Вы тут

Вольга Клебановіч: Сіла мая — ад душы гэтай зямлі…


Яркі тэмперамент. Адкрытасць і сіла пачуццяў. Гнуткі розум. Іранічнасць. І, вядома, жаноцкасць. Ды надзвычайны артыстычны дар — так аднойчы я пра яе выказалася.  Але толькі сёння, праз гады зразумела, што ёсць яшчэ якасць, уласцівая гэтай харызматычнай актрысе — душэўнасць.


Гэта той, вобразна кажучы, жыватворны сок, што сілкуе глебу, з якой вырас і працягвае падымацца, падобна магутнаму шматгадоваму дрэву, яе талент. Клебановіч — актрыса, здольная пераўвасабляцца як у жанчын з народа, так і ў ледзі. Вольгу Міхайлаўну, народную артыстку Беларусі, яшчэ і як рэжысёра-пастаноўшчыка добра чуе творчая моладзь. Таму на «ўра» быў прыняты ў Акадэміі мастацтваў пастаўлены ёю дыпломны спектакль «Браты Карамазавы» паводле рамана Фёдара Дастаеўскага. Дарэчы, у маі ён прыме ўдзел у фестывалі студэнцкіх работ у Санкт-Пецярбурзе. А калі вернецца, магчыма, і возьмецца, як ёй раяць, паставіць з акцёрамі роднага тэатра імя Горкага «Братоў Карамазавых».

Для тых, хто не ведае, з задавальненнем нагадаю: Клебановіч — адна з лепшых актрыс сучаснасці, лекарка душ гледачоў — так кажуць пра яе тэатральныя крытыкі старэйшага пакалення. І з тым цяжка не пагадзіцца: творчы дыяпазон актрысы апрыёры вялікі. Сярод шматлікіх, такіх разнастайных роляў Вольгі Клебановіч — а іх за пяцьдзясят гадоў служэння тэатру набралося больш за сотню — цяжка знайсці, як кажуць у тэатры, ролю «прахадную», хадульную. Шэрасць і безаблічнасць — не яе стыхія. Дапускаю, што Вольга можа камусьці не падабацца, але ў адным перакананая: не заўважыць яе і не гаварыць пра яе талент проста немагчыма. Бо, як ужо аднойчы я выказвалася, Вольга Клебановіч — актрыса вялікіх амплітуд. А сёння дадам: яшчэ і адзначаная знакам глыбокай, сказала б, фірменай якасці, што дазваляе ёй заўсёды знайсці кантакт са сваім гледачом. Ці не таму ён разам з ёй радуецца ды плача, смяецца ды сумуе, сустракаючы выхад актрысы на сцэну апладысментамі.

У яе так многа прыхільнікаў! Калі хочаце атрымаць магчымасць перажыць і радасць, і гора, пасмяяцца ад душы, нават скрозь слёзы, ідзіце на спектаклі з яе ўдзелам: Вольга Клебановіч усё гэта шчодра вам падасць — так я пісала пра яе з нагоды бенефіснага спектакля «Круг любові» Самерсэта Маэма. І тады ж задавалася пытаннем, на якое так і не змагла адказаць: адкуль у Вольгі такі дар? Паўтаруся: ён вырастае з яе душэўнасці.

Што ёсць душэўнасць? Дакладнае вызначэнне знайсці цяжка. Дабрыня, сардэчнасць, дружалюбнасць?.. Шмат яшчэ сінонімаў можна адшукаць, думаючы пра душэўнасць. Калі здарылася азарэнне, што гэта — галоўная якасць маёй гераіні, стрыжань натуры, то з’явілася жаданне самой асвя­жыць разуменне, што ж гэта азначае. І, як здараецца ў век інтэрнэту, ён і дапамог сфармуляваць тое, што адчувалася. Душэўнасць, цытую, звязаная з такімі ўласцівасцямі, якія процілеглыя сухасці, холаду, жорсткасці. Гэта свайго роду цёплая вільготнасць, цякучасць унутранага складу чалавека; яго адкры­тасць душы іншага, гатоўнасць убіраць яе стан і дзяліцца сваім. Душэўны чалавек цячэ, пераліваецца ў іншых людзей. Ён няроўны сабе, ён калышацца як хваля ці полымя, яго то больш, то менш. Памежную лінію вакол яго цяжка правесці, яна абмываецца прылівам – адлівам. Яго душы не ся­дзіцца на месцы… Душэўнасць праяўляецца звонку як сімпатыя, здольнасць суперажываць іншым людзям, прымаць блізка й сэрца іх беды ды радасці, давяраць ім свае. А ўнутрана — як лірызм, здольнасць злівацца з навакольным — прыродай або мастацтвам, выхо­дзіць за межы свайго «я», за межы месца і часу… Душэў­насць — гэта рухомасць унутранага жыцця, якая не ставіць перашкоды паміж сваім і чужым, паміж «я» і светам, якая схільная адцягвацца ад справы, ад істоты, ад паняцця, ад праўды й карысці, расплывацца вакол ды каля нейкім шчодрым мазком, вольнаю хваляй, паветраным воблакам.

