная тэндэнцыя Казюкаў: прапанаваць эксклюзіўны тавар. Тут рэдка можна сустрэць аднолькавыя рэчы. Кожны прадмет — у нейкім свеце ўнікальны творчы выраб, у які ўкладзена фантазія і майстэрства. Нават звыклыя побытавыя рэчы аформлены з густам. Такімі кошычкамі, талеркамі, збанамі, кубкамі прыемна карыстацца, бо яны маюць аўтарскі почырк. Ганчарныя вырабы з чорнай глазураванай гліны прадставіў Віктар з Брэста. Ён адзначыў, што зараз яго тавар запатрабаваны, але ўвесь час трэба шукаць нешта новае ў тэхніцы і асартыменце. Калі майстар не развіваецца, у яго мала шанцаў на поспех.

Многія жанчыны спыняліся каля палаткі з вязанымі пуховымі шалямі. Яны вельмі мяккія і далікатныя, з арыгінальнымі ўзорамі. Вяжуць іх уручную майстрыхі з Мінска, а казіны пух прывозяць ажно з Башкірыі. Некаторыя экзэмпляры каштуюць да 250 рублёў. Гродзенскія рукадзельніцы прадставілі вырабы з валенай воўны — шапкі, шалікі, рукавіцы і нават кашалькі. А прыгожыя дэкаратыўныя брошкі з лісцем і гронкамі рабіны можна было купіць за сем рублёў.

Многія майстры робяць акцэнт на рарытэтах, але ў новай падачы. Гродзенец Алег сабраў калекцыю старых рэчаў і ператварыў іх у дызайнерскія інтэр'ерныя кампазіцыі. У выкарыстанне пайшлі грампласцінкі, бутэлькі, нават старыя шыльды, да таго ж усе рэчы не сучасныя, а максімум першай паловы мінулага стагоддзя. Творы сталі папулярнымі ў гаспадароў аграсядзіб, а іх становіцца з кожным годам усё больш.

Упершыню прадставілі сваю творчасць маладыя майстры Канстанцыя і Алег з Гродна. Яны захапіліся ювелірнай тэхнікай вырабаў з пластыку. У іх калекцыі — арыгінальныя жаночыя ўпрыгожанні, персанажы вядомых анімацыйных фільмаў. Кошт — ад 15 да 120 рублёў. Праўда, прадаць такія эксклюзіўныя рэчы няпроста, хоць многія наведвальнікі здымалі іх на тэлефон як дзівацтва.

Увогуле, тавараў ручной работы — і бытавых, і сувенірных — не пералічыць. А рамеснікі са Стаўбцоўскага раёна прыехалі не толькі са свамі лялькамі-абярэгамі, ручнікамі ды кошыкамі, але і з фальклорнай групай. Самадзейныя артысты прадэманстравалі старажытны народны абрад першага прысаджвання дзіцяці. Звычайная рэч, здавалася б, мае свае асаблівасці. Раней бацькі з дзіцем тройчы абыходзілі стол з сімвалічнай падушкай — для хлопчыка з зяленым колерам, для дзяўчынкі — чырвоным, потым садзілі на яе дзетак. Абрад завяршаўся частаваннем усіх гасцей пірагамі.

На кірмашы таксама частавалі. Дранікі з патэльні, каўбаскі, бульбачка, бігас — порцыя ад 2 да 2,5 рубля. Пчаляры прывезлі з сабой медавуху, якая спадабалася гасцям з Польшчы. Многія палякі прыехалі па бязвізавым рэжыме. Па наваколлі разносіліся народныя песні. Іх выконвалі калектывы з Беларусі і Польшчы.

Традыцыйна на Казюках адбываецца абрад прасвячэння ў гільдыю майстроў. Сёлета яна папоўнілася маладым рамеснікам з Оршы Дзмітрыем Цяпікавым, які прадставіў сваю работу з дрэва. Старэйшы майстар пляснуў яму лыжкай па руцэ — гэта значыць, што гільдыя папоўнілася новым сябрам.

Дарэчы, для рамеснікаў створаны добрыя ўмовы. Ільготная падатковая сістэма і хуткая рэгістрацыя далучаюць у трывалыя рады майстроў і маладых мам у дэкрэце, і пенсіянераў. Хтосьці адкрывае ў сабе новыя здольнасці, а хтосьці ідзе вучыцца майстэрству і дасягае яго. У любым выпадку такія рэчы — гэта не бязлікі тыраж, а эксклюзіўны выраб, энергія якога прыносіць радасць. У гэтым мне давялося не аднойчы ўпэўніцца.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота Андрэя МЯРЭДАВА і БелТА

Загаловак у газеце: Вялікі кірмаш на памежжы

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».