Вы тут

Як працуе камісія па працаўладкаванні ў праблемным раёне


У лютым беспрацоўныя грамадзяне, якія павінны будуць аплачваць гарачую ваду па стапрацэнтным тарыфе, атрымалі жыроўкі з папярэджаннем. На тое, каб пацвердзіць сваю занятасць ці цяжкую жыццёвую сітуацыю, ім далі дадатковы час — да пачатку сакавіка. Ці шмат зваротаў было наконт «камуналкі»? Каго выключылі з базы? Ці ўдалося каму падабраць работу? Мы паглядзелі, як у гэтыя дні працуе камісія па садзейнічанні занятасці ў адным з праблемных раёнаў — Вілейскім. Два гады запар ён трапляе ў спіс тэрыторый з напружанай сітуацыяй на рынку працы.


Камісію ўзначальвае старшыня раённага Савета дэпутатаў Алена ЧЭБАТАР.

«Жыву з мамай, яна дапамагае»

Камісія ў раёне збіраецца двойчы на месяц. Усе беспрацоўныя, што прыйшлі на сённяшняе пасяджэнне, — маладыя мужчыны.

Вясковец Андрэй апошнія месяцы «маяўся па халтурах». «У мяне дзеці ёсць, аліменты вісяць», — коратка кажа пра сябе. Афіцыйнае месца работы ў яго вось-вось павінна з'явіцца: на адным з прадпрыемстваў праз тыдзень звальняецца вальшчык лесу, патрэбна будзе замена, а ў Андрэя якраз ёсць адпаведны вопыт.

— Даўно не працуеце? — пытаецца камісія.

— Нават не магу сказаць...

— А жывяце дзе?

— У мяне дом ёсць, але ён гарэў, у дрэнным стане, даводзіцца ў сяброў начаваць. Мне б пытанне з жыллём вырашыць.

— З гэтым абяцаем дапамагчы, як толькі працаўладкуецеся.

У гараджаніна Дзяніса работы няма з лета. Да гэтага ён быў гальванікам на заводзе «Зеніт», але сышоў, бо не задавольваў заробак: па словах хлопца, разам з прэміяй выходзіла ўсяго 400 рублёў.

— Там шкодныя ўмовы на вытворчасці. У 24 гады за такія грошы мала хто пагодзіцца працаваць. Цяпер жыву з мамай, яна дапамагае.

Дзяніс спрабаваў уладкавацца. Прайшоў па чатырох прадпрыемствах — усюды адмовілі. «Судзімасць ёсць, таму не хочуць браць», — тлумачыць.

Камісія прапануе хлопцу вярнуцца на «Зеніт».

— За паўгода, што вы там не працуеце, сітуацыя магла змяніцца. Вось жанчына адтуль нядаўна прыносіла даведку, там заробак 800 рублёў быў указаны.

Такі варыянт Дзянісу не падабаецца. У выніку яму выдаюць накіраванне на Вілейскі рамонтны завод — можа, там усё складзецца.

Апошні мужчына, які звярнуўся ў камісію, прызнаецца, што ніякай спецыяльнасці ў яго няма: вучыўся некалі на акцёра, але так і не скончыў. Працаваў шмат кім: і адміністратарам, і загадчыкам крамы, і грузчыкам.

— А барменам не хочаце пайсці? — гартае камісія спіс вакансій у раёне.

— Вой, не. Хацелася б знайсці штосьці звязанае з будаўніцтвам.

Праўда, як аказалася, накіраванне на такую работу мужчыну выдавалі. Ён туды пакуль не спяшаецца. «Вакансія ў вёсцы, а хацелася б штосьці бліжэй», — уздыхае.

Каго вызвалілі ад поўнай аплаты «камуналкі»?

За год, што працуе камісія, у яе звярнуліся 106 жыхароў раёна. Тры чвэрці з іх — асацыяльныя асобы. 34 чалавекі ўдалося ўладкаваць на работу.

