Вы тут

Агляд чытацкай пошты


«Такія пісьмы прыходзілі многім»

У маім сямейным альбоме фотакартак шмат, асабліва — новых, каляровых... На іх, вядома ж, самыя родныя — сын, нявестка, унучка, праўнукі. А вось татава картка — толькі адна, і на ёй ён дужы, малады, прыгожы.

Такі ён быў і такі застаўся, бо ў 1944 годзе ў адным з баёў быў цяжка паранены...


Мабілізавалі тату на самым пачатку вайны — у чэрвені 1941-га, а ў жніўні пад Лоевам іх полк трапіў у акружэнне. Разам з іншымі палоннымі тату на адкрытых платформах павезлі ў Асіповічы, у вялікі лагер для ваеннапалонных.

Нічога добрага ад яго чакаць не даводзілася, таму тата (ён шмат што расказваў, а мне гадоў з дзесяць было — запомніла...) згаварыўся з двума таварышамі, каб уцячы. Яны вырашылі пралезці ўніз паміж платформамі і потым залегчы паміж рэйкамі.

Тата быў старэйшы, больш вопытны, ён даводзіў хлопцам, што на хуткасці зрабіць гэта не ўдасца, што трэба чакаць, калі цягнік збавіць ход... Але адзін з палонных яго не паслухаў. Ён паспяшаўся — саскочыў з платформы і кінуўся ў бок лесу. Немцы адкрылі агонь...

Дагнала куля ўцекача ці не, тата не ведаў.

Другі з палонных таксама спускаўся на хуткасці і загінуў.

Тата праціснуўся паміж платформамі, як і збіраўся, — тады, калі цягнік збавіў хуткасць. Ён лёг на шпалы і ўжо думаў, што ўратаваўся. Аднак пад апошнім вагонам быў нейкі крук, якім яго падчапіла за адзенне і пацягнула наперад.

Адарваўся ён цудам, скаціўся пад адхон і не мог паверыць, што жывы. Праўда, радавацца гэтаму часу не меў, бо яму трэба было спяшацца, некуды ісці, а вось куды? Мясціны ж вакол зусім незнаёмыя.

Убачыўшы вёску, тата дайшоў да крайняй хаты, у дзеда-гаспадара папытаўся дарогу, а той не проста паказаў яе, а нават праводзіў — напрасткі... у паліцэйскі ўчастак.

Такім чынам усё пачалося спачатку: тата зноў апынуўся ў палоне, і яго прывезлі ў Асіповічы.

Па першым часе ўкраінцаў (як ён расказваў) немцы чамусьці адпускалі і нават выдавалі пропускі. А вось для таго каб адпусціць беларуса, ад яго родных патрабавалі прывезці даведку за подпісам старасты. Тату прыйшлося прасіць аднаго з украінцаў, шлях якога ляжаў праз нашу вёску Шацілкі (цяпер — горад Светлагорск) зайсціся да нас, сказаць маме, які дакумент патрэбен.

Просьбу той украінец выканаў: знайшоў нашу хату, усё расказаў. Мама прапаноўвала яму нагрэць вады, каб адмыўся, давала чыстае адзенне, пасцель, але той катэгарычна адмовіўся. Сказаў: «Кінь мне на падлогу саломы, а раненька — спаліш яе, бо ў цябе — дзеці... Я не хачу, каб яны набраліся вошай альбо хвароб».

У той жа вечар маме зрабілі патрэбную даведку, і раніцай яна пайшла ў Асіповічы. Ад нас гэта больш за 120 кіламетраў, прычым — па тэрыторыі, занятай немцамі.

Як яна туды дабралася, я не ведаю, але ж дакумент прынесла і забрала нашага тату з лагера для ваеннапалонных, забрала ў апошні дзень, бо назаўтра (людзі потым расказвалі) прыйшоў загад, каб ніводнага чалавека больш не адпускаць.

Дамоў нашы бацькі прыйшлі толькі ў лістападзе.

У сваёй вёсцы мы перажылі акупацыю, а пасля таго як немцаў пагналі з нашых мясцін, тату зноў забралі на фронт...

Ваяваў ён зусім нядоўга, бо праз нейкі час на маміна імя прыйшло пісьмо ад камандзіра часці, у якім было напісана, што ў адным з баёў Карп Малафеевіч Наўроцкі быў цяжка паранены і на другія суткі памёр.

Такія вось пісьмы і афіцыйныя пахаванкі тады прыходзілі вельмі многім.

З гэтым дакументам мама пайшла ў сельсавет, пасля чаго на мяне і братоў (старэйшую сястру прымусова вывезлі ў Германію) прызначылі пенсію, бо наш тата загінуў. А вось тым дзецям, чый бацька прапаў без вестак (потым, дарэчы, такое паведамленне атрымала і наша сям'я), ніякіх пенсій не плацілі.