Вось так прыгожа пра душэўнасць расказаў нам невядомы аўтар. І я не магу з ім не пагадзіцца, разважаючы пра душэўнасць Вольгі Клебановіч — асноўны стрыжань, як ужо казала, выдатнай актрысы. З душэўнасці, паўтаруся, і талент яе.

А душэўнасць адкуль? — спрабую дапытацца ў суразмоўніцы. У такіх выпадках гавораць: такі ўрадзіўся, ці ўра­дзілася. А Вольга мне адказала: «Ад душы той зямлі, якая да Неба цягнецца. І сіла мая адтуль…».

Вольга — з тых людзей, якія лю­бяць жыццё настолькі, што заўважаюць у ім усё навокал. Ведаючы яе, можна сказаць: яна нібы патыліцай, спіной бачыць усё, што адбываецца побач. Людзей, якія праходзяць, іх міміку, жэсты, хаду…

Вольга Клебановіч — графіня Хлёстава («Гора ад розуму» А. Грыбаедава)

Неяк яна прызналася мне, што, назіраючы шчасце чужой сям’і, скажам, якая сядзіць побач на лаўцы ў парку, здольная акунуцца ў хвалі шчасця, якое адчуваюць людзі, маючы зносіны адзін з адным. Што гэта? Экстрасэнсорыка? Хутчэй, інтуіцыя. А яшчэ — частка прафесіі. Таму з жыцця Вольга бярэ ўсё, што можа спатрэбіцца на сцэне. «Ва ўсё, — казала не раз, — мне трэба ўсунуць свой нос, панюхаць, адчуць дотык да чалавека, прадмета, жывёлы — і абавязкова захапіцца. І запомніць гэты стан, каб паглыбіцца ў яго ў працы над роляй. Толькі тады глядач мне паверыць. І, як ні парадаксальна гучыць, па-за тэатрам я забываю пра яго, каб існаваць у тым стане яшчэ паўней».

І вось яшчэ чым яна са мной па­дзялілася. Спадзяюся і чытачу будуць цікавымі гэтыя думкі.

✴ Я і ў дзяцінстве была назі­ральная. І вельмі скрупулёзная ў сваёй назіральнасці. Такія дробязі прыкмячала, што нават сама сабе дзівілася. Вось, скажам, сёння ў сабакі няма настрою, і птушкі не цвыркаюць, і Грэск не выглядае так, як было ўчора…Мястэчка Грэск, што пад Слуцкам, дзе я расла ў бабулі й дзядулі (па мамінай лініі) аж да 8‑га класа, у маім сэрцы жыве і па сённяшні дзень. Баць­кі не стала пад час вайны, а мама тады падымала Мінск з руін. Калі ў мяне пытаюцца, што больш за ўсё запомнілася з тае пары, я адказваю: жыццё наросхрыст, жыццё басанож… А гэта значыць — з адкрытасцю пачуццяў, расхінутасцю сэрца. Бо я — дзіця лугоў, палеткаў і рэк. А што як не прырода спрыяе яго абу­джэнню! І памяць пра тое месца, дзе ты быў, калі адчуў рух душы, да канца маіх дзён будзе жыць ува мне. Там я ўдыхала водары разнатраўя, на кані ездзіла ў начное, на лыжах уцякала ад ваўкоў… Гэтая памяць напаўняе мяне цяплом, сагравае ў хвіліны душэўнага холаду. Ён жа таксама здараецца. І тады я ў думках адпраўляюся ў Грэск. Успамінаю, як на партфелі з’язджала з гары, як са стрыечнай сястрой праз плыткую рэчку ў школу бегалі ўброд. Аднойчы, калі вясной рака разлілася, і мы чагосьці не ўлічылі, перахо­дзячы яе, заявіліся да хаты ў мокрых кажухах…

✴ Малую радзіму забыць немагчыма, я звязаная з ёй пажыццёва крэўна. І хай сёння Грэск зусім іншы, але ж энергія зямлі, якая сілкавала мяне, засталася. І дастаткова накіраваць у родныя мясціны думку, як свядомасць туды трапляе, і я саграваюся цяплом успамінаў.