Цяпер задачай нумар адзін было адпрацаваць базу не занятых у эканоміцы, а менавіта тых, каму давядзецца аплачваць па стапрацэнтным тарыфе гарачую ваду. Першапачатковы спіс пасля ўдакладнення скараціўся: туды памылкова трапілі некаторыя пенсіянеры, студэнты, вайскоўцы. Хтосьці пацвердзіў, што працуе за мяжой. Хоць былі і тыя, хто палічыў, што танней заплаціць за ваду па поўнай, чым перакладаць дакументы.

— Мы хадзілі па дамах патэнцыйных плацельшчыкаў, з кожным спрабавалі сустрэцца ці стэлефанавацца, — каментуе старшыня раённага Савета дэпутатаў Алена ЧЭБАТАР, якая ўзначальвае камісію.

Яна згадвае, што было тры выпадкі, калі людзей вызвалілі ад аплаты «камуналкі» па тарыфах для незанятых у сувязі з цяжкай жыццёвай сітуацыяй. У аднаго мужчыны жонка хварэе на анкалогію, і ён ездзіў працаваць у Польшчу, каб купіць лекі. Другі трапіў у рэанімацыю. У трэцім выпадку аб паслабленні прасіла жанчына, чый муж — уласнік кватэры —
20 гадоў як з'ехаў, ды так і не вярнуўся, а развесціся і выпісацца з кватэры гатовы, толькі калі яна заплаціць яму 20 тысяч долараў.

— Не толькі на пасяджэнні звяртаюцца, прыходзяць і ў іншыя дні, звоняць, — заўважае Алена Чэбатар. — Некаторыя просяць знайсці ім больш высокааплатную работу ў іх сельсавеце. Мы прапануем: ёсць пустыя будынкі, вазьміце адкрыйце там сваю справу, першапачатковую бюджэтную дапамогу вам дадуць. Адразу знаходзіцца тысяча адгаворак.

Дэпутат лічыць, што часам, каб знайсці работу, людзям не хапае жадання.

— Прыходзіць неяк мужчына без пэўнага месца жыхарства. «Мне працаваць няма дзе», — заяўляе. Мы знайшлі яму варыянт — дровы калоць. Потым даведаліся, што ён так і не дайшоў — яго забралі на суткі.

У складзе камісіі 18 чалавек. Гэта прадстаўнікі розных сфер: сацыяльнай галіны, ЖКГ, эканомікі, падатковых органаў, прафсаюза, МНС, дэпутаты розных узроўняў.

«Звольненых на 20 працэнтаў больш, чым прынятых»

Праблема з пошукам работы для Вілейкі не новая. Яшчэ ў 2006 годзе раён быў аднесены да тэрыторый з устойліва высокім узроўнем беспрацоўя.

— Летась у нас звольненых было на 20 працэнтаў больш, чым прынятых на работу. Закрыўся, напрыклад, анкадыспансер, а гэта мінус 50 рабочых месцаў. Многія ездзяць на заробкі ў іншыя рэгіёны — у Маладзечна, Бараўляны. Мы ўжо два разы праводзілі кірмаш вакансій для прадпрыемства «Кранаспан», якое знаходзіцца ў Смаргонскім раёне, — апісвае сітуацыю намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Вілейскага райвыканкама Таццяна ЦІТУЛЕНКА.

Таццяна Цітуленка: "З колькасці беспрацоўных 30-35% хацелі б працаваць вартаўнікамі".

Некалі горадаўтваральным прадпрыемствам быў «Зеніт», дзе шчыравала каля сямі тысяч чалавек. Зараз у калектыве менш за тысячу работнікаў. Чалавек 500 працуе на заводзе «Буддэталі», каля 200 — на мэблевай фабрыцы, яшчэ столькі ж — на хлебазаводзе.

— На маю думку, у такім горадзе, як Вілейка, павінна быць шмат невялікіх прадпрыемстваў. Бо, калі нешта здараецца з буйным заводам, людзям няма куды падзецца, — лічыць спецыяліст.

Цяпер у рэгіёне адкрыта амаль 300 вакансій. Не хапае ўрачоў, кіруючых работнікаў у сельскую гаспадарку, ветэрынарных урачоў, заатэхнікаў.