...У мірны час мы з мамай і двума братамі (сястра, вярнуўшыся з Германіі, у хуткім часе памерла) увесь час гаварылі аб тым, што трэба знайсці магілу роднага нам чалавека. Але так атрымалася, што зрабіла гэта толькі мая ўнучка: яна звярнулася ў архіў і атрымала паведамленне, што яе прадзед Карп Малафеевіч Наўроцкі пахаваны за тры кіламетры ад Ковеля.

На жаль, мы туды пакуль не даехалі. Ды і ці толькі мы? Я з жахам думаю, колькі магіл з'явілася на зямлі ў гады вайны і колькі сем'яў не могуць ім пакланіцца.

Марыя Карпаўна Наўроцкая, г. Мінск


Выхаванне паэтычнай мовай

Два дні ў гімназіі № 174, што ў Маскоўскім раёне сталіцы, гасцявала Паэзія: праходзіў раённы конкурс чытальнікаў.

Адкрылася свята выступленнямі творчых калектываў, прывітальнымі словамі, прадстаўленнем гасцей і членаў журы, у склад якога ўвайшлі настаўнікі з розных навучальных устаноў, бібліятэкары, пісьменнікі, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і аб'яднанняў.

А далей — гучалі вершы. Чытальнікі малодшай узроставай групы выбралі творы Н. Гілевіча, Р. Барадуліна, В. Вярбы, І. Муравейкі, М. Маляўкі... Вучні 5—11 класаў звярнуліся да творчасці Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, У. Караткевіча, Е. Лось, А. Зэкава і многіх іншых, у тым ліку сучасных аўтараў. Членаў журы ўразіла акцёрскае майстэрства чытальнікаў, выразнасць маўлення...

Пераможцамі ў першай узроставай групе сталі: Кіра Граздова (СШ № 67), Іван і Марыя Цітовы (СШ № 101), Каміла Бачышча (СШ № 60), Раман Булаш (СШ № 165). У старэйшых узроставых групах — Ульяна Зязетка (СШ № 25), Ганна Шаўчук (СШ № 101), Іван Латушкін і Маргарыта Ярмалкевіч (гімназія № 174), Святаслаў Казначэеў (СШ № 26), Ганна Пасмецьева (СШ № 101) і Аляксей Пілюгін (СШ № 83).

Сёлета і слухачоў, і журы прыемна здзівілі вучні, якія прадставілі на конкурсе вершы ўласнага сачынення. Многія прысвяцілі іх малой радзіме, вядомым людзям, ветэранам Вялікай Айчыннай вайны.

Пераможцамі ў намінацыі «Уласныя вершы» сталі Яна Каляціна (СШ № 3), Андрэй Півавараў (гімназія № 174), Юлія Цецерукова (СШ № 215). Майстар-клас паэта Анатоля Зэкава падарыў юным аўтарам новыя ідэі, натхніў на далейшую творчасць.

Напрыканцы пераможцы атрымалі дыпломы ўпраўлення па адукацыі адміністрацыі Маскоўскага раёна, вучні і настаўнікі — падарункі ў выглядзе кніг з аўтографамі пісьменнікаў, а галоўнае — настрой і жаданне шанаваць нашу родную мову.

Ганна Казлова, настаўніца гімназіі № 174 Мінска


Хавайся ў бульбу!

...Некалі я была маладой, а пляменнікі мае малымі.

Кожнае лета яны прыязджалі да бабулі, і тады мы разам (цудоўны быў час!) хадзілі ў лес, палолі грады, пасвілі кароў...

Але ж дапамагалі яны не толькі ў гэтым.

Да мяне тады заляцаўся адзін дзяцюк, ды такі ўпарты... Я яму і гэтак, і так: не хадзі, маўляў, нічога ў нас не атрымаецца, а ён усё роўна за сваё. Вось я і кажу пляменнікам: «Калі з'явіцца гэты дзядзька, скажыце яму, што мяне дома няма». Дзеці паабяцалі. І вось — надвячорак. Той кавалер у бок нашай хаты пхнецца. Малыя згледзелі яго — і ў двор. Наперагонкі: бягуць і гарланяць:

— Цётачка Соня! Дзядзька ідзе! Хавайся ў бульбу!

Яны крычалі так гучна і так адчайна, што «дзядзька», хоць не адразу, але ж пачуў і хадзіць сапраўды перастаў.

С. Я. Атрохава, в. Селішча, Слуцкі раён

Пошту чытала Валянціна ДОЎНАР

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».