Вы тут

У Гродзенскім раёне заняліся вырошчваннем ягад годжы


Пробны гектар заморскага кустарніка высадзіў філіял «Парачанка» Гродзенскага мясакамбіната. Паколькі ў Беларусі прамысловым вырошчваннем ніхто не займаўся, ягадная культура павінна прайсці сертыфікацыю.


Аб цуда-ягадах ведаюць многія. Зоркі шоу-бізнесу рэкламуюць іх як сродак для пахудзення. І сапраўды, маюць мноства карысных рэчываў. У першую чаргу — вітаміны і мінералы.

Ягады годжы — гэта плады кустарніка дзераза звычайная. Іх яшчэ называюць воўчымі, але яны неядавітыя. Распаўсюджана расліна ў Кітаі. Але культывуюць яе і ў Еўропе.

Кустоўе балгарскай селекцыі гродзенцы закупілі ў Польшчы. Пакуль пасадзілі доследны ўчастак плошчай адзін гектар. Пасля таго як атрымаюць сертыфікат, памеры пашыраць.

— Ідэя заняцца вырошчваннем ягад годжы прыйшла пасля наведвання плантацыі ў польскім Кракаве, — расказвае дырэктар філіяла «Парачанка» Анатоль Кужалінаў. — Кліматычныя ўмовы ў нас аднолькавыя, а рэнтабельнасць культуры высокая. Кошт годжы оптам у сырым выглядзе дасягае пяці долараў за кілаграм, у замарожаным — сямі.

Па словах дырэктара, палякі гатовы купляць ягады ў замарожаным стане. У іх ёсць спецыяльныя тэхналогіі для атрымання высушанай сыравіны. У такім стане ягады ідуць на рэалізацыю ў аптэчную сетку з пэўнымі рэкамендацыямі па выкарыстанні. Усе працэсы ліцэнзаваны.

Але гэта пакуль перспектывы. Зараз у гродзенскіх аграрыяў стаіць задача — максімальна захаваць саджанцы, якія былі высаджаны мінулай вясной. За станам зімоўкі і вегетацыяй сочыць аграном гаспадаркі. Для росту раслін патрэбны пэўныя ўмовы — нейтральная глеба і арганічныя ўгнаенні. За год можна зняць да сямі ўраджаяў, бо кустарнікі пладаносяць са жніўня да маразоў.

Што датычыцца ўжывання, ягады годжы можна заліваць кіпнем і настойваць некалькі хвілін, дабаўляць у гарбату альбо проста есці ў сухім выглядзе. Таксама іх выкарыстоўваюць у якасці дабаўкі да салатаў, кладуць у суп альбо кашу, напрыклад у аўсяныя шматкі на сняданак.

Маргарыта Ушкевіч

Загаловак у газеце: Фітнес-ягады на калгасных палетках

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.