У грымёрцы перад выхадам на сцэну

✴ Я рамантык, летуценнік. Адкуль гэта ўва мне? Ды ўсё адтуль жа! Ад энергіі зямлі, якая да Неба цягнецца. Мне заўсёды здавалася, што і я цягнуся туды разам з зямлёй. Таму з ранніх гадоў жыву з адчуваннем палёту ў жыцці. І ўвесь час яго прадчуваю. У дзяцінстве хацела стаць лётчыцай…

✴ Малая радзіма — гэта і босыя ногі ў цёплым пяску, сяброўкі, з якімі смяешся на прызбе, хрумкаеш яблыкамі, альбо ўплятаеш лусту пахучага хлеба, выпечанага ў печы бабуляй. Малая радзіма — гэта і квітнеючыя сады, і птушкі з іх вясновымі пошчакамі, і зорнае неба, да якога, здавалася, можна рукой дацягнуцца… І моцны сон, у які правальваешся імгненна, нягле­дзячы на гарачае жаданне не спаць, каб ўсю ноч слухаць салаўёў. І марыла я ў дзяцінстве, што жыццё — гэта чароўная казка з абавязковым хэпі-эндам…

✴Там, дзе мая малая радзіма, і знак, як кажуць, мне быў. Толькі я гэта праз гады зразумела, калі да мяне, як да актрысы, прыйшоў поспех. У момант авацый гледачоў пасля паспяховага спектакля я на імгненне адчула, як прыўздымаюся над падмосткамі сцэны. І тады ўспомніла, што ўжо ведаю такі стан палёту. Гэта незабыўнае!

✴ На зямлі маёй малой радзімы я перажыла містычныя пачуцці. Гэта быў сон i не сон адначасова. Яго можна назваць станам, папярэднім сну. Грэск, гарачы летні дзень, на лузе непадалёк ад нівы з жытам каровы пасуцца… Мне гадоў 14–15. Прысела на краі нівы ды не заўважыла, як задрамала. Але адчуванне жыцця побач не пакідала: гулі пчолы, цвыркалі конікі, спявалі жаўрукі ды кнігаўкі. Частка маёй свядомасці не спала. І раптам бачу, як на мяне з неба падае велізарная зорка, яна ззяе ды пераліваецца жоўтым колерам. Ну, усё, згару, падумала я, але страху не было: думка паўстала мімалётная. Адчула, як блакітна-залатыя промні гэтай зоркі мяне ахутваюць, абмыва­юць, а потым невядомая сіла прыўздымае ўвысь над зямлёй. Вакол — ззянне, і я адчуваю велізарнае, ні з чым не параўнальнае шчасце. Што гэта было? Бласлаўленне Нябёсаў на будучую прафесію, знак? Цяжка сказаць. Але ў юнацтве я, акрамя таго, што хацела стаць хірургам, раптам стала думаць пра тое, што буду артысткай…

Запамінальны дуэт Вольгі Клебановіч (Клодзія) і Бэлы Масумян (Чэрыл) у спектаклі «Знойныя мамачкі»

✴ Нядаўна запісвалася на радыё. Спявала беларускія песні ды распавядала пра сваю малую радзіму. І нібы там пабывала. Пасля запісу да вечара адчувала велізарны прыліў сіл. Вось што такое нават успаміны пра яе. У сувязі з гэтым скажу: мінулае нікуды не знікае. Яно, як у банку дадзеных, існуе ў велізарным энергаінфармацыйным полі. І варта толькі накіраваць сваю свядомасць туды, куды табе трэба, і ты ўжо там.

✴ На жаль, мне не ўдалося ў мінулым годзе пабываць на малой радзіме, калі Грэская сярэдняя школа адзначала свой 155‑гадовы юбілей. Якраз у той дзень я іграла спектакль, таму не змагла паехаць на свята. Школу мне, вядома ж, успамінаць прыемна. Вясёлы, цікавы быў час — выдатная магчымасць задаволіць сваю нястрымную дапытлівасць. Памятаю, як звалі першую настаўніцу: Вера Яўменаўна Плешка. Чамусьці яе імя па бацьку, вытворнае ад беларускага — Яўмен, мне падавалася такім незвычайным, не падобным да простых, кшталту, Сяргееўна, Іванаўна, Пятроўна, ледзь не іншапланетным.

