Вы тут

Mіchael Soul: Хачу паказаць, што ў Беларусі ўмеюць рабіць сучасную музыку!


Ён вырас у Брэсце ў музычнай сям’і, атрымаў адпаведную адукацыю ў сталічным каледжы мастацтваў і рэгулярна выпрабоўваў удачу ў шматлікіх творчых конкурсах. Але першую гучную вядомасць Міхаілу прынеслі нават не яны, а ўкраінскае тэлешоу «Ліга смеху» — своеасаблівы працяг КВЗ, куды хлопец трапіў амаль выпадкова, праз студэнцкія знаёмствы, але ў складзе каманды «Чайка» стаў «зоркай» праекта. Потым быў поспех у вакальным шоу «Голас краіны», зноў жа ўкраінскім, а сёлета Міхаіл — дакладней, Mіchael Soul, пад такім сцэнічным псеўданімам ён працуе апошнім часам, — упэўненым цёмным конікам ускочыў у фінал нацыянальнага адбору на «Еўрабачанне».


«Я вельмі ўдзячны сваёй маме, якая ніколі не забараняла мне паспрабаваць сілы ў тым ці іншым занятку. І таму я пераспрабаваў шмат захапленняў: займаўся журналістыкай, цыркавым майстэрствам, танцамі, тэатрам, плёў нейкія фенечкі, ды чаго толькі не рабіў! І цяпер думаю, што, напэўна, гэта самы правільны падыход: прыслухоўвацца да дзіцяці, пытацца, чаго яно хоча, кім сябе бачыць. Бо калі дзіця сапраўды марыць чагосьці дасягнуць, яно даб’ецца найлепшых вынікаў, чым з самымі прасунутымі педагогамі», — разважае 22-гадовы спявак.

У родным Брэсце Майкл Соўл, які ўжо прызвычаіўся да артыстычнага жыцця на чамаданах, апошнім часам бывае рэдка, раз на паўгода-год. Але, гаворыць, калі запросяць выступіць, то гатовы хоць заўтра: «Там столькі цудоўных пляцовак — напрыклад, у Цэнтры маладзёжнай творчасці, дзе я доўгі час займаўся. Тым больш публіка ёсць, толькі маіх сваякоў і сяброў чалавек сто набярэцца!». Зрэшты, на найбліжэйшы час планы ў яго ўсё ж больш глабальныя.

— У падлеткавым узросце вы многа ўдзельнічалі ў рэспубліканскіх вакальных конкурсах, але потым вектар рэзка змяніўся. Чаму менавіта Украіна?

— Яшчэ ў дзяцінстве я двойчы атрымаў Гран-пры конкурсу «Юныя таленты Беларусі», удзельнічаў у беларускім адборы на дзіцячае «Еўрабачанне». Потым спрабаваў свае сілы ў расійскіх праектах — быў вопыт удзелу ў шоу «Хачу да Меладзэ», на кастынгу ў расійскі «Голас». Але там мне адмаўлялі, хоць пазней, гледзячы на канкурсантаў, якія трапілі ў праект, я разумеў, што вакальна мацнейшы за іх... Так ці інакш, але з расійскім кірункам не складвалася, а вось Украіна заўжды мяне вабіла і цікавіла, бо ў іх вельмі моцны шоу-бізнес і наогул тэлебачанне, медыя — напрыклад, калі я працаваў у Казахстане, там арыентуюцца менавіта на ўзровень украінскага «Голасу», настолькі якасна гэта зроблена і настолькі моцны фідбэк атрымліваюць яго ўдзельнікі. Мяне ва Украіне цяпер пазнаюць, бяруць аўтографы, хоць я нават не дайшоў да фіналу праекта. Разумееце, там зусім іншае стаўленне да падобных талент-шоу — на ўзроўні і арганізатараў, і ўдзельнікаў, і гледачоў.

— Хутка завяршаецца нацыянальна адбор на «Еўрабачанне», і вы ў шчаслівым дзясятку фіналістаў. Сёлета гледачы не ўдзельнічаюць у выбары пераможцы адбору, так што пераканаць у сваёй «самасці» трэба будзе толькі журы. Чым будзеце ўражваць?

— Шмат каму здаецца, што калі без стразаў, пер’я і феерверкаў — то гэта не шоу. Але ў мяне нічога гэтага не будзе. Затое на экране будзе прыгожая, чароўная карцінка, якая падкрэсліць дэталі, але не будзе замінаць успрымаць песню. Наогул, на мой погляд, любыя дэкарацыі павінны дапамагаць пранікаць у атмасферу выступлення, а не перашкаджаць.

— Раней вы гаварылі ў інтэрв’ю, што «Еўрабачанне» — не самамэта, яго і так было шмат у жыцці. А на справе, атрымліваецца, уваходзіце ў гэту раку ўжо тройчы: спачатку ў складзе хлапечага дуэта «The ЕМ» (2016), потым на бэк-вакале ў «Navіband» (2017) і вось цяпер сольна... Дык усё ж мэта ці дадатковы спосаб раскруткі?

