Вы тут

Ці аднолькавыя па значэнні словы «вінен» і «павінен»?


«Раней слова бог на старонках газет амаль не сустракалася. Цяпер яно ёсць, але пішацца то з вялікай літары, то з малой. Калі ласка, растлумачце логіку», — просіць спадарыня Галіна з Чашнікаў.

Ці аднолькавыя па значэнні словы «вінен» і «павінен» і ці ўжываецца ў беларускай мове слова «банка», цікавіцца спадар Ігар з Мінска.

Як заўжды, на моўныя пытанні чытачоў адказваюць стыльрэдактары «Звязды» Алесь Саламевіч і Леў Глушыцкі.


1. Найперш дзякуй спадарыні Галіне за даволі важнае арфаграфічнае пытанне.

Рэч у тым, што слова «Б(б)ог» можа ўжывацца і самастойна, і як частка ўстойлівага выразу. У першым выпадку (калі мы гаворым пра Бога і гэта слова ў сказе з'яўляецца асобнай адзінкай) яно пішацца з вялікай літары: Паводле Бібліі, Бог дазволіў Адаму і Еве есці плады з усіх дрэў, акрамя дрэва пазнання дабра і зла (І. Лепешаў, М. Якалцэвіч. «Тлумачальны слоўнік прыказак»). У другім (калі бог становіцца часткай устойлівага выразу) слова страчвае сваё самастойнае значэнне і пішацца з малой літары: бог яго ведае, дай бог, дзякуй богу і г. д.

2. Словы вінен (вінны) і павінен (павінны) маюць, вядома ж, рознае значэнне. Быць павінным — значыць быць абавязаным, вымушаным нешта зрабіць. Напрыклад, можна сказаць, што кожны павінен адказваць за свае словы і ўчынкі, што ён зрабіў тое, што і павінен быў.

Быць вінным або вінаватым — значыць мець доўг. Прыклад з жыцця: ён вінен мне дзесяць рублёў, з мастацкай літаратуры: Але вяселле пакуль адклалі — кмет не заплаціў капшчыну. І яшчэ ён вінен капу грошай за тое, што гатуе піва (Янка Сіпакоў. «Зубрэвіцкая сага»).

Розніцу паміж разгледжанымі словамі ілюструе народная прыказка: што вінен, аддаць павінен.

3. Слова банка (у значэнні ёмістасці) у слоўніках ёсць. Аднак выкарыстоўваецца яно вельмі рэдка, бо хапае іншых і больш канкрэтных. Напрыклад, калі гаворка пра шкляную або гліняную пасудзіну, то можна скарыстацца словамі слоік, слой. Пасудзіну з металу назавём бляшанкай. А вось шклянкі, якія выкарыстоўваліся пры лячэнні хворых, завуцца банькамі.

Слова ж банка можа прыдацца як частка фізічнага тэрміна — лейдэнская банка (прыбор для кандэнсацыі электрычнасці), а таксама як назва падводнай водмелі на марскім дне.

У абарону слоў

Сёння сярод моладзі распаўсюдзілася меркаванне, што грязь па-беларуску — бруд. Адсюль вынікаюць прапановы грязелечебницу, напрыклад, называць брудалякарняй... Аднак ці варта гэта рабіць, калі ў нашай мове ёсць абодва словы — і бруд, і гразь. Першае гаворыць аб нечым забруджаным, запэцканым. У пераносным сэнсе — аб нечым амаральным, нядобрасумленным. Гразь жа — гэта найперш вязкая, размяклая ад вады глеба. А паколькі ў множным ліку (у значэнні марскога або азёрнага глею, які мае лекавыя ўласцівасці) ужываецца толькі гразь, то гразелячэбніца якраз лагічны варыянт. Ілюстрацыя з класікі: Тут колам — хрась!.. // І кроў і гразь... // Пад кола, жаба, не падлазь (Кандрат Крапіва. «Жаба ў каляіне»).

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».