✴ Мне прыемна, што ў школе мяне памятаюць, мной ганарацца. Сярод здымкаў вядомых людзей, якія там вучыліся, на стэндзе ёсць і мой фотаздымак.

✴ Народныя песні ведаю, і многія выконваю з нагоды. Вось як на радыё прыйшлося. А спяваю з дзяцінства. Як казалі родныя, дзядуля з бабуляй, суседзі, настаўнікі: добра спяваю, і прадказвалі мне кар’еру салісткі, раячы паступаць у кансерваторыю. Але я пайшла на акцёрскае аддзяленне тэатральна-мастацкага інстытута. Сёння гэта Акадэмія мастацтваў, у якой я выкладаю акцёрскае майстэрства.

✴ У песні, у тым ліку ў народнай, мне падабаецца, калі ёсць магчымасць перадаць унутраны драматызм словам. Таму люблю слухаць, як спяваюць драматычныя акцёры. І сама, калі спяваю, імкнуся яго перадаць, так што атрымліваецца своеасаблівая навэла ў вакале.

✴ Мне добра знаёмыя характары простых беларусак. Я назірала іх у дзяцінстве, жывучы ў Грэску. Можа быць таму мне ўдаліся ролі жанчын з народа. Гэта і Марыля ў спектаклі «Раскіданае гняздо» Янкі Купалы, і Жанчына ў «Вяртанні ў Хатынь» Алеся Адамовіча, і Сцепаніда ў «Знаку бяды» Васіля Быкава. Гэта вехі маёй творчасці. Дарэчы, для беларускіх жанчын характэрная душэўнасць. Яна выяўляецца ва ўменні слухаць і чуць іншага чалавека, не выяўляць актыўнасць, іншымі словамі — не нападаць на суразмоўцу. У іх унутры вяршыцца жыццё, а вонкава яны могуць быць стрыманымі, могуць падацца нават абыякавымі. Але гэта толькі на першы погляд.

Народныя артысты Беларусі Вольга Клебановіч і Аляксандр Ткачонак — лэдзі Кэтрын і лорд Портэс у спектаклі «Кола любові» Самерсэта Маэма

✴ Пару раз у працы ў мяне было такое глыбокае пранікненне ў характар, што нават стала страшна. Я сябе нават з боку ўбачыла. Я была не я… Гэта не тыя эмоцыі, калі апускаешся ў наркоз пачуццяў — гэта іншы стан, ён над рэальнасцю. Я пераўтварылася ў іншага чалавека. На велізарным сваім творчым шляху, прызнаюся, толькі двойчы я дакранулася да паняцця пераўвасаблення. Гэта сапраўды нешта містычнае.

✴ Я прыхільніца акцёрскай школы перажыванняў. Глыбока перакананая, што настрой, унутраны біярытм гераіні або героя трэба перадаваць нават у далонях рук, у скрыжаваных пальцах, альбо нават у нахіле галавы. Хто ведае працы такіх бліскучых акцёраў з сусветнымі імёнамі, як Ані Жырардо, Мэрыл Стрып, Аль Пачына, Джэк Нікалсан, той зразумее, пра што я кажу. Зрэшты, далёка хадзіць не трэба: ёсць, былі расійскія акцёры Алег Янкоўскі, Барыс Няўзораў, Сяргей Гармаш… І нашы родныя — Аляксандра Клімава, Генадзь Аўсяннікаў…

✴ Ніколі не забуду, як здымалася ў двух фільмах Валерыя Тадароўскага. Сыграла вялікі эпізод у яго карціне «Палюбоўнік» і ў кінастужцы «Адліга» ролю другога плана. Зносіцца з такім рэжысёрам і акцёрамі як Алег Янкоўскі, Сяргей Гармаш і правесці з імі час на здымках было для мяне вялікім задавальненнем. У беларускім кіно таксама здымалася ў некалькіх фільмах. Нядаўна выйшаў на тэле­экраны серыял «Акварэлі». Там я сыграла маці бізнесвумэн, гэта работа была цікавая.