— Гурт — гэта быў, па шчырасці, такі чыста прадзюсарскі ход, і спачатку мы мусілі быць квартэтам з яшчэ дзвюма дзяўчатамі, але зладжаны ансамбль з нас не атрымаўся, і я маліўся, каб мы толькі не выйгралі і нікуды не паехалі — такая вялікая адказнасць для штучна створанага праекта, навошта гэта? Як дуэт мы таксама праіснавалі нядоўга, хоць з Ягорам Шаранковым дагэтуль захоўваем цудоўныя адносіны, але кожны з нас хоча развівацца сольна. Што да выступлення з «Navіband», то не сакрэт, што для любога «дапаможнага» артыста гэта перадусім добры спосаб заробку. Нават пра карысны вопыт у гэтым выпадку гаварыць не выпадае, бо на саму сцэну «Еўрабачання» мы не выйшлі — стаялі пад сцэнай, побач, але ў цені... І сёлета я не браў бы ўдзел у нацыянальным адборы, каб не напісаў песню, з якой не сорамна прадставіць краіну, з якой мне ёсць, што сказаць вялікай аўдыторыі. Бо, на жаль, у нас артысты пераважна пішуць больш ці менш стэрэатыпныя песні для таго, каб выйграць адбор, а не для таго, каб выйграць «Еўрабачанне», а многія крытыкі нават не ўслухоўваюцца ў тэкст, не разумеюць, каму і пра што артыст расказвае. Я ж у сваёй конкурснай песні нясу не толькі эмоцыі, экспрэсію, але і пэўную думку, хачу сказаць пра штосьці вельмі важнае, што ў Еўропе могуць зразумець. Калі «на пальцах», то я звяртаюся да слухачоў з заклікам капнуць крыху глыбей, вярнуць сваю чалавечнасць, бо ў цяперашні няпросты час многія сталі няўважлівыя адзін да аднаго, цынічныя, бяздушныя... Чалавечнасць — тая базавая каштоўнасць, якая зараз у дэфіцыце, і якую кожнаму з нас вельмі важна вярнуць.

— Мяркуеце, «Еўрабачанне» — тая пляцоўка, дзе гэты заклік не згубіцца паміж фрык-шоу і будзе пачуты?

— Насамрэч фрыкі проста больш заўважныя, іх усе бачаць у першую чаргу і таму атаясамліваюць конкурс з імі. Але ж выйграюць не яны! Перамагала Джамала з Украіны з глыбокай, поўнай сэнсу песняй, перамагаў Сальвадор Сабрал з Партугаліі, Марыя Шэрыфавіч з Сербіі, Ларын са Швецыі — мноства таленавітых музыкантаў! І леташняя пераможца Нета з Ізраіля — таксама не фрык, яна стварыла эпатажны вобраз, але ж спявала, і добра спявала, і запаміналася з першых нот. Штогод сярод больш чым сарака ўдзельнікаў ёсць сапраўдныя дыяменты. І калі «Еўрабачанне», за якім я сачу з самага дзяцінства, на сёння з’’яўляецца самым буйным у свеце неспартыўным шоу, на якім можна прадставіць сваю краіну і сваю музыку, то хіба трэба шукаць лепшую пляцоўку. Вось і я хачу прадэманстраваць Еўропе сваю музыку, паказаць, што ў Беларусі яе ўмеюць рабіць — якасную і сучасную.

— Жаданне пахвальнае. Але чаму артыст, які хоча прадставіць сваю краіну на міжнародным узроўні, зноў выбірае для гэтага не беларускую, а англійскую мову?

— Я магу пісаць неблагія беларускія песні, але ці трэба гэта? Ёсць два вельмі важныя моманты. Першы — што я часцей выступаю перад еўрапейскай публікай, для якой родная мова — англійская, а не беларуская. І другі — ці гучу я, як спявак, па-беларуску? Калі б я «гучаў» у шансоне, быў у ім бездакорны, то без ніякіх згрызот сумлення спяваў бы яго. Я з вялікім задавальненнем магу перарабіць на сучасны лад беларускія народныя песні, у каледжы з нашым педагогам Аленай Атрашкевіч было даволі многа такога вопыту. І пазней я сам спрабаваў пісаць па-беларуску, але, на мой погляд, атрымліваецца не тое — штучна, дысгарманічна.

Рабіць штосьці дзеля кан’юнктуры — гэта будзе няшчыра ў дачыненні да слухачоў і да сябе самога. Ёсць «Navіband», якія гэтым жывуць, дыхаюць — і тое, што яны робяць, выдатна і цалкам натуральна. Ёсць беларускамоўныя песні «J:Mopc» — я чуў іх даўным даўно, яшчэ па «Першым музычным» тэлеканале, і захапляўся да глыбіні душы. Але ў мяне свой шлях, абазначаны ў тым ліку сцэнічным імем, няма жадання падабацца ўсім і гучаць з кожнага праса — мне толькі 22 гады, і пакуль на гэта ёсць час і сілы, я хачу знайсці свайго слухача, ствараць тое, за што мне не будзе сорамна ні цяпер, ні пасля.

Гутарыла Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ і з архіва артыста

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.