— У асноўным патрэбны кваліфікаваныя спецыялісты. А з колькасці беспрацоўных 30—35 працэнтаў не маюць «паслужнога спіса» і хацелі б працаваць вартаўнікамі, бо ў іх разуменні гэта лёгкая работа, — дзеліцца Таццяна Цітуленка. І ўспамінае, як сама некалі была ў ліку беспрацоўных: — Я сюды з Гомельскай вобласці перасялілася, з-за радыяцыі. Калі шукала работу, абсалютна нікога ў горадзе не ведала. Ішла па вуліцы і зазірала туды, дзе бачыла шыльды «хлебазавод», «цырульня», і пакуль даходзіла ад інтэрната да другога канца горада, знаходзіла сабе дзве вакансіі. Так, усякія бываюць амбіцыі і заробкі, але тое, што тут наогул нельга знайсці работу, — няпраўда.

Дарэчы, пра заробкі. Часцей за ўсё ў вакансіях сустракаюцца лічбы 400—500 рублёў. Зрэдку можна ўбачыць 700—900: столькі, напрыклад, гатовы плаціць трактарысту, міліцыянеру-кіроўцу, інспектару ДАІ, правізару.

— Як правіла, наймальнік прапісвае мінімальны заробак згодна са штатным раскладам. А потым да яго налічваюцца надбаўкі, прэміі. Хацелася б, вядома, больш. Лічу, для нашага рэгіёна 600—800 рублёў — гэта добры заробак.

Калі гаварыць пра новыя вытворчасці, то ў горадзе чакаюць, што праз тры месяцы тут запусцяць цэх «Элемы». Ужо праводзілі кірмаш вакансій для фабрыкі. Думалі, мала людзей звернецца, бо нядаўна былі рабочыя месцы для швачак, і яны доўга не запаўняліся. Але на сёння ёсць ужо 50 чалавек, якія гатовыя працаваць у новым цэху.

— Хацелася б, каб інвестары прыходзілі да нас: тут ёсць пляцоўкі. Плюс добрае месцазнаходжанне адносна Мінска: сто кіламетраў увогуле не адлегласць. Ведаю, што многія гараджане, якія з'ехалі працаваць у сталіцу, гатовы сюды вярнуцца, бо палову заробку там аддаюць на кватэру, — дадае Таццяна Цітуленка.

Спецыяліст разважае, што трэба выкарыстоўваць турыстычны патэнцыял: гэта перспектыўная галіна для развіцця рэгіёна і стварэння новых рабочых месцаў. Як прыклад — два гады таму прыдумалі фестываль «Юшка-фэст» на беразе Вілейскага вадасховішча. Старшыня выканкама тады вельмі хваляваўся, што людзі не паедуць. Разлічвалі, што на свяце будзе чалавек 500 — а сабралася тысяч пяць.

— На жаль, не хапае тых, у каго ёсць прадпрымальніцкая жылка, — бядуе намеснік начальніка ўпраўлення. — Ну так выхоўвалі нас: раней было нямодна, нават зневажальна сваім бізнесам займацца, вось за станком стаяць — іншая справа. Таму трэба пачынаць працаваць са школьнікамі, заахвочваць праяўляць ініцыятыву з малых гадоў.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Вілейскі раён

Загаловак у газеце: «Хадзілі па дамах патэнцыйных плацельшчыкаў»

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

Ці так небяспечны парашутны спорт, як здаецца на першы погляд?

Грамадства

Дзе знаходзяць падтрымку бацькі асаблівых малых?

Дзе знаходзяць падтрымку бацькі асаблівых малых?

Стаялі ў калідоры і ўспаміналі першыя крокі ў выхаванні сваіх асаблівых дзетак.

Культура

«Калі чалавецтва зноў паставіць перад сабой высокія пытанні, яно мяне ўспомніць»

«Калі чалавецтва зноў паставіць перад сабой высокія пытанні, яно мяне ўспомніць»

Пагутарылі з дачкой вядомага ўраджэнца Віцебска Лазара Хідэкеля.