✴ Калі пачалося серыяльнае стагоддзе, я сказала сабе: не, гэта не для мяне. Але сяброўка, актрыса Аксана Лясная сілай захапіла мяне на нейкі кастынг. Прыйшла, прачытала тэкст, і мяне зацвердзілі. І пайшло-паехала… За апошнія гады серыялаў у мяне шмат было… Штосьці падабаецца, штосьці не. Мяне адразу палюбілі бабулі ў двары, яны са мной вітаюцца як з добрай знаёмай. Але слава прыйшла, калі я знялася ў рэкламе «Пяльмені бабулі Ані», яна была паўсюль на гарадскіх банэрах. Ды галоўная мая любоў была і застаецца адна. І гэта тэатр.

✴ Не згодна з меркаваннем: серыялы псуюць акцёраў. Па-мойму, галоўнае ў тым, ці здолеў рэжысёр іх раскрыць.

✴ Я — за партнёрства, суаўтарства, калі працую з рэжысёрам. Мне важна, каб ён чуў тое, што прапаную я, чуў маю інтанацыю. Не прымаю, калі рэжысёр навязвае мне чужую, ужо раней ім камусьці прапанаваную. Такі падыход я называю «сэканд-хэндам» у творчасці.

✴ Спрабуючы зразумець характар, мы, акцёры, можам прыблізна толькі адчу­ваць розных людзей. А ролі лепіш са сваіх клетак. Таму пасля спектакля патрэбны час, каб выйсці з віртуальнага свету, у якім знаходзіўся на сцэне. Іншымі словамі: астыць.

Вольга Клебановіч (Ханума) і Аляксандр Вергуноў (Князь) у спектаклі «Хітрыкі Ханумы»

✴ З дзіцячых гадоў люблю лю­дзей, старэйшых за мяне. У Грэску мне падабалася слухаць, як зносяцца паміж сабой старыя. Калі пераехала ў Мінск, маёй шчырай сяброўкай была мама. Ад яе я навучылася слухаць і чуць людзей. Калі прыйшла ў тэатр, пасябравала з Аляксандрай Іванаўнай Клімавай. І потым мне падабалася сябраваць з дасведчанымі артысткамі, якія былі старэйшыя за мяне. Іх мудрасць прыцягвала, як магніт. Магчыма сялянскія гены арыентавалі мяне на такія зносіны. Бо я дзяўчына з народа. І добра ведаю: мудрасць пажылых людзей — бясцэнны скарб. Гэта ра­зумеюць тыя, хто хоча ў жыцці развівацца. І вучыцца на чужым досведзе. А разумны душэўны чалавек і ў старасці не ачарсцвее. Таму й маладым людзям ён будзе цікавы.

✴ Люблю нашу сучасную моладзь. Яна разумная, імклівая, хоча шмат паспець. Вядома, ёсць выключэнні з правілаў. Я выкладаю акцёрскае майстэрства будучым рэжысёрам. Для дзяржаўнага іспыту ўзяла «Братоў Карамазавых». Так, складаная рэч. Але я мела на мэце, каб яны пранік­ліся глыбінёй акцёрскай прафесіі. Каб ў будучыні ведалі, як паводзіць сябе з акцёрамі, жадаючы дамагчыся патрэбнага выніку. І да якой высновы я прыйшла? Студэнты разумеюць філасофію Дастаеўскага, складаныя пытанні. Псіхалогія адносін паміж людзьмі іх хвалюе не менш, чым гэта было ўласціва папярэднім пакаленням. Пасля паказу спектакля ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў на малой сцэне, куды запрашаліся ўсе ахвочыя, многія адзначалі: класіка не састарэла, сёння як ніколі ў нашым свеце вар’яцкіх рытмаў, месэнджэрыў неабходнае «амавенне класікай». І я веру: мае выхаванцы зробяць свой унёсак у тэатральнае жыццё краіны. Паглядзім, што пра нас скажуць у Санкт-Пецярбурзе на фестывалі.

✴ Магчыма, і сапраўды нашы здольнасці прама прапарцыйныя душэўнасці. А дзе яе месца, хто дакладна ведае? Мне ў гэтай сувязі падабаецца выказванне нямецкага філосафа-рамантыка, паэта містычнага светаадчування Фрыдрыха фон Гардэнберга Наваліса. Паводле яго словаў, месца душы там, дзе судакранаюцца знешні ды ўнутраны свет, дзе яны пранікаюць як сябар у сябра. Яно — ў кожным пункце іх пранікнення. У гэтым сэнсе мая малая радзіма для мяне і з’яўляецца гэтым пунктам.

Валянціна Ждановіч

Друкуецца ў часопісе "Беларусь.Belarus".

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».